«Рэжым хоча поўнай капітуляцыі». Год таму быў зачынены Чырвоны касцёл

26 верасня мінуў роўна год з таго моманту, як у Мінску быў зачынены адзін з яго сімвалаў – Чырвоны касцёл. Фармальная нагода закрыцця – вельмі падазроны пажар, які амаль нічога не пашкодзіў. І хоць рамонтныя працы ў касцёле не ідуць, у святыню дагэтуль не пускаюць ані святароў, ані вернікаў, піша «Белсат».

_kascel___czyrvony_kascel___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1_1_1_1_logo.jpg.webp

Паводле афіцыйнай версіі Міністэрства надзвычайных здарэнняў, уночы 26 верасня 2022 года, у 03:35, у касцёле святых Сымона і Алены ў Мінску спрацавала пажарная сігналізацыя. Нібыта загарэлася электраправодка і была пашкоджаная маёмасць на плошчы каля 20 кв. м.

Неўзабаве адмысловая камісія пры адміністрацыі Маскоўскага раёну Менску вырашыла «часова забараніць эксплуатацыю будынку», каб аднавіць працу сістэмаў пажаратушэння, электрычнага абсталявання і праводкі, абследаваць канструкцыі. Выязджала на месца і адмысловая следча-аператыўная група, якая мусіла высветліць прычыны здарэння. Праўда, паводле вернікаў парафіі, аніякіх экспертызаў унутры не праводзілася, а перад тым, як з’явіўся дым, быў чутны грукат. Выклікала здзіўленне і тое, што практычна разам з МНС прыбылі АМАП і Следчы камітэт. Сілавікі забралі з будынку камп’ютары і сістэму відэаназірання. АМАПаўцы былі на плошчы Незалежнасці ўжо ў 03.38, і «ім паступіў загад перакрыць доступ да плошчы». Не пускалі ў тым ліку ратаўнікоў.

Вернікі падкрэслівалі, што ў выніку ўзгарання амаль нічога не пацярпела: «Было моцнае задымленне ў сакрыстыі [памяшканні, дзе захоўваюцца культавае начынне, службовае адзенне. – Рэд. Belsat.eu] і копаць на сценах па лесвіцы на другі паверх. У нас цэлыя шафы, не гарэлі кнігі. Ды ўвогуле не бачылі ў сакрыстыі адкрытага полымя, а там жа кругом люстэркі. Калі гарэла праводка, дык чаму не выбіла шчыт – святло ў цэнтральным нефе было».

Не абгарэла нават кніга малітоўных намераў, якая ляжала нібы ля самога агменя пажару.

«Што гэта за полымя такое нябачнае там шугала?» – задаваліся пытаннем парафіяне.

Дзіўныя рашэнні для афіцыйных тлумачэнняў

Каталіцкі актывіст Арцём Ткачук адзначаў, што касцёл закрылі, калі плошча пажару не перавашыла 20 квадратных метраў. Тады як нават пасля пажару ў Будслаўскім касцёле ў 2021 годзе на сотнях квадратных метраў, дзе цалкам згарэў дах, «у храм мог увайсці святар для неабходных прац, знутры зʼявіліся фота і відэа-матэрыялы, на месца здарэння прыбылі біскупы».

Больш за тое, што ў Будславе, дзе пажар здарыўся 11 траўня 2021 года, ужо 31 снежня – праз сем з паловай месяцаў – унутры ладзіліся службы.

Пасля пажару ў святыні ў Гожы ў 2018 годзе касцёл увогуле не зачынялі, не перапыняліся набажэнствы і пасля пажару ў алтары гарадзенскай катэдры ў 2006 года, хоць разбіральніцтва ішло паўтары гады.

Але Чырвоны касцёл не проста зачынілі. Прадпрыемства «Мінская спадчына», за якім касцёл замацавалі для гаспадарчага вядзення, апавясціла пра скасаванне дамовы карыстання святыняй. Ад парафіі запатрабалі забраць сваю маёмасць з будынку. Афіцыйная прычына – ён «прызнаны аварыйным і небяспечным». Пры гэтым высяленню падлягала і суседняя плябанія, дзе жылі святары і якая зусім не пацярпела ад агню.


Глядзіце таксама

У «Мінскай спадчыне» 6 кастрычніка заявілі, што касцёл зачынілі праз неабходнасць «гарантаваць бяспеку людзей, якія прыходзяць у Чырвоны касцёл, і захаванне самога комплексу будынкаў, якія з’яўляюцца аб’ектамі гісторыка-культурнай спадчыны і знаходзіцца пад абаронай дзяржавы». Нібыта інжынерныя сеткі «знаходзяцца ў непрацаздольным стане», а сістэмы «патрабуюць правядзення рамонтна-аднаўленчых работ, пералік якіх будзе вызначаны пасля дэталёвага абследавання». Заяўлялася, што па выніках абследавання мае быць распрацаваная праектная дакументацыя і выкананыя адпаведныя работы. Пакуль гэта не будзе зроблена, касцёлам забаронена карыстацца.

