Беларусь, якая чакае. Кот, тварог і парог на паўночным захадзе (ФОТА)
Пачатак восені — гэта не толькі кабачкі ды закаткі, але ж і новыя падарожжы, спрыяльнае надвор’е і маляўнічыя пейзажы. Надвор’е пакуль мала чым адрозніваецца ад жніўня ды і краявіды пакуль не спяшаюцца размалёўвацца ў розныя колеры. Але ж у першае восеньскае падарожжа па замове нашага чытача мы вырашылі выправіцца неадкладна. Сёння нас чакаюць вельмі цікавыя месцы Воранаўскага ды Іўеўскага раёнаў Гарадзеншчыны. Паехалі!
Зранку верасень нібыта адчувае сябе паўнавартасным гаспадаром і вымушае шукаць у шафе штосьці цяплейшае за звыклыя ўжо шорты ды цішотку. Але ж мы дакладна ведаем, што праз пару гадзін прачнецца стары жнівень і выкіне маладога нахабніка чакаць сваёй чаргі. Бадзёры і строгі жаночы голас навігатара камандуе нам збочыць з вялікай шашы, за вокнамі аўто палі змяняюць лясы і пералескі, а водар ранняй восені адчуваецца ў салоне нават праз зачыненыя вокны. Храбусценне дробнага камення пад коламі і прыгожы краявід сцвярджаюць, што мы дасягнулі першай мэты нашай вандроўкі.
Мястэчка Жамыслаўль і палац Умястоўскіх маюць багатую і цікавую гісторыю. Калісьці мястэчка мела назву Пятроўшчына, потым Кандрацішкі, а пасля набыцця яго ў 1684 годзе шляхцічам Юрыем Войцехам Жэмлай стала звацца Жэмлаславам і паволі трансфармавалася ў Жамыслаўль. Да пачатку ХІХ стагоддзя нічога значнага тут не адбывалася. У 1807 годзе маёнтак набыў Якуб Умястоўскі, і жыццё ў Жамыслаўле завіравала — Якуб і ягоны сын Казімір пабудавалі спіртзавод, лядоўню, стайні. Пасля смерці бацькі Казімір меў намер распачаць будаўніцтва цаглянай сядзібы, але пачаў з дзвюх афіцынаў. Пасля заўчаснай смерці Казіміра ягоная жонка Юзэфа скончыла справу мужа, і ў 1877 годзе нарэшце палац быў гатовы.
Жамыслаўльскі палац
Адмыслоўцы кажуць што Жамыслаўльскі палац быў і ёсць вельмі падобным на каралеўскую рэзідэнцыю Лазенкі ў Варшаве. І гэта ёсць праўдай — Казімір і Юзэфа менавіта так выказалі сваю тугу па страчанай Рэчы Паспалітай і ўнутраны пратэст. Іх сын Уладзіслаў з жонкай Янінай працягнулі ўпрыгожванне палаца — прывозілі з-за мяжы скульптуры, карціны, жырандолі. Дагэтуль на ўваходзе захавалася керамічная плітка знакамітай фірмы Villeroy&Boch (на адпячатку ад збітай пліткі гэта добра бачна. Проста ўявіце, што ёй болей за 150 гадоў!). Пасля вандроўкі ў Венецыю Умястоўскія вырашылі зрабіць нешта падобнае ў Жамыслаўлі на рэчцы Гаўя побач з палацам. Сістэма каналаў была пабудаваная, абсаджаная дрэвамі, берагі абліцаваны плітамі з каменю і па іх у сапраўдных гандолах павольна каталіся госці падчас святаў.
Жамыслаўльскі палац
Пачатак XX стагоддзя стаў пачаткам і заняпаду сядзібы. У 1905 годзе памёр граф Уладзіслаў, падчас Першай Сусветнай вайны ў сядзібе месціўся санаторый для нямецкіх афіцэраў, якія разрабавалі яе і вывезлі ўсе каштоўнасці. Яніна так і не здолела аднавіць палац і перадала яго Віленскаму ўніверсітэту пад сельскагаспадарчую вучэльню, а сама з’ехала ў Італію, дзе і пайшла з жыцця ў 1941 годзе. У савецкі час сядзіба была і праўленнем калгаса, і школай, і клубам з кіназалам. Падчас будавання электрастанцыі была затоплена «Венецыя», яе дагэтуль могуць убачыць аматары падводнай рыбалкі і дайверы. Дарэчы, яны кажуць што гэта нешта неверагоднае — захавалася нават абліцоўка берагоў. Пажар 2012 года знішчыў дах, і будынак імкліва пачаў разбурацца, але апошнія некалькі год вядуцца працы па аднаўленню гэтага выбітнага помніку. Будзем спадзявацца на лепшае!
