Праціўнікі акумулятарнага завода зноў сабраліся на плошчы ў Брэсце
Падобныя сустрэчы на плошчы Леніна праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года.
Як паведаміў праваабаронца Уладзімір Вялічкін, на плошчы знаходзілася каля 70 чалавек. Супрацоўнік міліцыі праз мегафон папярэдзіў прысутных аб недапушчальнасці парушэння парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства. Разам з праціўнікамі завода на плошчы сёння знаходзіліся праваабаронцы-назіральнікі: чатыры ад Беларускага Хельсінкскага камітэта і тры прадстаўнікі міжнароднай праваабарончай сеткі.
Людзі, якія сабраліся на плошчы абмяркоўвалі суды, што адбыліся ў Брэсце над актывістамі. Нагадаем, судом Ленінскага раёна Брэста 15, 24, 25 і 26 красавіка былі аштрафаваныя паводле арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў) 14 актывістаў: дзевяць — за ўдзел у шэсці праціўнікаў завода 7 красавіка, чацвёра — за ўдзел у аналагічным шэсці 14 красавіка, адна актывістка — за раздачу жоўтых надзіманых шароў 31 сакавіка на плошчы Леніна.
Як адзначалі ўдзельнікі сённяшняй сустрэчы, гэтымі судамі ўлады спрабуюць пагасіць мірны пратэст супраць завода. Адна з праціўніц завода Юлія Зубко сказала, што «судовы канвеер» працягвае працаваць, перад судамі яшчэ паўстануць мінімум восем актывістаў. Плануецца, што на наступным тыдні ў судзе Ленінскага раёна будуць разглядаць адміністрацыйныя матэрыялы яшчэ двух актывістаў.
Таксама прысутныя абмяркоўвалі затрыманне 27 красавіка ў Брэсце аднаго з лідараў ініцыятыўнай групы праціўнікаў завода Дзмітрыя Бекалюка, які змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання.
Лада Яраш абурылася тым, што Дзмітрыя Бекалюка затрымалі напярэдадні Вялікадня. «Калі ў дачыненні да Бекалюка вядзецца адміністрацыйны працэс, то можна было б проста уручыць яму позву. Ён бы прыйшоў у міліцыю, бо не хаваецца і не ўцякае. Але яго затрымалі напярэдадні светлага свята Вялікадня, прычым на вачах шасцігадовага сына», — заявіла яна.
Каментуючы мінулыя суды, Яраш адзначыла: у яе склалася ўражанне, што пастановы былі нарыхтаваныя яшчэ да пачатку працэсаў. Паводле яе слоў, нават калі не было доказаў, суды ўсё роўна выносілі абвінаваўчыя вердыкты. Але гэта не спалохала праціўнікаў завода.
Пасля сустрэчы на плошчы праціўнікі завода разышліся.
naviny.by