Дзяржаўныя медыі ў сваю чаргу абяцалі вылучыць вернікам Чырвонага касцёлу «часовае памяшканне для малітваў», але гэта так і не было зроблена.

Касцельны камітэт парафіі быў «катэгарычна не згодны» з раптоўным скасаваннем дамовы арэнды. Там таксама зняпраўдзілі афіцыйную версію пра тое, што пажар у касцёле стаў вынікам «парушэння правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання». У касцёле заявілі, што «канструктыўны дыялог» у Менгарвыканкаме не атрымаўся, і прапанавалі зрабіць патрэбны рамонт за свае грошы, а будынак перадаць каталікам.

Былі забароненыя і любыя набажэнствы. Першы намеснік старшыні Менгарвыканкаму Дзмітрый Мікулёнак адказаў, што «ўзгадніць правядзенне набажэнстваў у асобных памяшканнях касцёлу не ўяўляецца магчымым». Нельга маліцца і на вуліцы, бо гэта ўжо будзе масавае мерапрыемства, а ля касцёлу праводзіць іх нельга, бо побач урадавы будынак.

1 снежня Мінска-Магілёўская мітрапалітальная курыя агучыла шэраг захадаў дзеля таго, каб парафія працягнула існаваць. У прыватнасці, быў прызначаны новы адміністратар: замест Уладзіслава Завальнюка ім стаў ксёндз Юрый Санько. Святар мусіў адказваць за адміністрацыйныя справы парафіі і рамонт Чырвонага касцёлу, у тым ліку і весці перамовы з уладамі.  Дзейнасць парафіі была перанесеная ў катэдральны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі.

Упершыню прадстаўнікоў духавенства пусцілі ў касцёл толькі праз амаль тры месяцы – 19 снежня. Як распавялі святары, у будынку быў патрэбны рамонт толькі самой сакрыстыі. Парафія была гатовая зрабіць яго за кароткі тэрмін і за ўласныя сродкі. Аднак «Менская спадчына» патрабавала закрыць касцёл на рамонт, працягласць якога нават не вызначаная. Таксама адзначалася, што ў касцёле было цёпла, гарачыя батарэі, хоць у лістах, якія атрымліваў касцельны камітэт ад дзяржаўных установаў, паведамлялася, што ацяплення ў касцёле няма.

Маліцца нельга нават на вуліцы

Усе звароты да Аляксандра Лукашэнкі і Міністэрства замежных справаў былі праігнараваныя. У іх вернікі адзначалі, што інцыдэнт 26 верасня быў «вынікам неправамоцных дзеянняў нявыяўленых асобаў».

«Узгаранне, што адбылося ў ізаляваным памяшканні, не можа і не павінна пацягнуць прыпынення дзейнасці ўсяго аб’екту», – заяўлялі яны.

Былі забароненыя каля Чырвонага касцёлу і традыцыйныя вулічныя падзеі, як то велікодныя набажэнствы. Упершыню з 1990 года абмінула святыню і традыцыйная каталіцкая працэсія Божага цела, якая раней заўсёды спынялася ля касцёлу Святога Сымона і Святой Алены. Маліўся ля яго толькі самотны пробашч Уладзіслаў Завальнюк.


Глядзіце таксама

Гучнае маўчанне

Чым далей ад даты інцыдэнту, тым менш увагі прыцягвае да сябе закрыццё святыні. Сайт Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі апошні раз пісаў пра сітуацыю з Чырвоным касцёлам ажно 4 сакавіка — больш як паўгода таму.

«Справа не рухаецца, усё застаецца ў тым жа стане, у плябаніі няма вады і электрычнасці – і адказаў, калі гэта ўсё будзе, таксама няма», – заяўлялі вернікі парафіі выданню Katolik.life у жніўні.

«Глуха», – адказаў нашаму карэспандэнту адзін са святароў Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі на пытанне пра апошнія навіны з Чырвонага касцёлу.

У прадпрыемстве «Мінская спадчына» па тэлефоне таксама нічога не каментуюць. Там раяць пісаць афіцыйны ліст, на які абяцаюць адказаць.

Няма ніякай інфармацыі і адносна вынікаў расследавання з боку Следчага камітэту, які меўся расследаваць вынікі леташняга інцыдэнту, пасля якога ўлады і зачынілі святыню. Таксама ў самім касцёле не праводзяцца аніякія рамонтныя працы.

