Боль, жарты і праблемы беларусаў роўна 100 гадоў таму: аб чым пісала нашая прэса

1924 год, як бы ня дзіўна гэта гучала, быў ня саладзейшым за наш 2024. Поўны коўш праблемаў, якія, падавалася, не мелі шанцу на выпраўленьне. Беларускія газэты і часопісы жыва адгукаліся на рэальнае жыцьцё беларусаў.

2_927.jpg

Часопіс Авадзень

Гэта быў, як самі пра сябе казалі аўтары, двухтыднёвік крытыкі, жартаў і сьмеху.

Некалькі жартаў з 1924 года:

-         «Штоб ты, Антоля, зрабіла, каб я цябе пацалаваў?

-         Крычала б: мама! Мама!

-         Ну, а тады што б было?

-         Нічога, бо нікога ў хаце няма.»

«Адзін сын служыў у салдатах. Пачалася вайна. Сын да бацькі піша з вайны і просіць прыслаць грошы, бо яму адстрэлілі нагу і ён ляжыць хворы ў лазарэце.

Бацька адпісвае: Дарагі сынок! Гэта ўжо чацьвёртая нага, што табе адстрэлілі на вайне. Шкода цябе, але грошы ў мяне ўжо няма. Пастарайся вылезьці на апошніх нагах, што ў цябе засталіся, на добрую дарогу.»

Каму што… (паміж мужчынаў)

Першы: — Што вам найболей падабаецца ў паненак?

Другі: — Я люблю прыгожыя вочкі, насок прыгожы, невялічкія і поўненькія ружовыя вусны.

Трэці: — А мне найлепей, калі жанчына, ці дзяўчынка, мае вузкія плечкі, а крыжавіну шырокую.

Першы: — Гм… Я ўглядаюся толькі на сярэдзіну.

Чацьверты: — А мне толькі лыткі ў прыгожых панчошках.

Каму што… (паміж паненак)

Першая: — Якога ты больш упадабала?

Другая: — Вун таго, з доўгім носам і бародкай.

Першая: — А мне смакуе толькі той, брыты, з кароткім носам і пустой галавой, але з поўнымі кішэнямі.

Рэдактар Антон Васілеўскі ў першым нумары просіць мастака Язэпа Драздовіча аб карыкатурах і сьмешных малюнках.

Сын Беларуса

3_806.jpg

Рэдактар Мікалай Шыла пасьпеў стварыць 42 нумары гэтай газэты, якая выходзіла ў Вільні.

Замежныя навіны зьдзіўляюць сваёй напружанасьцю. Параўнайце з сёньняшнямі навінамі з іншых частак сьвету.

Барацьба з патрыярхамі ў Турцыі

Галава турэцкага ўраду Кэмаль-паша заявіў замежным журналістам, што пасьля скасаваньня мусульманскага каліфату, дойдзе таксама чарод і да патрыярхаў праваслаўнага і армяна-грэгарыянскага, а таксама і да жыдоўскага вялікага рабінату ў Турэччыне. Усе вынятковыя прывілеі, якімі дагэтуль карысталіся рэлігійныя арганізацыі, маюць быць скасаваны.

Нямецка-польскі канфлікт

Нямецкі ўрад прыслаў польскаму ноту пратэсту, у якой паказвае на гвалты і шкоды, якія прычыненыя на Горным Шлёнску польскай палітыкай нямецкім грамадзянам. Нота просіць польскі ўрад прыняць меры, каб перасьцерагчы грознае палажэньне на Шлёнску. У праціўным разе складае ўсю адказнасьць за шкоды і крыўды на польскі ўрад.

Польскі ўрад на гэтую ноту адказаў, што ня бачыць патрэбы прымаць якіясь надзвычайныя меры: што жыцьцё і маёмасьць усіх асоб, жывучых у Польшчы, добра загарантаваныя польскай Канстытуцыяй і што шлёнскія ўлады захоўваюцца “сьцісла папраўна і легальна”.

Як далей разьвернецца канфлікт, невядома.

Глядзіце таксама

Да канфлікту паміж Японіяй і Амэрыкай

Прэзыдэнт Кулідж адсрочыў увядзеньне ў жыцьцё новага закону аб эмігрантах, што быў скіраваны пераважна супраць наплыву японскіх работнікаў, якія сваёй таннасьцю рабілі канкурэнцыю амэрыканцам.

Як вядома, з-за гэтага закону амаль ня ўспыхнула паважнага канфлікту паміж Японіяй і Амэрыкай.

