«Выходзіць, кожны можа надзець маску і пайсці беспакарана збіваць»
Суразмоўца «Белсату» Іван 6 верасня трапіў пад раздачу невядомых людзей у масках на праспекце Пераможцаў. Неапазнаныя мужчыны кінуліся на яго і пачалі збіваць. Іван распавядае, як гэта было.
6 верасня на нядзельным пратэсце ў Менску, на які выйшлі сотні тысяч людзей, адбыліся жорсткія затрыманні. На вуліцах сталіцы з дубінкамі ды ў балаклавах былі не толькі байцы АМАПу, але і сілавікі ў цывільным. З іншага боку невядома, ці гэта сапраўдныя «праваахоўнікі».
«У цэнтры я быў праездам, ехаў у краму па абутак, проста шпацыраваў і размаўляў з сябрам па тэлефоне. Вядома, я бачыў людзей са сцягамі, якія ішлі наперадзе, метраў за дваццаць ад мяне. І тут яны раптоўна пабеглі. Я не спыняўся, але і не бег. Калі абярнуўся, пабачыў, што ў наш бок бягуць людзі з дубінкамі. Адзін з іх мэтанакіравана ляцеў на мяне. Я спрабаваў уцячы, але было позна.
Спачатку да мяне падбег адзін з крыкамі: «На зямлю, сука, рукі за галаву», паваліў, ударыў, але не моцна. Ён пабег далей, але падляцеў другі ды пачаў ужо моцна збіваць па нагах і руках. Я гаварыў, што ішоў у краму, але на яго нічога не дзейнічала. Ён працягваў мацюкацца і моцна лупцаваць. Калі ён пабег далей, да мяне падбегла дзяўчына, лягла на мяне са сцягам.
Да нас падбег амапавец і сказаў уцякаць у бок кавярні. Мы пабеглі, у дзяўчыны вырвалі сцяг, а мяне прапаноўвалі адвесці ў «ціхае, спакойнае месца». Гэта ўжо былі не ціхары, а людзі ў форме. Мінакі мяне адбілі ды завялі ў кавярню, выклікалі хуткую дапамогу, далі болесуцішальныя лекі. Я не адчуваў ручыцы, балеў копчык. Мяне адвялі ў хуткую дапамогу, праверылі – пераломаў няма. Я напісаў распіску, што не маю патрэбы ў шпіталізацыі».
Іван не бачыць сэнсу ісці падаваць скаргу ў міліцыю, бо гэтыя ж людзі чыняць бяспраўе на вуліцах.
«Я ніколі не ўдзельнічаў у акцыях, ніколі не цікавіўся палітыкай. Я быў нейтральным чалавекам, але мой светапогляд моцна змяніўся. Барадатыя людзі з дубінкамі, у цывільным, бегаюць па горадзе. Выходзіць, кожны можа надзець маску і пайсці беспакарана збіваць. Страшна хадзіць па вуліцах.
Я не ведаю, ці пайшоў бы цяпер на акцыю, але я адчуў жах і нечаканасць, што такое ўвогуле адбываецца. Гэта перагіб з боку сілавікоў. Пратэстоўцы нічога не робяць, яны мірна выходзяць. Гэтак я бачу сітуацыю збоку. Жорсткае збіццё людзей неапраўданае, неправамернае».
Паводле звестак МУС, 6 верасня сілавікі затрымалі 633 чалавекі, 363 – судзілі.