Шантаж ці помста?

Праблемы ў Чырвонага касцёлу з уладамі пачаліся задоўга да інцыдэнту. Яшчэ ў 2020 годзе «Мінская спадчына» выстаўляла яму вялікія рахункі. На той час ад вернікаў патрабавалі каля 166 тысячаў рублёў за падатак на зямлю і амартызацыю за карыстанне будынкам. З тых часоў сума толькі вырасла, бо за кожны месяц ад парафіі патрабавалі плаціць яшчэ па 13 тысячаў рублёў. Пры гэтым парафія была пазбаўленая права на гарантаваныя заканадаўствам падатковыя ільготы, бо, маўляў, будынкі належаць «Мінскай спадчыне». Але пасля петыцыі вернікаў і заявы каталіцкіх уладаў Беларусі гэтае пытанне больш не ўздымалася.

Таксама ў 2020 годзе ўлады блакавалі Чырвоны касцёл, у якім хаваліся пратэстоўцы. Як адзначаў партал Саюзу палякаў на Беларусі Znadniemna.pl, «у святле той антыпольскай і антызаходняй істэрыі, якую мы назіраем сёння ў Беларусі» вінаватыя ў пажары ў касцёле наўрад ці будуць пакараныя.

Паводле чутак, умовай вяртання касцёлу вернікам называецца адхіленне ягонага пробашча Уладзіслава Завальнюка. Нібыта касцельнымі ўладамі нават рыхтуюцца адпаведныя дэкрэты, але праверыць і пацвердзіць гэтую інфармацыю пакуль не ўяўляецца магчымым.


Глядзіце таксама

Рэжым хоча поўнай капітуляцыі

У каментары выданню мадэратарка групы «Хрысціянская візія» Наталля Васілевіч адзначыла, што мінулы год паказаў, што афіцыйная падстава закрыцця Чырвонага касцёлу не была сапраўднай.

«Паколькі ніякія тэрміны не называюцца, ніякай канкрэтыкі не даецца, перашкоды чыняцца розныя для таго, каб людзі маглі патрапіць у касцёл і паглядзець, што там адбываецца, ніякай незалежнай камісіі няма, то ўсё гэта сведчыць пра тое, што гэта фэйкавая нагода для таго, каб зачыніць касцёл, зрабіць ціск на каталіцкую супольнасць, на Каталіцкі касцёл агулам у Беларусі, на пробашча Уладзіслава Завальнюка», – падкрэсліла яна.

Паводле яе слоў, улады нават не хаваюць гэтага і гуляюць у гульню «ну вы ж самі ўсё цудоўна разумееце». Гэтыя маніпуляцыі ў тым ліку перашкаджаюць Касцёлу ў Беларусі і Ватыкану дамагацца вяртання святыні. Тым больш, што ў іх няма для гэтага асаблівых магчымасцяў.

«Нават уплывовыя заходнія краіны ўводзяць санкцыі, даволі сур’ёзныя, і тым не менш не могуць ніяк паўплываць на рэжым. Рэжым усё адно робіць, што хоча, і ідзе на канфрантацыю. А што могуць зрабіць Касцёл і Ватыкан супраць рэжыму, якому няма чаго губляць?» – адзначыла Васілевіч.

Тым не менш, дадала яна, ад іерархаў хацелася б чуць маральных заяваў пра несправядлівасць пераследу, у тым ліку з боку іншых рэлігійных арганізацыяў у падтрыманне пераследаванага Каталіцкага касцёлу.

«Калі б у Беларусі было нармальнае хрысціянства і нармальнае сяброўства паміж хрысціянамі, гэта б так адбылося. Бо калі царква «Новае жыццё» будзе стаяць за сябе, а Чырвоны касцёл – за сябе, нічога нельга будзе дабіцца», — дадала экспертка.

На яе думку, улады могуць ставіць пэўныя ўмовы для вяртання Чырвонага касцёлу, бо «мова ціску —гэта адзіная мова, якая засталася ў беларускіх уладаў».

«Яны хочуць поўнай капітуляцыі Касцёлу перад рэжымам, дэманстрацыі поўнай лаяльнасці», — мяркуе Васілевіч.

Каб прымусіць Касцёл да гэтага, паводле яе, у рэжыму ёсць усе механізмы. І пакуль «мы стаім толькі ў пачатку гэтай зачысткі», якая набудзе моц з прыняццем новага закону аб рэлігіі.

Парафія ж заклікае далучацца да малітвы і посту ў інтэнцыі вяртання Чырвонага касцёлу вернікам, асабліва 26 верасня.