«Плаціць я не збіраюся». Акадэмія МУС выставіла рахунак былому ўчастковаму інспектару
Акадэмія Міністэрства ўнутраных справаў запатрабавала ад былога інспектара міліцыі Аляксандра Кучынскага цягам двух месяцаў пакрыць сродкі, патрачаныя міністэрствам на ягонае навучанне, піша Радыё Свабода.
![bcd06d69_a196_4776_b63c_b101c3a163f4_w1023_r1_s.jpg bcd06d69_a196_4776_b63c_b101c3a163f4_w1023_r1_s.jpg](/img/v1/images/bcd06d69_a196_4776_b63c_b101c3a163f4_w1023_r1_s.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Не пазней за 22 сакавіка ён мусіць «у добраахвотным парадку» заплаціць 50 800 рублёў.
22-гадовы Аляксандр Кучынскі з Нарачы працаваў участковым інспектарам міліцыі ў Мядзельскім РАУС. Яго звольнілі 14 снежня 2020 года за верш пра сітуацыю ў краіне, якая склалася пасля выбараў. Аляксандр напісаў гэты верш і размясціў на старонцы «ЎКантакце».
Кіраўніцтва РАУС назвала гэта «інфармацыяй, якая дыскрэдытуе дзяржаўныя органы, што пацягнула за сабой прычыненне шкоды іміджу і аўтарытэту органаў унутраных справаў».
«Пакрыўдзіліся, як маленькія дзеці»
Пасля звальнення Аляксандр Кучынскі расакзаў у СМІ пра сваю сітуацыю і пачаў шукаць новую працу.
Газета «На страже» 19 студзеня апублікавала артыкул з пазнакай «антыфэйк», у якім назвала Аляксандра «перабежчыкам». У артыкуле сказана, што Аляксандр нібыта пераконваў сваіх калег, што «каб шчасліва паехаць на ПМЖ у Польшчу, сёння супрацоўніку АУС дастаткова проста звольніцца». А калі яшчэ быў супрацоўнікам міліцыі, сфатаграфаваўся з сябрамі «на фоне незарэгістраванага бел-чырвона-белага сцяга, а таксама ціснуў з сябе ўсмешку, дэманструючы ў аналагічных дэкарацыях службовае пасведчанне».
Пад артыкулам пазначана, што ён напісаны на падставе паведамлення Мядзельскага РАУС.
Аляксандр сказаў Свабодзе, што газета «На страже» апублікавала ягоны фатаздымак без ягонага дазволу.
«Я думаю, яны на мяне проста пакрыўдзіліся, як маленькія дзеці, і спрабуюць неяк апраўдаць свае дзеянні чым заўгодна. Спрабуюць даказаць, што мяне звольнілі законна. Чамусьці напісалі пра Польшчу, маўляў, „мутны“ хлопец, падбіваў усіх на пераезд у Польшчу, — сказаў Аляксандр. — Лухта поўная. Я нават меркаваў напісаць скаргу, але потым параіўся з людзьмі, што бессэнсоўна, гэта не ў нашай краіне, толькі час страціш».
Паводле Аляксандра, фатаздымак на фоне бел-чырвона-белага сцяга ён апублікаваў ужо пасля таго, як быў звольнены з РАУС за верш.
«Яны маглі хоць бы ў газеце патлумачыць, які ж я зрабіў праступак, чым жа я адзін змог так знішчыць гонар і годнасць супрацоўнікаў унутраных справаў, нанесці шкоду іх іміджу, што ім ажно давялося мяне звольніць. Відаць, такі там імідж, калі адзін мой вершык можа яго падарваць».
«Мая дзяўчына побач, і гэта мне дапамагае»
Аляксандр пакуль не ведае як сплаціць акадэміі МУС 50 800 рублёў.
«Калі б я нават прадаў усю сваю маёмасць, а ў мяне толькі мабільны тэлефон, і маёмасць бацькоў, то ўсё роўна такіх грошай не сабраў бы да 22 сакавіка, — кажа хлапец. — Таму плаціць я не збіраюся. Ну а там, пасля суда будзе бачна, што яны скажуць. Відаць будуць неяк дзяўбсці. Пакуль не ведаю, што з гэтым рабіць. Спрабую тут знайсці працу».
Пасля таго, як гісторыя Аляксандра стала вядомай, людзі з Мядзельскага раёна пачалі яму дапамагаць, папрасілі ягоны рахунак. За дзень сабралі 50 рублёў.
«Сваякі даведаліся, пачалі цікавіцца, спрабуюць дапамагчы, бацькі зразумелі нарэшце, што да чаго. Мая дзяўчына побач, і гэта мне дапамагае. Калі б не яна, я не ведаю што б рабіў. Таму ў прынцыпе і не магу выехаць, — кажа Аляксандр, — Сябры патэлефанавалі, прапанавалі дапамогу. Ну, круцімся, змагаемся».