Затрыманыя стваральнікі сайтаў, што дапамагалі беларускім прызыўнікам
ГУБАЗіК затрымаў адміністратараў і ўладальнікаў сайтаў, што дапамагалі прызыўнікам.
У Беларусі днямі перасталі працаваць сайты prizivnik.by і armyhelp.by, якія кансультавалі прызыўнікоў, у тым ліку і наконт пытання адтэрміноўкі ад войска.
Чацвёра адміністратараў і ўладальнікаў сайтаў былі затрыманыя супрацоўнікамі ГУБАЗіК. Пра гэта стала вядома з “відэа з палону”, што былі размешчаныя ў праўладных тэлеграм-каналах, адзначае АФН.
Сілавікі паведамляюць, што з кампутараў затрыманых была знятая ўся інфармацыя пра асобаў, якія звярталіся па дапамогу.
Праўладныя телеграм-каналы пішуць, што «канторкі для ўхілістаў прыхлопнутыя», а іх уладальнікі «добраахвотна» і «ўласнаручна» напісалі заявы аб ліквідацыі кампаній. Пакуль цяжка сказаць, ці насамрэч такія заявы былі напісаныя, тым больш «добраахвотна».