Беларусы на варшаўскім кніжным кірмашы: пачуццё салідарнасці і шмат наведвальнікаў

23-26 траўня ў Варшаве ў Палацы навукі і культуры праходзіў кніжны кірмаш, у межах якога працаваў стэнд незалежных беларускіх выдаўцоў «Вольная Беларусь». На стэндзе можна было купіць кнігі і атрымаць аўтографы ад беларускіх літаратараў. Як прайшоў кірмаш, расказвае Любоў Лунёва для «Белсат».

Фота https://budzma.org

Фота https://budzma.org

Тры дні запар ад самага ранку 23 траўня да абеду 26-га беларусы прыходзілі нават сем’ямі, каб набыць тую ці іншую кніжку. Выдавецтвы Miane Niama, SkarynaPress, Chabor, «Янушкевіч», Słowianka, Полацкія лабірынты, hochroth Minsk, Fundacja Kamunikat.org, Gutenberg Publisher і іншыя прадставілі навінкі. Арганізатары, а гэта Інстытут беларускай кнігі, не чакалі сёлета такога попыту на беларускую кнігу.

«Зэкамерон» Максіма Знака набывалі нават не па адным асобніку, але яшчэ і для сяброў. Аўтар кнігі за кратамі. 6 верасня 2021 года яго пакаралі зняволеннем на 10 гадоў, абвінаваціўшы ў змове з мэтай захопы ўлады і ў стварэнні экстрэмісцкага фармавання. Пакупнікі казалі, што дачакаюцца выхаду палітвязня на волю і дадуць яму кніжку на подпіс. Усе маюць спадзеў, што чакаць аўтограф-сэсіі Максіма Знака давядзецца нядоўга.

Таццяна Нядбай, кіраўніца Беларускага ПЭНу, прадавала яго кнігі. Увесь час падносілі новыя асобнікі.

Распрадалі ўсё, што было ў наяўнасці. Чаму такая актыўнасць? Таццяна адказала на гэтае пытанне «Белсату»:

«Трэба мець на ўвазе, што сюды з’ехалі з большага дастаткова актыўныя людзі. Яны хочуць і далей заставацца ў беларускай павестцы. Хочуць адчуваць гэтую супольнасць. Кніга дапамагае заставацца беларусамі і культурна згуртавацца. Але ёсць праблема ў тым, што мы добра выдаем кнігі ў замежжы, а ў самой Беларусі гэта ўжо амаль немагчыма.

Застаюцца яшчэ фарматы электроннай кнігі, якія, на жаль, не такія папулярныя ў Беларусі. На іх выдаўцы не могуць кампенсаваць свае выдаткі. Але і электронныя кнігі могуць з меркаванняў бяспекі падштурхнуць людзей адмовіцца ад іх».

Глядзіце таксама

Таццяна Нядбай канстатуе, што гэта пагружае Беларусь у расійскі кніжны рынак і ў рынак той беларускай кнігі, якую сёння выдаюць афіцыйныя выдавецтвы.

«А гэта ідэалагізаваныя кнігі, якія апраўдваюць рэпрэсіі, гвалт, даюць толькі ідэалагічную версію таго, што адбывалася ў часы Другой сусветнай вайны. Такімі кнігамі насычаюцца бібліятэкі, з якіх потым выкідаюць кнігі незалежных аўтараў, нелаяльных да ўладаў. Усё гэта стварае дысбаланс і робіць сітуацыю ўнутры самой Беларусі складанай», — тлумачыць яна.

Таццяна Нядбай кажа, што ў замежжы адрадзіліся выдавецтвы, якіх выціснулі з Беларусі і нават з’явіліся новыя. Але беларускі рынак невялікі. Наклады малыя, не такія, як у Польшчы – дзясяткі і сотні тысяч – і гэта робіць кнігу больш дарагой. «А ў замежжы беларусы вымушаныя адкладаць грошы на першаснае – жытло, ежа, легалізацыя. А трэба яшчэ пераязджаць з кватэры на кватэру, а гэта таксама складае нязручнасці. Нам у школе казалі, што веды не цягнуць, а тут мы бачым, што кнігі цягнуць і яшчэ як ускладняюць пераезды», – заўважае яна.

Фота https://budzma.org

Фота https://budzma.org

Тым не менш, нягледзячы на ўсе гэтыя акалічнасці, наведвальнікі набывалі кнігі. Падышла да кабеты, якая трымала ў руках некалькі кніжак. Яна прадставілася — Вольга Пінчук, супрацоўніца ІТ-кампаніі.

