Еўрабачанне 2024: пра што спявае і скандаліць Еўропа

 Хлопец, што спявае, як прадаў карову, артыстка, якая выступала ў Крыме, музыка, які крытыкуе еўрапейцаў — хто пераможа на «Еўрабачанні 2024»?

eurovision_2024_stage.jpg

Сёння стартуе конкурс песні «Еўрабачанне 2024» — штогадовая падзея, якая прываблівае людзей з усяго свету: фанаты пільна сочаць за конкурсам, ставяць стаўкі і разбіраюцца ў скандалах. І, канешне, падтрымліваюць упадабаных артыстаў і заўзеюць за сваіх.

Мы паслухалі ўсе 38 песень удзельнікаў «Еўрабачання 2024», прааналізавалі першыя дзесяць трэкаў па рэйтынгу букмекераў і параўналі свае ўражанні з іх ацэнкамі.

10 месца

Брытанія адправіла на «Еўрабачанне» Olly Alexander з песняй «Dizzy». Лёгкая поп-песня пра стасункі і каханне. 

У маім дзяцінстве руская папса была бязлітасная, таму што я не выбірала яе слухаць, але мусіла. Таму я маю асацыяцыю з гэтым трэкам — мелодыя і тэмбр артыста нагадалі адразу ўсе песні Андрэя Губіна. І цяпер расслухаць гэта немагчыма.

Песня не зачапіла, магчыма, будзе яскравы нумар, які зможа дапоўніць уражанне, якога пакуль амаль няма.p

9 месца

Грэцыя выбрала для выступу на конкурсе артыстку Marina Satti з песняй «ZARI». Словазлучэнне, якое трапна акрэслівае жанр песні, — «грэчаскі R'n'B» — тут прысутнічаюць сакавітыя біты і нацыянальныя музычныя матывы. І песня, як не дзіўна, пра каханне. 

Я б ацаніла гэтую песню вышэй за дзявятае месца, якое ёй прарочаць букмекеры.

8 месца

Ізраіль у 2024 прадстаўляе Eden Golan з песняй «Hurricane». З артысткай звязаны некалькі скандалаў: спачатку яе ўдзел у «Еўрабачанні» выклікаў нязгоду ва ўкраінцаў: артыстка доўгі час жыла ў Расіі і выступала ва акупаваным Крыме. Але гэта яшчэ не ўсё: два варыянты яе песні, пададзеныя на конкурс, былі адхіленыя Еўрапейскім вяшчальным саюзам (EBU), таму што мелі палітычны характар. З трэцяга разу Eden Golan дапусцілі на конкурс. 

Яна атрымала некалькі паведамленняў з пагрозамі, але вырашыла ўдзельнічаць у конкурсе. Многія палесцінскія актывісты заклікаюць еўрапейцаў байкатаваць сёлетні конкурс, бо там удзельнічае прадстаўніца Ізраілю.

А «Hurricane» — прыгожая, якасная зробленая поп-песня фармату «Еўрабачання», якая пра ўсё і ні аб чым адначасова: як цяжка жыць, як трэба верыць і спадзявацца, а кожны падстаўляе пад словы тое, што яму трэба.

Хутчэй за ўсё, з-за шлейфу скандалаў Eden Golan не падымецца вышэй за восьмае месца, на якое яе паставілі букмекеры.

7 месца

Францыя вырашыла не рызыкаваць у гэтым годзе і адправіла на «Еўрабачанне» моцнага вакаліста з прыгожай песняй пра каханне — Slimane «Mon Amour». Як бы не хацелася гэтага прызнаваць, але стабільная поп-класіка працуе — ад песні бягуць мурашы па скуры. Яшчэ атмасферы дадаюць арабскія нюансы ў вакале — музыка мае алжырскія карані. Увогуле, тактыка французаў на конкурсе наступная: абіраць самыя папулярныя словы з французскай мовы, якія ведае большасць еўрапейцаў, і стварыць з іх песню. У 2021 годзе Barbara Pravi заняла другое месца з песняй «Voilà». Паглядзім, якое месца зойме Slimane — па меркаванню букмекераў ён стане сёмым.

