Рух «За Свабоду» патрабуе адмовіцца ад вучэнняў з Расіяй

Рада Руху «За Свабоду» прыняла заяву з нагоды правядзення ваенных вучэнняў «Захад-2017».

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

«Беларуска-расійскія ваенныя вучэнні «Захад-2017» пройдуць з 14 па 20 верасня на тэрыторыі Беларусі. У іх межах у нашу краіну прыбудуць, па афіцыйных звестках, да трох тысячаў расійскіх жаўнераў з прыцягненнем вялікай колькасці ваеннай тэхнікі», — нагадана ў заяве Рады Руху «За Свабоду».
Сябры Рады звярнулі ўвагу на тое, што адзін з удзельнікаў вучэнняў — Расія — «праводзіць агрэсіўную знешнюю палітыку і ўяўляе прамую пагрозу», ёсць небяспека для суверэнітэту Беларусі, «у выпадку калі расійскія войскі застануцца ў нашай краіне пасля завяршэння «Захаду-2017»». Акрамя таго, заклапочанасць пагрозай стабільнасці ў рэгіёне выказвалі кіраўнікі, палітыкі і прадстаўнікі грамадства краінаў-суседзяў (Польшча, Літва, Украіна), адным з умоўных праціўнікаў для ўдзельнікаў вучэнняў абвешчаная заходняя частка тэрыторыі Беларусі (т.зв. "Вейшнорыя").
«Мы лічым, што вучэнні «Захад-2017» супярэчаць палажэнні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь аб нейтральным статусе краіны і нацыянальным інтарэсам, бо ствараюць напружанасць у адносінах з еўрапейскімі краінамі і падрываюць рэпутацыю Беларусі як надзейнага партнёра, які прытрымліваецца нейтралітэту, палітыкі добрасуседства і з'яўляецца пляцоўкай перамоваў для ўдзельнікаў лакальных канфліктаў», — заявілі аўтары дакумента.
Рух «За Свабоду» падзяляе «засцярогі беларускага грамадства з нагоды выкарыстання пад час вучэнняў у якасці магчымага праціўніка часткі тэрыторыі Беларусі, т.зв. «Вейшнорыю»», «выказвае занепакоенасць скіраванасцю ўладаў Рэспублікі Беларусь на празмернае і аднабаковае супрацоўніцва з Расійскай Федэрацыяй у ваеннай сферы».
Арганізацыя запатрабавала: забяспечыць празрыстасць правядзення вучэнняў і грамадскі кантроль за імі, неадкладнага вывесці з Беларусі ўсіх замежных удзельнікаў вучэнняў пасля іх завяршэння, у далейшым адмовіцца ад выкарыстання частак Беларусі ў якасці ўмоўнага праціўніка пад час правядзення любых вучэнняў.
Акрамя таго, па меркаванняў аўтараў дакумента, неабходна «унесці змены ў Ваенную дактрыну Беларусі, улічыўшы, што на сёння пагроза агрэсіі можа сыходзіць для нашай краіны з боку Расіі, і пад час вайсковых вучэнняў трэба адпрацоўваць абарону ў тым ліку і ад яе».
«Рух «За Свабоду» выступае за мірную і нейтральную Беларусь, супраць замежных войскаў на тэрыторыі нашай краіны і вучэнняў з Расіяй, якая з'яўляецца краінай-агрэсарам», — заключыла Рада арганізацыі.
pyx.by