Сусветныя лідэры падтрымалі мірны «мінскі пратакол»

Лідэры ЗША і вядучых краін ЕС напярэдадні саміту дзяржаў Еўрасаюза і Азіі ў Мілане правялі сумесную відэаканферэнцыю, у ходзе якой падтрымалі падпісаны 5 верасня ў Мінску пратакол аб мірным урэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны.



lead.jpg

Сітуацыя ва Украіне разам з распаўсюджваннем ліхаманкі Эбола і барацьбой з радыкальнымі ісламістамі ў Іраку і Сірыі стала адной з трох тэм, якую абмеркавалі сусветныя лідэры: прэзідэнт ЗША Барак Абама, канцлер Германіі Ангела Меркель, прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд, прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Дэвід Кэмеран і прэм’ер-міністр Італіі Матэа Рэнца, перадае БелаПАН.

«Кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў падкрэслілі важнасць поўнай і эфектыўнай рэалізацыі мінскага пратакола ад 5 верасня, перш за ўсё ў частцы гарантыі поўнага спынення агню, адводу войскаў, кантролю расійска-ўкраінскай мяжы АБСЕ і працягу вызвалення палонных», — гаворыцца ў паведамленні Елісейскага палаца — рэзідэнцыі прэзідэнта Францыі.

Лідэры выказаліся за аднаўленне ва Украіне нацыянальнага дыялогу і працяг дэцэнтралізацыі. У ходзе відэаканферэнцыі было падкрэслена, што запланаваная на палях саміту ў Мілане (16-17 кастрычніка) сустрэча прэзідэнтаў Украіны Пятра Парашэнкі і Расіі Уладзіміра Пуціна павінна паслужыць прагрэсу «з пункту гледжання палітычнага рашэння крызісу».

15 кастрычніка ў Берліне на прэс-канферэнцыі па выніках перамоваў з прэм’ер-міністрам В’етнама Нгуен Тан Зунгам Ангела Меркель паведаміла, што будзе абмяркоўваць «увесь спектр пытанняў, звязаных з Украінай», на сустрэчы з Пуціным у Мілане. «Гэта і газ, і мінскае пагадненне, — сказала яна. — Я чакаю адкрытага абмену думкамі і прагрэсу ў рэалізацыі гэтага дакумента. Гэты прагрэс яшчэ не дасягнуты. Таму мы будзем казаць аб тым, як ажыццявіць мінскае пагадненне».

У той жа дзень Пётр Парашэнка ў Кіеве на перамовах з кіраўніком спецыяльнай маніторынгавай місіі АБСЕ Эртугрулам Апаканам заявіў, што па сканчэнні месяца пасля падпісання ў Мінску пратаколу ўдзельнікамі трохбаковай кантактнай групы па Украіне і сепаратыстамі не ўдалося дасягнуць міру ў Луганскай і Данецкай абласцях. Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, Парашэнка падкрэсліў, што, нягледзячы на напады баевікоў, украінскія войскі з вялікай адказнасцю ставяцца да захавання рэжыму спынення агню.

Нагадаем, па выніках сустрэчы паміж прадстаўнікамі Украіны, «ДНР» і «ЛНР» з удзелам АБСЕ ў Мінску 5 верасня быў падпісаны пратакол аб спыненні агню на Данбасе.

19 верасня ўдзельнікі кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на ўсходзе Украіны падпісалі Мемарандум аб выкананні пратакола ад 5 верасня, які складаецца з 9 пунктаў: спыненне прымянення зброі абедзвюма бакамі, прыпынак падраздзяленняў і фарміраванняў на пазіцыях стане на 19 верасня, забарона на ўжыванне ўсіх відаў зброі і наступальных дзеянняў.

Акрамя гэтага, мемарандум прадугледжвае адвод буйнакалібернай і цяжкай зброі на адлегласць не менш за 15 км. з кожнага боку. Такім чынам, ствараецца зона бяспекі шырынёй не менш за 30 км, уводзіцца забарона на палёты баявой авіяцыі, у тым ліку беспілотных лятальных апаратаў, за выключэннем апаратаў АБСЕ. Таксама ўводзіцца забарона на выкарыстанне замежных баявых лятальных апаратаў.

Апошні пункт — вывад усіх замежных узброеных фарміраванняў з тэрыторыі Украіны. Таксама прадугледжаны вывад усіх так званых наймітаў. Акрамя таго, дакумент прадугледжвае забарону на ўстаноўку новых мінных збудаванняў паблізу населеных пунктаў, а таксама патрабаванне па размініраванні ўжо існых прылад.