Беларусь, якая чакае. Жнівеньскія рарытэты Гарадзеншчыны (ФОТА)
Ідэю для апошняй летняй вандроўкі нам падказаў чытач. Ён распавёў пра цікавае месца на Гарадзеншчыне, ад якога мы ўжо і пачалі ладзіць маршрут. Так бывае, што ад адной кропкі разбягаюцца промні розных кірункаў да іншых цікавостак. Але ж мы дасведчаныя валацугі, таму будзе ўсё па парадку. Паехалі!
Стартуем на світанку: праехаць трэба немала, а раней сіноптыкі расфарбавалі апошнія дні лета ў аранжавыя ды чырвоныя колеры небяспекі з нагоды спёкі, якая больш пасуе сярэдзіне ліпеня. Здаецца, ранак аб гэтым не чуў і песціць нас прыемнай прахалодай. Як кажуць, «з ветрыкам» прыбываем да стартавай кропкі нашай вандроўкі — касцёла Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса і святога Андрэя Баболі ў невялікай вёсцы Мінойты.
Канешне, нехта можа скептычна ацаніць гэты помнік як «звычайны будынак» без аніякіх выкшталцоўнасцяў і адметнасцяў. Так, храм у Мінойтах з’явіўся ў 1929 годзе, быў драўляным і невялікім, але ж ці шмат ведаеце вы драўляных храмаў у Беларусі, што захаваліся? Першы пробашч мінойтаўскай парафіі Караль Любянец у 1929 годзе адмовіўся ад пасады віцэ-рэктара Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Вільні дзеля душпастырскай дзейнасці ў Мінойтах. У 1942 годзе ён быў расстраляны нямецкімі акупантамі. Ксёндз Чэслаў Янкоўскі правеў шэсць гадоў у савецкіх лагерах, у яго адсутнасць мясцовыя жыхары ўвесь час пільнавалі і даглядалі храм, каб яго не адабралі ўлады. Не ведаем як каму, а нам гэты сціплы, але ў той жа час вельмі моцны, невялічкі касцёл падаецца сапраўдным помнікам веры простага чалавека. Веры, якая не патрабуе вытанчанага і багатага аздаблення, але якая ёсць найвышэшым скарбам і багаццем.
Мінойты, касцёл
Выпраўляемся да вёскі Белагруда, галоўная адметнасць якой бачна здалёк. Неагатычны касцёл Святога Міхаіла Арханёла вабіць вандроўнікаў сваімі шпілямі, і абмінуць яго рашуча немагчыма. З пачатку XVII стагоддзя на беразе Дзітвы адзін за аднім змяняліся будынкі касцёлаў, вакол апошняга драўлянага храму нават утварыліся мясцовыя могілкі, якія па дузе атачаюць месца святыні. У 1905, а па іншых звестках, у 1908 годзе на месцы драўлянага касцёла паўстаў цагляны прыгажун, які не закрываўся нават у савецкія часы. А ў сярэдзіне 1970-х увогуле атрымаў статус «помніка архітэктуры».
Белагруда, касцёл
Нам пашчасціла трапіць унутр касцёла. Не хапае словаў, каб апісаць гэтую прыгажосць і захапленне высокім узроўнем майстроў. Дарэчы, у храме беражліва ў вялікім алтары захоўваецца абраз Маці Божай Міласэрнай XVII стагоддзя, які, па паданню прыбіўся да берагу Дзітвы, і на гэтым месцы былі заснаваныя вёска і касцёл.
Белагруда, касцёл
Канешне, заззірнулі на могілкі ля касцёла, дзе ўжо больш за паўтара стагоддзя знаходзяць свой апошні прытулак мясцовыя жыхары і нават тыя, хто калісьці быў вымушаны з’ехаць адсюль, але пажадаў вярнуцца да роднай зямлі пасля сыходу з жыцця. На могілках месціцца старая драўляная капліца, пабудаваная дзесьці ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Часам падаецца, што яна падобная да пільнай старой маці, якая ганарыцца прыгажосцю маладога сына, але ж і ўважліва за ім назірае. Досыць цікавае месца!