Жамыслаўльскі палац
Мы пакідаем Жамыслаўль, але не развітваемся з спадчынай рода Умястоўскіх. У некалькіх кіламетрах адсюль месціцца вёска Суботнікі, дзе ў 1900 годзе па фундацыі Уладзіслава і Яніны Умястоўскіх пачаў будавацца новы цагляны касцёл. Драўляныя парафіяльныя касцёлы месціліся ў Суботніках з сярэдзіны XV стагоддзя, але ж лёс іх быў звычайным для таго часу — пажары, войны і перабудовы не захавалі гэтых помнікаў. Уладзіслаў і Яніна не маглі мець дзяцей, але ж будаўніцтвам новага касцёла спрабавалі неяк дамагчыся цуда і малілі аб гэтым Пана. У 1904 годзе будаўніцтва было скончана, а ў 1905 годзе ў Вільні памёр Уладзіслаў Умястоўскі. Касцёл быў адным з галоўных ягоных праектаў, таму па пажаданні Яніны Умястоўскай новы храм быў кансэкраваны ў гонар Святога Уладзіслава Венгерскага, з той нагоды, што толькі гэты святы насіў імя «Уладзіслаў». Касцёл у Суботніках — адзіны на Беларусі ў гонар гэтага святога.
Касцёл у Суботніках
Мы вельмі прагнулі паглядзець унутранае аздабленне гэтага прыгожага вонкі храму, але ж, на наш вялікі жаль, нічога не атрымалася. У гэтых сценах захавалася шмат старадаўніх рэчаў і прадметаў з былога драўлянага касцёла, скульптуры і арыгінальныя роспісы, нават драўляная лаўка канца ХІХ стагоддзя, на якой падчас набажэнстваў сядзелі прадстаўнікі славутага роду Умястоўскіх. Але ж лёс склаўся так, таму шпацыруем вонкі і захоўваем у памяці і на картцы фотаапарата прыгажосць касцёла Святога Уладзіслава Венгерскага, адзінага на Беларусі. Амінь!
Касцёл у Суботніках
Троху засмучаныя рушым далей, і неўзабаве перад вачыма паўстае прыгожы і вытанчаны храм. Асляпляльны касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Германішках чакаў нас. І мы прыехалі! Яшчэ ў 1452 годзе тут быў заснаваны першы каталіцкі храм. У 1686 годзе тут месціўся ягоны продак, які загінуў у пажары 1880 года. Пасля гэтага новы касцёл вырашылі будаваць на іншым месцы, і ў 1886 годзе пачаліся працы па ўзвядзенні новага храму з бутавага каменю з адпаведным плотам. Не адно дзесяцігоддзе доўжылася праца, і толькі ў 1909 годзе касцёл быў кансэкраваны пад гістарычным тытулам Найсвяцейшай Тройцы.
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Германішках
Наш пашанцавала і мы трапляем унутр храму. Аздабленне камусьці можа падацца занадта сціплым, але ў гэтым і ёсць сапраўдная прыгажосць касцёла ў Германішках. Лаканічнасць, сціпласць і нават камернасць вонкавага і ўнутранага досыць добра складаюцца ў нейкі такі маналіт і назаўсёды застаюцца ў памяці наведвальнікаў. У 1965 годзе пасля закрыцця і разрабавання касцёл быў зачынены і аднавіўся толькі ў 1987 годзе. Цікава, што пасля аднаўлення ў левым алтары з’явіўся абраз Божай Міласэрнасці, але ж дзейнічаючы пробашч з гістарычных крыніцаў даведаўся, што раней на гэтым месцы быў абраз Святой Ганны і вярнуў алтару ягоны першапачатковы выгляд. Мясцовыя жыхары гэтым вельмі ганарацца і нават лічаць абраз Святой Ганны цудатворным.
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Германішках
Натхнёныя германішкінскай прыгажосцю, выязджаем далей па маршруце і пасярод поля бачым руіны нейкага цікавага помніка архітэктуры. Некалькі хвілінаў пошуку і даведваемся, што гэта рэшткі лютэранскага збору і адначасова капліцы-пахавальні былых уладальнікаў Гайцюнішак ад Нонхартаў да Остэн-Сакенаў, які быў пабудаваны на пачатку XVII стагоддзя. Так, самі Гайцюнішкі з ягоным вядомым домам-фартэцыяй у лічаным кіламетры, але ж наведванне спецустановы для псіхічна хворых злачынцаў з ягонай кантрольна-прапускной сістэмай у нашыя плане не ўваходзіць. Прабачце.