6 месца

Нідэрланды высунулі на конкурс Joost Klein з песней «Europapa». Песня і артыст даволі эксцэнтрычныя, па жанры — калі ўзяць крыху ад O-zone, дадаць кропельку Little Big і зверху пасыпаць Stromae (які, дарэчы, згадваецца ў трэку). Спачатку мне падалося, што ў песні ёсць сацыяльна-палітычны падтэкст, быццам музыка вінаваціць Еўропу і еўрапейцаў у абыякавасці пры наяўнасці вялікай колькасці прывілеяў, і робіць гэта сатырычна (асабліва, калі глядзець кліп). Але канцоўка заблытала — там спявак прызнаецца, што сумуе па свайму тату і згадвае яго словы пра тое, што «…гэты свет не мае межаў». Дзіўныя і незразумелыя адчуванні застаюцца пасля гэтай песні: што менавіта хацеў сказаць аўтар? Альбо ён і праўда хацеў выказаць усё разам?к

Ёсць думкі, што ўсё ж такі гэтая песня будзе па-за дзясяткай фіналістаў альбо ў самым яе канцы.

5 месца

Ірландыя выбрала для «Еўрабачання» вельмі нетыповую песню і выканаўцу — Bambie Thug і яе «Doomsday Blue». Песня яўна выходзіць за межы поп-музыкі, дакладней, яна туды ўвогуле не трапляе: гэта гатычны рок з лайтовым (у параўнанні з іншымі часткамі трэку) куплетам. Для мяне гэта была адзіная песня, якую я прымусіла сябе даслухаць, ад яе станавілася жудасна і няўтульна, яна быццам прасякнута вядзьмарскімі матывамі, заклёнамі, злой варажбой. А першы радок песні павінен спадабацца фанатам «Гары Потара», ён гучыць як «Avada kedavra».

Ёсць сумневы, што Bambie Thug з вельмі нетыповым стылем музыкі «заляціць» на пятае месца, якое ёй прадракаюць букмекеры. Але ў Lordi таксама шмат хто не верыў.

4 месца

Украіну сёлета прадстаўляе дуэт alyona alyona & Jerry Heil. Іх песня мае назву «Teresa & Maria». Песня вельмі шчымлівая і прыгожая — яна апавядае пра лёс жанчын, пра вечныя прэтэнзіі да іх з боку грамадства і пра тое, як можна ўсё роўна ісці наперад, натхняцца і натхняць. Песня поп-фармату, але рэп alyona alyona дадае разынку. Букмекеры прагназуюць чацвёртае месца для ўкраінскага дуэту.

Песні з падобным пасылам былі на «Еўрабачанні», але кантэкст вайны робіць яе асабліва пранізлівай — як жанчыны змагаюцца на фронце, як забяспечваюць тыл, як яны чакаюць мужчын з вайны, як клапоцяцца пра дзяцей і як самі растуць і развіваюцца… І што яны пры гэтым адчуваюць.

Песня мела крытыку: у ёй згадваюцца маці Тэрэза і Дзева Марыя, быццам тым самым артысткі «выключаюць» прадстаўніц і прадстаўнікоў іншых канфесій, акрамя хрысціянскай. Але мне падаецца, што сэнс песні не ў гэтым. А ў сапраўды геніяльных радках, якія адгукнуцца многім жанчынам:

«I’m not holy, I’m alive. [...] 

All the divas were born as the human beings».

3 месца

Ад Італіі на «Еўрабачанні» выступіць Angelina Mango з песняй «La noia». Назва песні перакладаецца як «нуда», але трэк вельмі бадзёры і яркі. Калі чуеш яго, складана ўседзець на месцы, адразу хочацца рухацца ў такт музыцы. За танцавальнай песняй хаваецца даволі глыбокі (у межах «Еўрабачання») тэкст:

«Я паміраю, не паміраючы,

У гэтай руціне.

