Сістэма Лукашэнкі можа выглядаць трывала. Пакуль з даху не ўпадзе лядзяш

Улады любяць хваліцца тым, як добра працуе іх стабільнасць, але насамрэч яна не ў стане супрацьстаяць нават гравітацыі.

fota_vitsebskaga_ablvykankama_galounae.jpg

18 снежня ў Віцебску з даху аднаго з шматкватэрных дамоў упала ледзяная глыба і забіла жанчыну. Загінулай было 39 гадоў.

19 снежня стала вядома аб траўмаванні супрацоўніцы ЖРЭУ ў Магілёве. Іронія лёсу: жанчына хацела праверыць, як камунальшчыкі прыбіраюць дах — з таго даху на яе і абрынулася снежная маса з ледзяшамі. Жанчыну шпіталізавалі з траўмамі.

Два аналагічныя выпадкі зафіксаваныя ў Гомелі. 18 снежня пацярпела дзяўчына, на якую зверху абрынулася ледзяная глыба. Яе забралі ў лякарню з чэрапна-мазгавой траўмай і страсеннем мозгу.

19 снежня снег з лёдам упаў на дзвюх гомельскіх пяцікласніц, якія вярталіся са школы. Адна атрымала лёгкія цялесныя пашкоджанні, другой пашанцавала менш — яе даставілі ў бальніцу. Пазней паведамлялася, што за жыццё і здароўе дзіцяці змагаюцца лекары.

20 снежня Генпракуратура адсправаздачылася аб тым, што яна ўмее лепш за ўсё, — аб узбуджэнні крымінальных спраў. Няма сумневаў, што вінаватых прызначаць і яны панясуць пакаранне. Але дрэннага надвор’я і законаў гравітацыі гэта не адменіць.

Чатыры выпадкі за два дні — можа здацца, што гэта няшмат. Але калі ўзяць да ўвагі, што падзенне ледзяша на галаву з гледзішча верагоднасці з’ява рэдкая, можна сабе ўявіць, колькі лёду і снегу мінулымі днямі валілася з дахаў па ўсёй Беларусі.

Увогуле снегу ў Беларусі ў першым зімовым месяцы выпала шмат — істотна звыш нормы. І, як можна было зразумець, сістэма аказалася да гэтага не гатовая. Камунальшчыкі спрабавалі чысціць дарогі, пасыпаць іх належнай сумессю — але лёгка згадаць шматлікія скаргі грамадзян на іх працу. Як звычайна, даходзіла да таго, што заняцца ўборкай улады прасілі саміх жыхароў, на такія працы выводзілі школьнікаў, а тэрыторыі дзіцячых садкоў упарадкоўвалі ў тым ліку сіламі саміх маленькіх выхаванцаў.

Якасць такога падыходу можна ўбачыць на здымку з віцебскага двара, дзе куском лёду забіла жанчыну.

fota_vetsebskaha_ablvykankama.jpg

Навіны ў гэтым няма, так адбываецца заўсёды, бо немач камунальных службаў перад прыроднай стыхіяй з’явілася не ўчора. Узяўшы ў дапамогу гугл, можна лёгка згадаць, як у выніку дажджу ў буйных гарадах вуліцы пераўтвараліся ў рэкі, па якіх плылі аўтамабілі. Як у выніку ветру ў малых населеных пунктах знікала электрычнасць. Як падалі дрэвы на машыны, як яшчэ нейкая трасца ўмешвалася ў шчаслівае жыццё беларусаў і ўлада нічога не магла з гэтым зрабіць.

Найбольш выразна дэструктыўную ролю дзяржавы паказала ў 2020 годзе пандэмія каронавірусу. Лукашэнка спачатку зрабіў выгляд, што вірусу не існуе, потым рэкамендаваў яго лячыць гарэлкай і лазняй, і ўрэшце ўся сістэма аховы здароўя разгублена села ў лужыну і не ведала, што рабіць. А людзі тым часам паміралі. Рэпрэсій яшчэ не было, медыкі ў лякарнях білі ў званы, і менавіта грамадства ў выніку ўключылася ў вырашэнне праблемы. Валанцёры, актывісты, грамадскія арганізацыі — гарызантальныя сувязі ў грамадстве замянілі хвалёную лукашэнкаўскую вертыкаль.

