За абразу намесніка міністра МУС — паўтара года «хатняй хіміі» і тысяча рублёў кампенсацыі

 Алену Новікаву асудзілі за каментар пад артыкулам. Тэлефон канфіскавалі як сродак здзяйснення злачынства.

novikava_alena_sud.jpg

У судзе Мінскага раёна 8 ліпеня вынесены прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да жыхаркі Ждановічаў Алены Новікавай. Яе вінавацяць ў абразе прадстаўніка ўлады па артыкуле 369 КК.

Справу разглядае суддзя Анжаліка Казлова, дзяржабвінаваўца — памочнік пракурора Крысціна Касінская.

Па матэрыялах следства, 5 сакавіка Новікава з выкарыстаннем інтэрнэту ў ТГ-канале “Тыповая Беларусь” пакінула зняважлівы каментар пад матэрыялам пра намесніка міністра ўнутраных спраў Генадзя Казакевіча.

Новікаву затрымалі 27 красавіка, а 30 красавіка адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе. Сваю віну прызнае цалкам. Кажа, што слова “с*ка” тычылася не канкрэтна Казакевіча, а артыкула ўвогуле.

7 ліпеня пацярпелы ў суд не з’явіўся, просіць суд разгледзець справу ў яго адсутнасць. Таксама заяўляе матэрыяльную прэтэнзію у якасці кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 1 000 рублёў.

“Новікава спрабавала сваім каментарам перашкодзіць мне выконваць свае абавязкі”, — напісаў Казакевіч у заяве.

Абвінавачаная прыйшла на працэс без адваката. Суддзя запыталася — чаму без адваката, па матэрыяльных прычынах? Новікава адказала, што так, па матэрыяльных.

У ТГ-канале быў змешчаны артыкул аб мітынгах, дзе Казакевіч назваў пратэстуючых наркаманамі, алкаголікамі, дармаедамі.

Суддзя пытаецца, адкуль Новікава ведае, хто ходзіць на мітынгі, самі хадзілі?

Новікава:

— Толькі 16 жніўня, але ёсць знаёмыя, якія наведваюць. Столькі няма ў нас наркаманаў-дармаедаў.

— Якія мэты пераследавалі? — пытаецца суддзя.

— Ніякіх, напісала і напісала.

Між тым, у справе ёсць паказанні, што Новікава апублікавала гэты каментар з помсты Казакевічу за ягоныя дзеянні.

— Тады я не разумела, што гэтым словам абражаю. Проста тады не спадабаўся артыкул, — тлумачыць яна.

У судзе дапытваюць сведку Яўгена Калінку, супрацоўніка Галоўнага ўпраўлення ўласнай бяспекі МУС:

— Калі 16 красавіка мы прыйшлі з ператрусам у кватэру да Новікавай, яна сама выдала тэлефон, разам агледзелі ТГ, знайшлі каментар. Не адмаўляла, што гэта зрабіла яна на эмоцыях, прачытала артыкул і каментары, слова адрасавалася Казакевічу. Размяшчала каментар пад сваім імем Алена Новікава.

У справе — вынікі экспертызы, у якой зроблены агляд ўсіх каментароў да гэтага артыкула. У каментары Новікавай дадзеная негатыўная ацэнка Казакевіча, у тым ліку, слова "сука".

Сёння суддзя вынес прысуд: адзін год і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу. Абавязковае працаўладкаванне.

Задаволены матэрыяльны пазоў у памеры 1 000 рублёў.

Тэлефон канфіскаваць як сродак здзяйснення злачынства.