Судовы канвеер працягваецца ў Мінску. Судзяць палітыкаў і паэтаў

З раніцы 30 снежня ў судах Мінска пачаліся працэсы над удзельнікамі мірных акцый пратэсту супраць інтэграцыі з Расіяй, якія адбыліся 7 і 8 снежня.

sadouski_petr_sud3.jpg


Суд Цэнтральнага раёна

У 9.15 у судзе Цэнтральнага раёна пачаўся разгляд адміністрацыйнай справы па ч. 3 арт. 23.34 у адносінах да Максіма Урбановіча, які зараз адбывае 15 сутак арышту. Суддзя Валеры Есьман зрабіў перапынак у працэсе да 15 гадзінаў, бо чакаюць нейкі факс.

Наступны суд над Максімам Урбановічам павінен быў адбыцца за яго ўдзел у акцыі 8 снежня ў 9.45, аднак суддзя Таццяна Акавітая таксама аб'явіла перапынак да 12 гадзінаў 20 хвілінаў 31 снежня.

У 9.15 гадзін раніцы павінны былі адбыцца разгляды спраў у дачыненні да Андрэя Шарэнды і Ю. Татур. Вынікі ўдакладняюцца.

 

sud_centralny_30.12.19.jpg

 

У 10.15 пачаўся суд над беларускім мовазнаўцам Пятром Садоўскім.

 

Пётр Садоўскі ў судзе

Пётр Садоўскі ў судзе

 

Яго вінавацяць па частцы 1 арт. 23.34 КаАП, справу разглядае суддзя Іван Касцян.

 

Суддзя Іван Касцян разглядае справу супраць Пятра Садоўскага

Суддзя Іван Касцян разглядае справу супраць Пятра Садоўскага

 

Падтрымаць Пятра Садоўскага прыйшло шмат людзей.

 

sadouski_petr_sud.jpg


Супраць Пятра Садоўскага сведчаць міліцыянеры Андрэй Штоп і Раман Герасімовіч. Суддзя Іван Касцян абвясціў перапынак да 16 гадзінаў.

Тым часам у 10.15 суддзя Юлія Густыр пачала разгляд справы супраць Алены Янушкоўскай. Жанчыну абвінавачваюць у тым, што яна падчас акцыі пратэсту 7 снежня трымала мікрафон і прамаўляла ў яго. Сама яна ў суд не з'явілася. Сведкай выступіў супрацоўнік міліцыі Міцін. У пасяджэнні таксама аб'яўлены перапынак для вынясення рашэння да 15.20. У адносінах да Алены Янушкоўскай сёння прызначаны яшчэ адзін судовы працэс — у 12.50 судзіць будзе Іван Касцян.

Паралельна адбыўся працэс і над Андрэем Хранковым. Яго справу па ч. 3 арт. 23.34 КаАП за ўдзел у акцыі 7 снежня разглядаў Валеры Есьман.

А ўжо ў 10.45 суддзя Таццяна Акавітая пачала разгляд справы супраць Андрэя Хранкова за яго ўдзел у акцыі 8 снежня. Сведкамі выступаюць супрацоўнікі АМАП Місючэнка і Кірыл Казадой, які да гэтага сведчыў па справе Максіма Урбановіча. Цягам года актывіст неаднаразова прыцягваўся да адказнасці за ўдзел у масавых мерапрыемствах. Рашэнне па яго справе будзе аб'яўлена заўтра — 31 снежня ў 12.40.

Раней за прызначаны час пачаўся разгляд справы супраць Андрэя Сюдака. Актывіста вінавацяць па ч. 1 арт. 23.34 КаАП за ўдзел у акцыі 7 снежня. Судзіць Юлія Густыр. Сведкам выступіў супрацоўнік міліцыі Аляксандр Ганчаронак, другі сведка-міліцыянт Міцін на пасяджэнне не з'явіўся. У судзе перапынак да 15.40.