Капліца ў Гайцюнішках
Набліжаемся да беларускай мяжы і збочваем у вёску Канвелішкі, дзе нас чакае яшчэ адна мясцовая цікавостка. Канешне, размова аб касцёле Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Нягледзячы на ягоны адносна малады ўзрост (пабудаваны ў 1925 годзе), ён мае рэгаліі адзінага драўлянага неагатычнага і найвышэйшага драўлянага касцёла на Беларусі. Таксама цікава, што нават у савецкі час касцёл працягваў сваю дзейнасць, а ў 1970 годзе і ўвогуле атрымаў статус помніка архітэктуры. Вельмі прыгожы і незвычайны храм выглядае так, нібыта яго дбайна і рупліва склаў з нейкіх велічэзных запалак невядомы Майстар.
Касцёл Найсвяцейшага Сэрца Езуса
Не шанцуе, так не шанцуе! Зноўку мы засталіся без агляду ўнутранага хараства храму. Прыгадалася прымаўка: «Не ўвесь час кату тварог — бывае і пысай аб парог!» Сёння гэта дакладна пра нас. Аднак зусім побач з касцёлам ёсць старыя могілкі з цікавымі помнікамі, таму рушым туды.
Могілкі ў Канвелішках
З нагоды таго, што нам не давялося трапіць унутр чарговага храму і засталося трошкі часу, мы вырашылі накіравацца ў вёску Ліпнішкі да касцёла Святога Казіміра, які з’яўляецца яшчэ адным выбітным помнікам неаготыкі пачатка ХХ стагоддзя. Вялікі шпіль бачны здалёк, нягледзячы на даволі шчыльную дымку ў вераснёўскім паветры. Гісторыя каталіцтва ў Ліпнішках пачынаецца з 1510 году і драўлянага касцёла св. Ганны, які быў знішчаны падчас Паўночнай вайны са шведамі. Нанова адбудаваны ў 1804 годзе храм пратрымаўся і таго менш, бо загінуў у вогнішчы пажару 1890 году. На пачатку ХХ стагоддзя тагачасны ўладар мястэчка Аляксандр Вольскі вырашаў ахвяраваць грошы на новы касцёл, і ў 1910 годзе пачалося будаўніцтва. Натуральныя камяні збіралі па наваколлях і абчэсвалі, цэмент вышэйшага гатунку вазілі з Ваўкавыску, нават святары побач з мясцовымі жыхарамі працавалі над будынкам новага храму. У 1915 годзе ён быў узведзены, хаця работы над унутраным аздабленнем і ўпрыгожваннем вяліся ажно да 1927 году.
Касцёл Святога Казіміра
Вароты брамы адчынены, і мы з надзеяй рушым да дзвярэй касцёла. Не, ізноў не тварог, а парог. Нічога, вакол храму таксама вельмі цікава. Леваруч месцяцца некалькі сціплых могілак. На адной можна прачытаць аб Міхаліне Даманоўскай, якая загінула ад авіябомбы ў 1941 годзе. Праваруч ля сцяны асобная магілка Станіслава Вольскага, які, судзячы па датах жыцця, цалкам верагодна быў бацькам фундатара храму. Прыгадваем, што адначасова з канвелішкінскім касцёлам Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў 1970 годзе статус помніка архітэктуры атрымаў і гэты самы касцёл Святога Казіміра.
Касцёл Святога Казіміра
Вось і падышла да завяршэння першая восеньская вандроўка. Зноўку час вяртацца. Так, ведаем, што побач яшчэ засталіся Геранёны і Тракелі з Беняконямі, але ж вы памятаеце, што час ад часу мы вяртаемся да пройдзеных маршрутаў і дапрацоўваем іх. Тым больш, што ў нас тут засталося некалькі незакрытых гештальтаў! Парог павінен змяніцца тварагом — дакладна кажам, тым больш для коцікаў. Пішыце, замаўляйце і падказвайце нам новыя цікавыя напрамкі. Бывайце здаровы і сустракайце прыгожую восень — яна будзе проста агонь!
Шаноўныя чытачы, мы вельмі хочам паказваць вам Беларусь: мясціны, па якіх вы сумуеце, ці тыя, якія вы, магчыма, раней не бачылі. Таму заклікаем вас замаўляць нам новыя маршруты вандровак па родным краі. Раскажыце, якія вуліцы, раёны, гарады і вёскі вы хочаце ўбачыць, у чым іх адметнасць, чым яны дарагія менавіта вам. Звязацца з рэдакцыяй можна праз электронную пошту novychas@gmail.com ці прыватным паведамленнем у нашых акаўнтах у сацыяльных сетках.