Белагруда, могілкі ля касцёла
Рушым у кірунку аднаго з самых старажытных помнікаў Беларусі! Праваслаўная Свята-Раства-Багародзіцкая царква (яна ж вядомая яшчэ як Маламажэйкаўская) у вёсцы Мураванка — адзін з самых цікавых і незвычайных храмаў Беларусі. Дакладных даных аб пачатку і заканчэнні будаўніцтва не захавалася, але лічыцца, што гэтая царква абарончага тыпу паўстала прыкладна ў сярэдзіне XVI стагоддзя. Цягам часу яе неаднойчы перабудоўвалі, у асноўным з нагоды пашкоджанняў падчас войнаў, што аніяк не маглі пакінуць у спакоі шматпакутную беларускую зямлю. Захаваліся некалькі малюнкаў канца ХІХ стагоддзя, на якіх можна бачыць вонкавы выгляд абарончай Свята-Раства-Багародзіцкай царквы адразу пасля рэканструкцыі 1872 году.
Мураванка, царква
На тэрыторыі царквы цяпер ідзе даволі маштабная рэканструкцыя — адраджаецца масіўны плот з буйнога камення, упрыгожваецца тэрыторыя. Праз нейкі час гэта мусіць быць сур’ёзны турыстычны аб’ект. А яшчэ ў нас атрымалася трапіць унутр і нават падняцца на адну з вежаў царквы. Сетка на вокнах, канешне, трохі псуе агульнае ўражанне, але ж не вельмі. Будзем чакаць заканчэння працы і абавязкова наведаемся сюды яшчэ. Хаця б каб праведаць аднаго з «вартаўнікоў» вежы!
Мураванка, царква
Развітваемся з храмам-ваяром і едзем у вёску з незвычайнай і незабыўнай назвай Ішчална, дзе месціцца прыгожы белы касцёл Найсвяцейшай Тройцы і яшчэ адна ўнікальная цікавостка. Але ж пра ўсё па чарзе!
Першыя звесткі пра Ішчална датуюцца 1515 годам, калі мясцовы стараста Андрэй Давойнавіч заснаваў тут касцёл Найсвяцейшай Тройцы. Цягам дзвюх соцень гадоў мястэчка змяніла некалькі гаспадароў. Падчас Паўночнай вайны шведскія войскі знішчылі касцёльныя званы і моцна пашкодзілі сам храм, таму ў 1755 годзе пачалося будаўніцтва мураванага будынку новага касцёла. У ХІХ стагоддзі побач з храмам з’явілася званіца.
Ішчална, касцёл
На жаль, паглядзець на ўнутранае аздабленне касцёла не атрымалася, затое мы ўбачылі і нават дакрануліся рукой да ўнікальнага помніка XVIII стагоддзя, які месціцца ў некалькіх дзясятках метраў ад храму. Гэта сонечны гадзіннік, які быў зроблены ў Вільні адмыслова да завяршэння будаўніцтва новага касцёлу. На ім выбітыя дакладныя каардынаты храму і, наколькі мы ведаем, гэта адзіны такі экзэмпляр у Беларусі. Нягледзячы на тое, што ўвесь час ён знаходзіцца на адкрытым паветры, гадзіннік захаваўся вельмі добра. За плотам касцёльнага двара знаходзіцца старая плябанія, якая цяпер нібыта рамантуецца.
Ішчална, касцёл
Робім глыбокі ўдых ішчалнаўскага паветра і выпраўляемся ў Старыя Васілішкі, дзе нас чакае выбітнейшы касцёл Святых Пятра і Паўла. Як і храм ў Белагруды, будынак касцёлу бачны здалёк, і чым бліжэй да яго пад’язджаеш, тым болей захапляешся ягонымі памерамі і архітэктурай. Ну любім мы неаготыку, што тут зробіш!
Старыя Васілішкі, касцёл
Як і ягоныя неагатычныя «калегі», касцёл Святых Пятра і Паўла быў пабудаваны на пачатку ХХ стагоддзя. Але ж даволі моцна адрозніваецца ад іншых: ад вонкавага аблічча да апошняй дробязі ўнутранага аздаблення ён вытрыманы толькі ў стылі неаготыкі і больш ніякага неабарока ці класікі. Амаль адразу ў нас атрымалася трапіць унутр гэтага шэдэўра і другі раз за некалькі гадзін у нас заняло мову. Толькі гукі асцярожных крокаў і ўзрушаныя ўздыхі парушалі цішыню ў касцёле. Здаецца, святы Павел застаўся намі задаволены.
Старыя Васілішкі, касцёл
Асобнага прыгадвання вартае ўнікальнае (нам шанцуе сёння на такія рэчы!) аздабленне леваруч ад галоўнага алтара. Калі што, то гэта ўваход у невялікую, але багатую капліцу, зроблены з гіпсу ці алебастру ў выглядзе пячоры з прыгадваннем розных біблейскіх сюжэтаў. Такога больш вы нідзе не ўбачыце, дакладна вам кажам!