Пасля выбараў у 2020 годзе пачаліся масавыя пратэсты. Мяркуецца, што першасны імпульс ім надаў менавіта ковід, які прадэманстраваў грэблівае стаўленне лукашэнкаўскага рэжыму да людзей.

Грамадскую актыўнасць за кошт бязлітаснага гвалту і велізарных рэпрэсій Лукашэнка здушыў. Але сутнасць сістэмы засталася ранейшай, аніякіх урокаў тут зроблена не было.

Таму сёння як учора — ледзь недзе ўзнікае няштатная сітуацыя, як яна адразу ставіць дзяржаўную сістэму ў тупік. І дэманструе яе бездапаможнасць.

Амаль 30 гадоў Лукашэнка гераічна змагаецца з карупцыяй, потым раз — і выкрываюцца магутныя крадзяжы то ў малочнай галіне, то ў мясанарыхтоўцы. Дзесяцігоддзямі дзяржава падымае сельскую гаспадарку, «лідар нацыі» асабіста разбіраецца з «абас…нымі» каровамі, а потым раз — пракуроры гойсаюць па краіне і падлічваюць пагалоўе падзяжу жывёлы. «Сацыяльную арыентаванасць» сваю ўлады песцяць і хваляцца на ТБ, а потым раз — і сотні тысяч беларусаў з’язджаюць за мяжу, ствараючы вялізную нястачу рабочых рук на рынку працы. Аховай здароўя Лукашэнка выхваляўся і да, і пасля выбараў, нават ездзіў адкрываць новыя паліклінікі. Потым раз — і тысячы вакансій дактароў і медсясцёр, якія таксама рванулі за мяжу, дзе заробкі і павага. І так усюды. Як у той старадаўняй гісторыі, калі «ўзяўся за яйкі — знікла малако».

Кажуць, што сістэму вызначае не памылка, а рэакцыя на памылку. Дык вось спецыфіка рэжыму Лукашэнкі палягае ў тым, што ён ніколі не памыляецца. Таму і з рэакцыямі ў яго бяда. Прычым такая, што галоўнаму кіраўніку асабіста даводзіцца займацца вырашэннем дробных лакальных праблем. Звычайна — з вялікім шумам, але беспаспяхова.

На гэтым тыдні, напрыклад, ён рэгуляваў цэны на агуркі. А таксама корпаўся ў меліярацыі, дзе без яго мудрага кіраўніцтва ніяк не навучацца добра працаваць. Раней даваў каштоўныя парады наконт выпускных экзаменаў школьнікаў, размеркавання студэнтаў, уборкі кукурузы і працы маршрутак. Беларусь — краіна ручнога кіравання, і любы беларус добра ведае, з чыйго цела (і якой яго часткі) тыя рукі растуць. І што да ўсяго гэтыя рукі проста не дацягваюцца.

У дэмакратычных краінах усё ўладкавана інакш. Там вельмі моцнае ведамаснае і мясцовае самакіраванне. Грамадзяне галасаваннем абіраюць мэраў гарадоў і мястэчак, і тыя потым перад імі справаздачацца — не азіраючыся на правадыроў у сталіцах. Дрэнныя дарогі, непрыбраны снег, няма месцаў у садках альбо нізкія заробкі — за гэта адказвае найперш кіраўніцтва рэгіёна, якое заўсёды можна адправіць у адстаўку на бліжэйшых выбарах. Цяжка сабе ўявіць, каб у Польшчы прэзідэнт Анджэй Дуда кантраляваў уборку рапсу ў Люблінскім ваяводстве.

Аднойчы дэмакратыя вернецца ў Беларусь, і дзяржаўная сістэма запрацуе так, як мае быць. Кожны будзе займацца той справай, якая адпавядае яго ўзроўню і кампетэнцыі. А пакуль гэтага не адбылося, у краіне, на жаль, па-ранейшаму будуць падаць ледзяшы, псавацца лініі электраперадач і плаваць аўтамабілі пасля дажджу.