«Я ішла мэтанакіравана купляць. Знайшла ўсё, што хацела. Канешне, хацелася паглядзець ці шмат людзей будзе на стэндзе. Бо ў мінулым годзе было няшмат. Выдаўцы такія сумотныя хадзілі, глядзелі адзін на аднаго. А сёлета столькі народу прыйшло, што не прапхнуцца, каб дабрацца ў сярэдзіну стэнда паглядзець што там за кнігі. Людзі ідуць, ідуць, ідуць і гэта вельмі прыемна. Я разумею, што тут такія ж, як я, вымушаныя перасяленцы. Прыемна, што людзі сочаць за выдавецтвамі, якія кнігі выходзяць у свет, якія перакладаюць, скупляюць навінкі. Канешне, можна набыць праз інтэрнэт, але людзі прыходзяць сюды. Ну, напэўна, хочуць яшчэ і пабачыць адзін аднаго. Паглядзець у вочы гэтым мужным людзям, якія працягваюць выдаваць кнігі на беларускай мове.

Я набыла «Уладара пярсцёнкаў», аб якім марыла некалькі гадоў, чакала новы пераклад. Стывена Кінга кніжку набыла, і ў выдавецтва Gutenberg набыла зборнік вершаў, які перакладаў мой сябар. Канешне, не магла прайсці міма».

Фота https://budzma.org

Фота https://budzma.org

Каля стэнду Яраслава Іванюка, кіраўніка Fundacja Kamunikat.org, таксама ўвесь час шматлюдна. Пакупнікі бяруць кніжкі, уважліва разглядаюць. Якія кніжкі карыстаюцца попытам? Чаму некаторыя гадамі ляжаць на паліцах незапатрабаваныя, а іншыя, нягледзячы на тое, што ва ўсім свеце змяншаецца колькасць ахвотных набываць папяровыя кнігі, разбіраюць як гарачыя піражкі?

Яраслаў Іванюк, як выдавец, добра ведае адказ на гэтае пытанне:

«Я магу спаслацца на польскі ютуб на конт продажаў кніг ад пачатку 2024 году. Не прыгадаю прозвішча аўтаркі, але яе кніжка прадалася колькасцю 450 тысяч. Гэта кніга навуковая пра гісторыю жанчын-сялянак у розных рэгіёнах Польшчы, пра якую ніколі раней не пісалася. Мая сяброўка сказала мне, калі яе прачытала: «Я адчувала, што ўсё было кепска для жанчын, але не думала, што да такой ступені.

Глядзіце таксама

У чым прычына такой папулярнасці? Трэба ведаць, што ў Польшчы прынята было ўвесь час пісаць пра гісторыю шляхты, а гэта ж 2-3% ад колькасці ўсяго грамадства. Ледзь не 90% грамадзянаў Польшчы з’яўляюцца нашчадкамі сялян, а не шляхты. І гэтаму не вучаць у школе. Разумею чаму, бо ёсць жа не толькі гісторыя, але і гістарычная палітыка.

Таму і ў беларускай літаратуры найбольшым попытам карыстаюцца кнігі на тэмы, пра якія не пісалася раней. Вось мы выдалі тры гады таму кнігу Уладзіміра Някляева «Гэй бэн гіном». Два наклады кнігі разышліся поўнасцю. Няма больш ніводнага асобніку. А яе ж не сталі друкаваць у Беларусі ні ў адным выдавецтве. У гэтай кнізе Някляеў імкнуўся разгадаць прычыны смерці Янкі Купалы. У нас ёсць кніга, выдадзеная «Свабодай» Змітра Бартосіка пра Маладзечаншчыну часоў Другой сусветнай пра антысавецкі супраціў беларусаў. Таксама карыстаецца попытам».

Глядзіце таксама

Што тычацца дзіцячай літаратуры, то яна вельмі патрэбная, але яе няшмат, канстатуе Яраслаў Іванюк:

«Вось тут на кірмашы заходзіш на польскі стэнд з дзіцячай літаратурай і бачыш, што кніга ў цвёрдай вокладцы, у якой ёсць 10 старонак, каштуе 10 злотых. Бо тыраж не менш за 10 тысяч асобнікаў. А ў нас такая кніжка каштавала б 50-60 злотых. Таму і выдавец мусіць думаць, ці акупіцца гэта, ну і галоўнае, што і перад пакупніком няёмка прадаваць дзіцячую кніжку за такія грошы».

Сёння ў апошні дзень кірмашу больш за ўсё наведнікаў заўважана каля беларускага стэнду. Ён знаходзіцца напрыканцы выставачнай залі ў Доме культуры Варшавы. Польскія наведнікі таксама падыходзяць да стэнду пацікавіцца, чаму тут столькі людзей. Між тым, на паліцах кніг становіцца ўсё менш і менш. Задаволеныя і выдаўцы, і пакупнікі — у адных ёсць стымул выдаваць новыя кнігі, у другіх — чакаць цікавыя навінкі.