Старыя Васілішкі, касцёл
І яшчэ адна цікавостка касцёла ў Старых Васілішках! Уздоўж фасаду і ўваходаў цягнуцца стужкі з камянёў, надпісы на якіх нечым замазаныя. Гэты імёны тых, хто ахвяраваў грошы на будаўніцтва касцёла, а наконт падставаў для знішчэння гэтых надпісаў існуюць два меркаванні. Першае — надпісы замазаны цэментам у гады савецкай ўлады каб знішчыць памяць аб ахвярадаўцах, а другое — адразу пасля пабудовы імёны загадаў знішчыць гарадзенскі губернатар з нагоды таго, што нібыта сам імператар Мікалай ІІ ахвяраваў некаторую суму грошай, але ж ягонае імя было не першым у гэтым спісе. Другая версія асабіста нам падаецца не вельмі праўдзівай: адкуль трэба лічыць першыя імёны? Да таго ж, на сцяне апсіды звонку ёсць асобная дошка ў гонар МІкалая ІІ. Але гэта толькі здагадкі, а фактам ёсць яшчэ адно — у Старых Васілішках нарадзіўся знакаміты спявак Чэслаў Неман. Ягоны бацька быў касцёльным арганістам, і менавіта тут хлопец атрымаў білет у сусветную музыку, пачаўшы спяваць у касцёльным хоры.
Старыя Васілішкі, касцёл
Калі ёсць Старыя Васілішкі, то абавязкова павінны быць і Новыя, ці проста Васілішкі. І яны зусім побач! У Васілішках месціцца касцёл Святога Яна Хрысціцеля, які можа і не такі ўражлівы як ягоны сусед, але мае нашмат багацёйшую гісторыю. У 1652 годзе ў Васілішках з’явіўся драўляны касцёл, пры якім паўстаў манастыр дамініканаў (некаторыя лічаць, што спачатку быў манастыр, але гэты не вельмі істотна). Праз паўстагоддзя ў пажары загінулі і касцёл, і манастыр, і дакументы. Толькі ў 1769 годзе пачаў будавацца новы мураваны храм, які быў асвячоны ў 1790. Пасля паўстання Касцюшкі ў 1832 годзе касцёл перадалі праваслаўнай царкве і вярнулі ў каталіцтва ў 1919 годзе пасля пераходу Васілішак у склад Польшчы.
Васілішкі, касцёл
Пасля Другой сусветнай вайны храм быў закрыты, і толькі ў 1980 годзе касцёл вярнулі людзям. Пасля рэканструцкыі 1990 году храм атрымаў свой сённяшні выгляд. Калі вы вырашыце наведаць касцёл Святога Яна Хрысціцеля, то раім звярнуць увагу на скульптурныя выявы і запланаваць наведванне невялічкага, але прыгожага ландшафтнага парку ля храму. Падчас нашага візіту там яшчэ месцамі працягваліся работы па добраўпарадкаванню, але і зараз там можна добра пашпацыраваць.
Васілішкі, касцёл
Падаецца, сёння мы ўжо атрымалі калі не месячную, то дакладна тыднёвую дозу ўражанняў, і можна патроху збірацца ў адваротны шлях. Так і робім, але ж па дарозе звяртаем увагу на яшчэ адзін храм у вёсцы з гарэзлівай назвай Вавёрка. Пад’язджаючы да яго, заўважаем будаўнічыя лясы і вяроўкі — хутчэй за ўсё касцёл Перамянення Гасподняга (аднагодак васілішкінскага) рамантуецца. Нажаль, так і ёсць! Мясцовы верабей запэўніў нас, што пакуль трапіць да касцёла няма аніякай магчымасці, але ж калі яна з’явіцца — ён абавязкова нам аб гэтым нейкім чынам паведаміць.
Вавёрка, касцёл
Спідометр паслухмяна фіксуе апошнія жнівеньскія дзясяткі ды сотні кіламетраў, спёка сцвярджае, што яна вечная, халодная вада — найлепшая смаката ў свеце. Прыкладна так мы завяршаем летні сезон вандровак і з нецярпеннем чакаем верасень — там будзе таксама вельмі цікава. Пішыце нам свае пажаданні і будзем разам крочыць па восені ў самай прыгожай краіне свету!
Шаноўныя чытачы, мы вельмі хочам паказваць вам Беларусь: мясціны, па якіх вы сумуеце, ці тыя, якія вы, магчыма, раней не бачылі. Таму заклікаем вас замаўляць нам новыя маршруты вандровак па родным краі. Раскажыце, якія вуліцы, раёны, гарады і вёскі вы хочаце ўбачыць, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.