Кара сьмерці за “эканамічны шпіянаж” у Маскве

У Маскве прысуджана кара сьмерці за “эканамічны шпіянаж” старшыні і сакратару дзяржаўнай прамысловай арганізацыі – за тое, што ў часе Лёнданскай дэлегацыі Красіна сябры гэтай установы рабілі інтарэсы на ўласную карысьць – коштам скарбу. Вось бы да гэтай “санаторыі” на колькі часу нашых “хіенцаў”.

4_715.jpg

Весткі з вёскі

«З Даўгінаўскае гміны. Тутэйшыя сяляне перажываюць цяжкія часы на прадвесьні. Вясна прыпозьнілася, і корму для скаціны не хапіла, дык шмат дзе рэзалі салому з стрэх на корм. Прыкупіць жа корму няма за што, бо грошы, якія ўдалося выручыць за свой хлеб, пайшлі ўсе на падаткі.

4 траўня на станцыі Будслаў прызыўныя крэпка пабілі некалькі жыдоў. Паліцыя не мяшалася.

Паміж Стахавам і Каралінай, ужо за гранічнай мяжой, няма ведама кім забіта дзяўчына Бабарэка, з Туркі.

Сьвяткаваньне польскага сьвята 3 траўня прайшло ў Даўгінаве даволі слаба. Прамаўляў адзін толькі прамоўца, уланскі афіцэр, які славіў тую волю, якой карыстаецца наш народ пад уладай Польшчы. Слухаючы гэта сяляне казалі між сабой, што аб гэтым шмат можна было бы пагаварыць, ды ўсяго сказаць нельга…

Араць у полі ў той дзень не давалі, хоць цяпер кожны дзень дарагі. Паліцыя аб’яжджала ваколіцы Даўгінава і зганяла ўсіх з поля.»

1_1029.jpg

Ох, гэтыя падаткі!

«Няма збавеньня, няма ратунку ад гэтых падаткаў. Мы ўжо ў вёсках стогнем ад гэтых падаткаў і думаем – ці не вымысьляець іх хто-небудзь той, хто хоча зусім пусьціць з торбай чалавека нашага па сьвеце. Проста хоць выракайся сваёй зямлі, хаты… Дапраўды і пальцаў не хапае пералічыць усе віды падаткаў: і на гміну, і на соймік павятовы, і зямельны падатак, і ад маёмасьці наогул, і дзяржаўны, і дзяржаўнае тут яшчэ прымусовае страхаваньне!

А тут яшчэ кажуць людзі, што незабавам прыйдзецца плаціць падатак нейкі ваяводзкі. Асабліва ж дапякае цяпер гэтая страхоўка. Такую складку за год цяпер павызначалі, якой да вайны вялікай ніхто й ня сьніў. Бо жарты ж?!

Пудоў дваццаць жыта трэ было б нашаму вяскоўцу прадаць, каб заплаціць страхоўкі ў год 70-75 мільёнаў. А дзе ж узяць гэтулькі жыта ды яшчэ вясной, сёлетняй вясной, такой позьняй?! А тут ганяюць, каб заплаціў чалавек страхоўку абавязкова да 1 чэрвеня, усю адразу.

Глядзіце таксама

Калі меў чалавек які лішні пуд жыта (ды і хто меў лішні!), дык даўно прадаў на ранейшыя падаткі, а то каб купіць трохі саломы, каб выжывіць карову ці коніка да травы, а тут раптам – плаці страхоўку. І ліха яго ведае – што тут рабіць. Хоць кароўку бяры на вяроўку і цягні на рынак. Хоць і паном, здаецца, дастаецца, нібы енчаць і яны ды ўсё адцягваюць сплату падаткаў, але ж, урэшце ліха іх не бярэ – прадаў лесу і ёсьць на падаткі, а дзе ж узяць грошай нашаму брату, вяскоўцу-сярмяжніку, калі зароботкаў нідзе няма, а калі і ўзаб’ешся дзе-небудзь на работу ў лесе на які тыдзень, дык жа на дзённыя харчы там, дапраўды, не заробіш?

Вось гора настала гэтай вясной! Дальбог жа ня ведаю, ці пераможам яго?!»

І праз 100 гадоў беларусы як нацыя і як уся краіна паўсталі перад вялікім горам. Аднак, азіраючыся назад, можна заўважыць, што народ выжыў, а значыцца, выжыве і сёньня. Каб праз яшчэ сто гадоў нехта ўглядаўся ў старыя публікацыі з 2024 года і ствараў уражаньне пра беларусаў.