Перакладчыцу Вольгу Калацкую аштрафавалі на велізарную суму
Нагадаем, жанчыну, якую раней судзілі за кухталь прапагандысту Азаронку, затрымалі падчас пратэстаў супраць вайны.
Перакладчыцу Вольгу Калацкую аштрафавалі на 4800 рублёў (150 базавых
велічыняў), паведамляюць праваабаронцы.
Жанчыну затрымалі 27 лютага ў мінскім раёне Серабранка каля школы №134. У
гэты дзень улады Беларусі ладзілі рэферэндум па Канстытуцыі, а апазіцыя
заклікала выйсці на антываенную акцыю.
У Ленінскім РУУС на Калацкую склалі пратакол паводле арт. 24.3 КаАП
(непадпарадкаванне міліцыянтам). 1 сакавіка суддзя Таццяна Шоцік вынесла прысуд
Калацкай.
Раней вядомая перакладчыца была асуджаная на два гады «хатняй хіміі» за тое, што падчас адной з акцый пратэсту ўдарыла дзяржаўнага прапагандыста Рыгора Азаронка.