Затрыманая супрацоўніца офіса ААН у Беларусі
10 кастрычніка была затрыманая Анора Лангар, супрацоўніца офіса ААН у Беларусі. Пра гэта паведамляе Ілля Міронаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
У 9 раніцы за ёй прыехалі на лецішча яе бацькі ў 30 км ад Мінска супрацоўнікі ў цывільным. Напачатку яны мелі намер павезці яе з сабой у аддзяленне міліцыі для размовы, аднак ніякай позвы на руках не было. Адпаведна ехаць па запрашэнні «на словах» яна адмовілася.
Праз 3 гадзіны да Аноры прыехаў супрацоўнік офіса з яе месца працы, каб растлумачыць сітуацыю. У суправаджэнні супрацоўніка офіса, бацькі Аноры і міліцыянтаў у цывільным Анора была дастаўлена ў Першамайскае РУУС г. Мінска. Як стала вядома, праз гадзіну ў кватэры па месцы жыхарства быў праведзены ператрус у выніку якога нічога не было канфіскавана.
Далей стала вядома, што Анору перавезлі ў ІЧУ. Сваякі паспрабавалі перадаць ёй асабістыя рэчы першай неабходнасці, але ім у перадачы адмовілі.
Адвакат, сваякі і супрацоўнікі з месца працы прыкладаюць усе намаганні, каб высветліць падставы затрымання Аноры Лангар.
Анора Лангар — супрацоўніца офіса ААН Беларусі, папярэдняя дзейнасць звязаная з беларускім экалагічным рухам.
Некалькі тыдняў таму Анора выступіла сведкай на судзе ў экалагічнай актывісткі, сябра рады грамадскага аб'яднання «Экадом» Ірына Сухій, у дачыненні да якой быў праведзены адміністрацыйны арышт.