Палітвязень Ігар Банцэр — зноў на «хіміі»
Палітвязень Ігар Банцэр, якому прысудзілі 1 месяц і 25 дзён калоніі за парушэнне турэмных правілаў, сёння зноў трапіў на «хімію», паведамляюць праваабаронцы.
Музыку Ігара Банцэра ў сакавіку 2021 года асудзілі на 1,5 года «хіміі» за акцыю пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў — танец у стрынгах перад міліцыянтам.
29 верасня суддзя Дзяніс Аляксеенка пастанавіў накіраваць палітвязня ў калонію за нібыта шасціразовае парушэнне рэжыму папраўчай установы. За гэта яму прысудзілі 1 месяц і 25 дзён.
Але сёння палітвязня даставілі ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу №9 у Віцебску.
Прычына вяртання на «хімію» — абскарджанне адвакаткай Банцэра рашэння суда аб замене пакарання на больш жорсткае. Парушэнні парадку, якія нібыта здзейсніў Банцэр, былі зафіксаваныя да ўвядзення новага заканадаўства. Паводле яго, Ігара не павінны былі судзіць па артыкуле «замена пакарання на больш жорсткае». Але чамусьці судзілі. Адвакатка заўважыла гэтую нестыкоўку і падала скаргу. Пракурор быў вымушаны апратэставаць рашэнне суду.