Наступны працэс у суддзі Юліі Густыр — справа супраць Пятра Садоўскага. Гэтым разам мужчыну абвінавачваюць у парушэнні правілаў удзелу ў масавым мерапрыемстве, што адбылося 7 снежня. Сведкі-міліцыянты на працэс не з'явіліся, прычынаў не патлумачылі. Пётр Садоўскі прапанаваў суду перадаць свае паказанні ў пісьмовым выглядзе, бо мяркуе, што сакратар суда будзе весці запісы недакладна. Таксама Пётр Садоўскі прапанаваў весці працэс на беларускай мове, суддзя пагадзілася.

Пётр Садоўскі просіць суд таксама адправіць пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні ў РУУС, бо ў ім ёсць прыкметы ілжэсведчання міліцыянераў. Мужчына кажа, што 7 снежня ў 12 гадзінаў не быў на плошчы, а знаходзіўся дома з тэмпературай. На плошчу прыехаў толькі каля 15 гадзінаў, пабыў там 30–40 хвілін і вярнуўся дадому. А ў пратаколе, які зачытваецца, напісана, што быў у 12 гадзін на плошчы, трымаў бела-чырвона-белы сцяг. Дэманструецца фота з відэакамеры, дзе нібыта зафіксаваны Пётр Садоўскі. Аднак мужчына сцвярджае, што на здымку — не ён, і нават курткі такой у яго няма. Прысутныя ў залі суда смяюцца.

Суддзя абвясціла перапынак, разгляд працягнецца 9 студзеня ў 12 гадзінаў.

Другі судовы працэс Алены Янушкоўскай па невядомых прычынах быў перанесены з 12.50 ад суддзі Івана Касцяна на 10.55 да суддзі Валерыя Есьмана.

 

Суд Ленінскага раёна

У 11.30 у судзе Ленінскага раёна пачаўся працэс супраць беларускага гісторыка і паэта Уладзіміра Арлова. Яго адміністрацыйную справу па ч. 1 арт. 23.34 КаАП разглядае суддзя Марына Запаснік. У залі суда шмат сябраў і паплечнікаў Уладзіміра Арлова, аднак сам гісторык знаходзіцца па-за межамі краіны. Ён хадайнічаў аб разглядзе справы ў яго адсутнасць.

Сведкі таксама ў працэс не з'явіліся. Суд прыняў рашэнне адкласці разгляд справы на 12 гадзін 10 студзеня.

Тым часам суддзя Юлія Шут разглядзела справу Наталлі Ладуцька, якую вінавацілі па ч. 1 арт. 23.34 КаАП.

Наталля Ладуцька ў судзе

Наталля Ладуцька ў судзе

Супраць жанчыны сведчыў міліцыянер Хуцкі. Адзін са сведкаў не з'явіўся на пасяджэнне. Абвешчаны перапынак да 10.00 9 студзеня.

Перапынак да 10 гадзінаў 9 студзеня абвешчаны і ў працэсе над Барысам Дуброўскім.

 

Барыс Дуброўскі ў судзе

Барыс Дуброўскі ў судзе

Яго справу разглядаў Аляксей Кісляк, сведкамі-міліцыянтамі заяўленыя Хуцкі і Вавенкоў.

 

barys_dubrouski_sud.jpg

 Суд над Зміцерам Казловым, больш вядомым як блогер Шэры кот, адкладзены на 9 раніцы 10 студзеня. На пасяджэнне не з'явіўся ні сам актывіст, ні сведкі-міліцыянты па яго справе Ціханаў і Грынеўскі. Праваабаронцам вядома, што Зміцер Казлоў знік і не выходзіць на сувязь больш за чатыры дні.

У 12.30 адбыўся працэс і над Барысам Анікеевым. Яго справу разглядаў суддзя Аляксей Кісляк.

 

Барыс Анікееў у судзе

Барыс Анікееў у судзе

На пасяджэнне з'явіўся толькі адзін сведка-міліцыянер — Раман Торык. Другі сведка — Шайло — не з'явіўся. Па выніку паседжанне адкладзенае на 12 гадзін 9 студзеня.

