Сяргей Чалы спыніў стрымы на сваім youtube-канале. Іх глядзелі сотні тысяч людзей
Вядомы палітычны і эканамічны аналітык Сяргей Чалы вырашыў прыпыніць прамыя ўключэнні ў youtube па суботах. Сёння мусіў быць адбыцца чарговы стрым, але ўжо дакладна яго не будзе.
Пра закрыццё каналу Сяргей Чалы паведаміў у сваім тэлеграм-канале.
«На жаль, сёння стрыма не будзе. Сам канал адпраўляецца ў адпачынак на невызначаны тэрмін. Прычына, як вы зразумелі, у непераадольных цяжкасцях. Са мной усё добра. Не разбягайцеся», — напісаў папулярны эксперт.
Стрымы Сяргея Чалага ў youtube карысталіся вялікім попытам у аўдыторыі. Колькасць праглядаў кожнага выпуска стабільна перавальвала за 100 тысяч.
Таксама аналітык цесна супрацоўнічаў з парталам TUT.BY, які цяпер заблакаваны, а многія супрацоўнікі затрыманыя па крымінальных абвінавачваннях. Сярод тых, кто ў няволі па «справе TUT.BY», ёсць і Вольга Лойка — сааўтарка Сяргея Чалага па праекце «Эканоміка на пальцах».