«Рэпарцёры без межаў» зноў унеслі Лукашэнку ў спіс «ворагаў прэсы»
Праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» зноў уключыла Аляксандра Лукашэнку ў спіс «ворагаў прэсы», інфармуе БелаПАН.
Як адзначае міжнародная арганізацыя, Лукашэнка цяпер хоча інтэгравацца ў міжнародную супольнасьць: ён «згладжвае свой вобраз апошняга дыктатара Еўропы». Тым не менш, дзякуючы Лукашэнку Беларусь можа лічыцца «паркам Юрскага перыяду савецкай эры».
У «Рэпарцёрах без межаў» адзначаюць невялікія палёгкі ў Беларусі ў параўнанні з ранейшай сітуацыяй: выпусцілі палітвязняў, няма такіх затрыманняў журналістаў, як у 2011 годзе (тады затрымалі больш за 100 чалавек). «Але на самой справе нічога не змянілася. Адмовы ў акрэдытацыі, пераслед журналістаў, якія працуюць на замежныя СМІ , Міністэрства інфармацыі зрабіў больш жорсткімі кантроль за распаўсюдам друкаваных СМІ. Робіцца ўсё магчымае, каб кантраляваць інтэрнэт», — адзначаюць праваабаронцы.
Паведамляецца, што ў 2015 годзе журналісты ў Беларусі атрымалі 28 штрафаў за «незаконны выраб і распаўсюд інфармацыйных матэрыялаў».
Акрамя Лукашэнкі ў спіс «ворагаў прэсы» трапілі яшчэ 35 палітыкаў і арганізацый. Туды ўвайшлі, напрыклад, прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, кіраўнікі Азербайджана, Бангладэш, Бахрэйна, Венесуэлы, Егіпта, Зімбабвэ, Казахстана, Кітая, Сірыі, Турцыі, Чачні, Эрытрэі, а таксама мексіканскі наркакартэль «Лос-Сетас» і групоўка «Ісламская дзяржава».
Паводле euroradio.fm