Журналістка TUT.BY пасля допыту ў ДФР: Мы павінны стаяць адзін за аднаго, толькі так наш народ пераможа
Журналістка разгромленага партала TUT.BY Адар'я Гуштын учора перажыла шматгадзінны допыт у Дэпартаменце фінансавых расследванняў КДК. На шчасце, у адрозненне ад шматлікіх калег, яе не затрымалі. Пасля вяртання на волю дзяўчына падзялілася ўражаннямі на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
— Сябры, дзякуй усім, хто за мяне перажываў! — напісала Адар'я Гуштын. —
Я пакуль на свабодзе. Пакуль, таму што ўчора да апошняй хвіліны на допыце я не ведала, вярнуся дадому ці паеду на Акрэсціна.
На допыце я зразумела, што адным з самых правільных рашэнняў у маім жыцці было атрымаць юрыдычную адукацыю. Магу сказаць, што сам допыт праходзіў даволі спакойна, хоць і доўга, ставіліся да мяне карэктна, пагрозаў не было. Увесь дзень побач са мной быў мой адвакат Андрэй Мачалоў, герой і суперпрафесіянал. А калі я выйшла, родныя, сябры і калегі сустракалі мяне так, нібыта я вярнулася з вайны.
Дзякуй усім за падтрымку, я вас люблю! Я пакуль у статусе сведкі, пад падпіскай аб неразгалошванні.
Магу даць адну карысную параду: калі вас выклікаюць на допыт, добра паспіце напярэдадні. Я не спала тры ночы да таго, апошнюю ноч не заснула ні на хвіліну, таму ў нейкі момант я ледзь не вырубілася на самім допыце, а там важна мець добрую канцэнтрацыю ўвагі. Як вы ведаеце, за кратамі застаецца шмат маіх калег — сумленных і смелых людзей. Я прашу вас падтрымаць іх, як можаце. Мы павінны стаяць адзін за аднаго, толькі так наш народ пераможа. Жыве Беларусь!