Я жыву без пакут —

няма большага крыжа.

Нам проста трэба смяяцца гэтымі спаленымі начамі,

Цярновы вянок стане дрэс-кодам маёй вечарынкі…»

Букмекеры лічаць, што Італія зойме трэцяе месца. Калі нумар будзе добра адрэпетаваны, то цалкам магчыма, што Angelina Mango будзе на другой альбо нават першай пазіцыі.

2 месца

Швейцарыю прадстаўляе Nemo з песняй «The Code». Букмекеры прадракаюць яму другое месца. Сам трэк даволі тыповы для «Еўрабачання» — запісаны ў папсовай манеры і з тэмай, якая папулярная на конкурсе: як хтосьці парушае правілы, вырываецца з абставін і становіцца самім сабой, менавіта тым, кім хочацца. 

Артыст спрабуе здзівіць слухача сваім вакальным майстэрствам — у песні шмат вакалізаў, у некаторых з іх чытаюцца рэверансы ў бок Дзівы Плавалагуны з фільма «Пяты элемент». Паглядзім, ці зможа Nemo заспяваць такія складаныя вакальныя партыі ўжывую.

1 месца

Харватыю і яе прадстаўніка Baby Lasagna з песняй «Rim Tim Tagi Dim» букмекеры ставяць на першае месца. Па жанры песня ўяўляе сабой сумесь рэпа, панк-року і тэхна. Па сюжэце тэксту — гэта гісторыя чалавека, які пакідае свой родны дом у вёсцы і едзе скараць горад. Лірычны герой прадаў карову і вельмі пяшчотна развітваецца са сваякамі і сваім катом. Marko (так насамрэч завуць саліста) расказвае, па чым ён будзе сумаваць у вёсцы і чаго чакае ад горада. Яўна не самая тыповая тэма для песні на «Еўрабачанні».

Што цікава, песня напісана на англійскай мове, а ў кліпе падзеі адбываюцца ў харвацкай вёсцы з усімі яе атрыбутамі: застоллем, праннем рукамі, працай на зямлі. Вельмі хочацца паглядзець нумар — ці захаваецца і там такі незвычайны кантраст глабальнага і лакальнага.

Ці дастаткова класная песня ў Baby Lasagna, каб стаць пераможцам? Мяркую, што ёсць цікавейшыя песні, але шмат што будзе вырашаць выступ на сцэне.

Хто яшчэ выдзяляецца на агульным фоне па-за дзясяткай?

Дазволю сабе адзначыць індзі-рок песню ад Чэхіі — Aiko «Pedestal» — такі еўрапейскі варыянт Miley Cyrus і яе «Flowers». У вакалісткі незвычайны тэмбр, які вельмі запамінаецца. А песня — пра любоў да сябе. У букмекераў Aiko толькі на 28 месцы, але ёсць вялікая верагоднасць, што яе фінальны вынік будзе вышэйшым.

Прыйшлася да спадобы песня канкурсанта з Германіі —ISAAK «Always On The Run». Яе прыпеў моцна заядае ў галаве. Гучыць яна прыкладна так: Bon Jovi нарадзіўся на 30 гадоў пазней і вырашыў паехаць на «Еўрабачанне». Букмекеры ставяць Германію на 26 месца.

І яшчэ адна песня, якая можа застацца ў вашым плэй-лісце, нават калі не пераможа (насамрэч, хацелася б) — Gåte «Ulveham»ад Нарвегіі. Прагрэсіўны фолк-рок уносіць у нейкія чароўныя месцы, іншыя часы, якія адначасова існуюць і не існуюць. Вельмі арганічная кампазіцыя, якую хочацца пераслухаваць.