Зноў залунае наш штандар!

Не ведаючы, як задушыць прагу людзей да волі, справядлівасці і лепшага жыцця, улада з новай сілай пачала змагацца са сцягамі.

partyzanski_marsz_fota_dzmitryja_dzmitryeva__38__logo_1.jpg


Іх зрываюць і топчуць, вырубаюць з-пад ільду і высякаюць з дрэваў, зафарбоўваюць і затынкоўваюць, зразаюць і выпальваюць. За іх штрафуюць і саджаюць на суткі. Але кожны дзень яны з’яўляюцца зноў. БЧБ-сцягі, бчб-рушнікі, елкі, снегавікі, сняжынкі, шкарпэткі, ліхтары, гірлянды, дзіцячыя горкі, кветнікі… Бясконцы спіс. Бясконцая фантазія свабодных людзей.
Кажуць, з набораў каляровага кардону зніклі чырвоныя аркушы. У кафетэрыях забараняюць вырабляць бчб-жэле. Дзесьці здымаюць з продажу чырвоныя тканіны. Барацьба з бел-чырвона-белым выходзіць на новы ўзровень. Гэта ўжо не проста змаганне з сімвалам. Гэта вар’яцкі навязлівы страх. Страх таго, што раптам якім-небудзь марозным ранкам бел-чырвона-белы сцяг залунае на Карла Маркса, 38.
Лунае, нескароны,На векавых вятрахНаш, ад крыві чырвоны,Ад болю белы, сцяг.Наш бел-чырвона-белы,Нябесны, вольны, смелы,Наш бел-чырвона-белы,Наш сцяг! Наш сцяг! Наш сцяг!
Гэты верш Уладзіміра Някляева набыў у гэтым годзе асаблівы сэнс. Асаблівае гучанне.
І магчыма адзінае, за што я падзякавала б Лукашэнку, — 14 траўня 1995 года ён прыбраў свае рукі ад нашага сцяга. І таму сёння на аўтазаках і на дахах турмаў — сімвалах сённяшняй улады — мы бачым іншы сцяг. І таму сёння, як бы ні старалася прапаганда, як бы ні шчыравалі «людзі» ў чорным, бел-чырвона-белы сцяг не толькі сімвал пратэсту — ён стаў штандарам свабоды.
Можна адправіць за краты палову краіны, можна ўвогуле забараніць усё белае і чырвонае якім-небудзь чарговым бязглуздым дэкрэтам, можна збіваць да смерці і прымушаць выціраць ногі аб сцяг. Ёсць сотні спосабаў катаванняў, у зла шмат магчымасцяў прымусіць пакутаваць дабро. Але няма такой сілы, якая магла б перамагчы мільёны людзей, акрыленых ідэяй стаць свабоднай нацыяй. Няма такой моцы, якая б спыніла пульсуючую чырвоную кроў свабоднай нацыі.
Час няўмольны і нястомны. Яго не спыніць. Гадзіннік адбівае пераможны час. Той, калі, як у песні, «зноў залунае наш штандар»! Залунае ў вольнай Беларусі.