Праціўнікі акумулятарнага завода ў чарговы раз сабраліся ў цэнтры Брэста
22 снежня каля поўдня ў Берасці на плошчы Леніна ў чарговы раз сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага 2018 года.
Праціўнікі завода абмяркоўвалі пачатак разгляду ў эканамічным судзе Брэсцкай вобласці пазовы аблвыканкама да ТАА «АйПауэр» аб вяртанні грашовых сродкаў інавацыйнага фонду, паведамляе БелаПАН.
Брэсцкі аблвыканкам просіць суд спагнаць з ТАА «АйПауэр» больш за 5,7 мільёнаў рублёў у інавацыйны фонд, так як кампанія не выканала свае абавязацельствы па дамаве: не быў рэалізаваны ў тэрмін праект па будаўніцтву і ўводу ў эксплуатацыю акумулятарнага завода.
Людзі, якія сабраліся на плошчы праціўнікі завода лічаць, што «АйПауэр» павінен вярнуць грошы ў бюджэт, але будзе спрабаваць пазбегнуць гэтага.
Як паведаміў актывіст Зміцер Андрасюк, які прысутнічаў на судовым пасяджэнні, аблвыканкам заявіў хадайніцтва аб разглядзе пазову ў закрытым пасяджэнні. Суддзя адхіліў гэтае хадайніцтва, але забараніў прысутным весці аўдыёзапіс ў судзе.
Андрасюк не выключае, што наступнае судовае пасяджэнне будзе закрытым: «Напэўна, чыноўнікі баяцца, што іх памылкі вылезуць вонкі».
Пасля сустрэчы на плошчы, якая працягвалася прыкладна да 12:40, праціўнікі будаўніцтва завода традыцыйна прайшлі па цэнтральных вуліцах Брэста — Пушкінскай і Савецкай — да кінатэатра «Беларусь». У сустрэчы бралі ўдзел каля ста чалавек.
naviny.by