Актывістка Ніна Багінская прыйшла ў суд падтрымаць тых, каго сёння судзяць, у сваім "фірмовым" паліто. Міліцыянер суда папрасіў Ніну Багінскую не хадзіць з такой нашыўкай на спіне па суду.

 

sud_leninski_2_30.12.19.jpg

 Тут з'явіўся супрацоўнік у цывільным і пачаў здымаць на відэакамеру тое, што адбываецца, а міліцыянер суда нават не зрабіў яму заўвагу.

sud_leninski_30.12.19.jpg


У 14.30 пачаўся судовы разгляд справы супраць Віктара Кавалькова (айцец Вікенцій). Судзіць Аляксей Кісляк. Віктар Кавалькоў на працэс не з'явіўся, паседжанне праводзіцца ў яго адсутнасць. Супраць Кавалькова сведчыць супрацоўнік АМАП, які сцвярджае, што бачыў як айцец Вікенцій стаяў на прыступках, выкрыкваў словы супраць інтэграцыі з Расіяй, чытаў малітву. Сведка таксама ўпэўнены, што Віктар Кавалькоў усведамляў, што супрацоўнікі папярэджваюць яго пра ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Суд над айцом Вікенціем перанеслі на 9 студзеня на 14.15.


nekliaev_kalia_suda.jpg


Таксама ў 14.30 разглядаюць справу ў адносінах да паэта Уладзіміра Някляева. Старшынствуе Марына Запаснік, сведкамі выступаюць Іван Кавальчук і Петкін. 

Падтрымаць Някляева прыйшлі многія: Мікола Статкевіч з жонкай, Лявон Баршчэўскі, Андрэй Хадановіч, Таццяна Нядбай, Алена Танкачова, Ніна Багінская, Аляксандр Фядута і інш. Некаторыя людзі заклейваюць скотчам рты. Сведкі не з'явіліся. 

Уладзімір Някляеў завіў: "Абавязак кожнага грамадзяніна — абарона Рэспублікі Беларусь, падпісанне дарожных карт вядзе да страты незалежнасці". Распавёў, што яго ў Ленінскім судзе ўжо судзілі за заклік да ўдзелу ў акцыі, хаця экспертыза была, і ў словах Някляева заклікаў не знайшлі. Яму тады прысудзілі 10 сутак, схапілі яго, калі ён ішоў да доктара і ў яго быў перадінсультны стан. Тады ў судзе Някляеў папрасіў не знявольваць яго, пакуль ён не паправіцца. Але суддзя агучыла прысуд і сыйшла. У сувязі з гэтым зараз Някляеў заявіў адвод суддзі.

У судзе абвешчаны перапынак. Людзі крычаць "Ганьба!" і адмаўляюцца пакідаць залу на час перапынку. Міліцыя забараняе здымаць падчас перапынку.

80645371_599119167529598_3652641609599680512_n_logo.jpg
80782957_3037114659708758_4419830769912905728_n_logo.jpg

У спадарыні Ніны Багінскай сёння дзень народзінаў


Перапынак скончыўся. Падставаў для адводу суддзі няма. 

Уладзімір Някляеў заявіў: "Я хацеў бы, каб, калі вы прысудзіце мяне да турмы, мяне забралі прама адсюль. Бо я стаміўся хадзіць па вуліцы, азіраючыся на сінія бусікі. Пасля мінулага прысуда вашага калегі я ледзь не здох, бо ў мяне тройчы быў гіпертанічны крыз і мне не давалі лекаў". 

Па словах Някляева, ён прысутнічаў на акцыі, крычаў "Жыве Беларусь!" і пакідае суд, бо не хоча слухаць хлусню міліцыянтаў. Пад апладысменты паэт пакінуў залу суда.

Паседжанне перанеслі на 10 студзеня ў 10:00. Пры гэтым Уладзімір Някляеў не будзе ў ім удзельнічаць, бо з'язджае. 

spring96.org, НЧ