Ганна Севярынец: «Рэжым метадычна, ахайна, кожны дзень выразае з сябе ўсё жывое»

Цяпер гэта вельмі лёгка: бачыш жывое — яно будзе адной думкі з табой. Бачыш прыгожае, альбо таленавітае, альбо крэатыўнае — будзь упэўнены, гэта зрабіў той, хто стане з табой поплеч.

2020_12_02210056_tvib7_1.jpg


Раней, калі я выходзіла з бібліятэкі і шла да метро, глядзела на новыя дамы, пабудаваныя злачыннымі братамі Карычамі, на Дану Молл, на прыгожую падсветку на слупах і думала сабе: дзіўна, жывуць сабе людзі, і добра ім. Ім зусім не важна, што там недзе чарговы раз нехта сядзіць за кратамі, што некага забілі без суда, што некага асудзілі без віны, жывуць сабе, ходзяць у крамы, і магчыма, яны ў нечым правы — ім добра, а нас, каму нядобра, так няшмат, што мы мусім неяк цярпець, бо дэмакратыя — гэта ўлада большасці, і калі ты меншасць, то трывай. Мы тады часта гутарылі з Паўлам у тым сэнсе, што тыя, хто тады адкрыта змагаўся, змагаліся не дзеля людзей, бо людзям было нармальна. Змагаліся дзеля сябе, дзеля свайго сумлення.
А сёння я ішла і думала: Госпадзе, усё, што тут навокал прыгожага, зрабілі тыя людзі, якім не ўсё адно. Я памятаю, як мы ішлі маршам паўз бібліятэку — а на яе агляднай пляцоўцы лунаў наш сцяг, нехта пабачыў набліжэнне калоны і выскачыў на самы верх, і адкуль у яго сцяг узяўся ў бібліятэцы? Цяпер гэта вельмі лёгка: бачыш жывое — яно будзе адной думкі з табой. Бачыш прыгожае, альбо таленавітае, альбо крэатыўнае — будзь упэўнены, гэта зрабіў той, хто стане з табой поплеч.
У мяне цяпер даволі меланхалічны настрой, няма гістэрычнай радасці, але няма і вострай нянавісці, і я з немым здзіўленнем сачу за чарговымі звальненнямі ў сістэме: рэжым цяпер метадычна, ахайна, кожны дзень выразае з сябе ўсё жывое і мяняе на мёртвае. Ну гэта ж трэба быць такімі дурнямі, далібог: вышкрабаць усё, што варушыцца, і мяняць на тое, што гніе. Але ў іх няма выйсця: яны баяцца жывога, бо жывое жыве, пакуль рухаецца, а што не рухаецца — не жыве, яны б і хацелі, канешне, пажыць яшчэ, але як? Калі ты мёртвы — ты не жывы. Ну, некаторы час парыпіш, да першага ветру.
У нас у Смалявічах з'явілася дастаўка піцы. У Ільюхі быў дзень народзінаў, і мы вырашылі скарыстацца гэтым новым смалявіцкім сэрвісам. О, гэта проста цуд! Аператарка ператэліла адразу пасля заяўкі на сайце, усё ўдакладніла, высветліла нагоду свята, палічыла нам за дзень народзінаў зніжку, а назаўтра роўненька ў дамоўлены час прыехаў кур'ер. Мне было нават дзіўна пабачыць, што гэта не які-небудзь мажорны малады высокі хлопчык у фірмовай вопратцы, бо ўзровень сэрвісу вымагаў чагосьці гэткага, а прыехаў з піццамі такі звычайны смалявіцкі дзядзька: старэйшы за мяне, сухі такі, у чорнай куртцы, і піццы ў яго ў такой торбе шырокай, як на дачу бяруць. Я разлічылася, ён доўга-доўга ўглядаўся ў мяне, а потым раптам сказаў: "Жыве Беларусь!"
І піццы ў іх былі ачуменныя. Бо ў нашых людзей усё ачуменнае, а ўсё, што ачуменнае — зроблена нашымі людзьмі.
Не бойцеся. Мы пераможам:))
facebook.com