«Неверагодна цяжка бачыць збіццё іншых людзей. Нашмат цяжэй, чым самому патрапіць пад дубінку»

З самага пачатку мірных пратэстаў Віталь Алейнік не заставаўся ў баку ад падзей і шмат дапамагаў. Асабліва валанцёрам каля Акрэсціна, а таксама тым, хто шукаў па РУУСах ды ізалятарах сваіх затрыманых сяброў і родных. Але нечакана Віталь і сам патрапіў за краты.

Віталь Алейнік

Віталь Алейнік


Затрыманне. «Напэўна, ты каардынатар»

Здарылася гэта 23 верасня, калі таемная інаўгурацыя Лукашэнкі выклікала новую моцную хвалю народнага абурэння, людзі пачалі пратэставаць, збіраліся каля стэлы. Віталь, праўда, туды не трапіў: знаходзячыся далёка ад эпіцэнтра пратэстаў, на плошчы Свабоды, ужо па дарозе ў метро ён сутыкнуўся з невядомымі людзьмі ў аліўкавай форме, якія хапалі ўсіх мінакоў запар.
— Верагодна, гэта былі супрацоўнікі ГУБАЗіК, затрыманне адбылося недалёка ад іх будынка, куды мяне і адвялі. Прыводзілі новых і новых затрыманых, у людзей забіралі тэлефоны і патрабавалі паролі. Асабліва мярзотным у паводзінах гэтых «балаклаўшчыкаў» было тое, што яны шукалі ў прыладах нават не доказы ўдзелу ці каардынацыі пратэстаў, а асабістую інфармацыю, гучна каментавалі сямейныя фота, перапіскі, здзекліва паведамлялі, маўляў, «а вось і смс ад жонкі, хвалюецца, напэўна». Вельмі цяжка было гэта чуць, хоць да майго тэлефон справа і не дайшла. Увогуле, бязмежжа пачынаецца з дробязяў, але на кожным этапе пасля затрымання расце як снежны ком.
Нягледзячы на няпростую сітуацыю, Віталь намагаўся клапаціцца пра іншых затрыманых, дамогся таго, каб ім далі вады, патрабаваў выклікаць хуткую да людзей з траўмамі (якіх у той вечар было шмат).
— Аднаму хлопцу асабліва дасталася, яго збівалі на ўсіх этапах, ад самага затрымання і да змяшчэння ў камеру на Акрэсціна. Неверагодна цяжка бачыць збіццё іншых людзей, нашмат цяжэй, чым самому патрапіць пад дубінку. Цяжка ўсведамляць, што не можаш нічога зрабіць і абараніць іх.
Віталь узгадвае, што не надта думаў пра ўласную бяспеку, спрабуючы заступацца за іншых: «У такія моманты не дбаеш пра асцярожнасць, проста робіш тое, што лічыш патрэбным у гэтай сітуацыі».
З будынка на Рэвалюцыйнай затрыманых перавезлі ў Цэнтральны РУУС, патрымалі ў дворыку тварам да сцяны, потым пачалі афармленне. З некаторымі супрацоўнікамі часам узнікалі размовы, падчас якіх Віталь пачуў нават: «Напэўна, ты тут галоўны каардынатар» — відаць, толькі такім чынам супрацоўнікі РУУСа маглі неяк абгрунтаваць для сябе паводзіны чалавека з актыўнай і паслядоўнай пазіцыяй. Нягледзячы на пагрозы і запалохванні, Віталь катэгарычна адмовіўся здаць адбіткі пальцаў, падпісаць пратакол і патрабаваў магчымасці звязацца з адвакатам. Нават пачаў пісаць заяву да кіраўніка РУУСа, чым выклікаў спачатку разгубленасць, а потым і агрэсію ў супрацоўнікаў.
 — Пасля доўгіх размоваў і пагрозаў нейкі чалавек некуды мяне павёў, і я ўжо падумаў: ну, цяпер дакладна будуць збіваць. Чалавек з пратаколам бег за намі: «Ды ці падпішаш ты пратакол?!» Даўшы згоду, я хутка прагледзеў пратакол, пабачыў поле для заўваг і напісаў там, што патрабую прадаставіць мне адваката. Такі «сапсаваны» пратакол у мяне адабралі з крыкамі і лаянкай.
Затрыманых адвезлі на Акрэсціна. Па ўспамінах Віталя, ахова ізалятара размаўляла толькі абразамі і нецэнзурнай лексікай, а медперсанал зусім не пераймаўся дапамогай траўмаваным.
— У аднаго чалавека была сур’ёзная праблема з рэбрамі, цяжка дыхаць і рухацца, але тыя, хто яго аглядаў, сказалі: нічога страшнага, усё пройдзе. Добра, што я хаця б ускосна яму «дапамог»: моцна зацягнуў свой суд, а таму яго не паспелі асудзіць ва ўстаноўлены тэрмін і вызвалілі.
Асабліва негатыўнае стаўленне, адзначае Віталь, было да тых, хто належыць да нейкіх супольнасцяў: раварысты, байкеры, а таксама… айцішнікі. Такія людзі адразу ўспрымаюцца як самыя небяспечныя, з імі паводзяцца больш жорстка.

Суд. «Увесь гэты трэш — няўжо гэта адбываецца са мной?»

Судовы канвеер пачаўся праз дзень. Людзей судзілі проста ў калідоры ізалятара, па скайпу. Віталь і тут граў па сваіх правілах: заявіў шмат хадайніцтваў, аспрэчваў усе хлуслівыя паказанні і дамогся перапынкаў для размовы з адвакатам, якога, дарэчы, усё ж знайшлі і запрасілі ў суд дзякуючы той самай пазначцы ў пратаколе.
— Для сувязі з суддзёй мне далі разбіты тэлефон, на якім нічога не было зразумела, падчас суда прыходзілі нейкія паведамленні ў мэсэнджэрах кшталту «як там вашы змагары?». У гэта ўсё проста немагчыма было паверыць. Потым з’явіўся і «сведка» — Іваноў Іван Іванавіч у балаклаве… Увесь гэты трэш, які я бачыў у расповедах іншых людзей, — няўжо гэта адбываецца са мной? Паводле заканадаўства, у падсудных шмат магчымасцяў: можна і запрашаць экспертаў, і нарады з адвакатам не павінны быць абмежаваны ў часе, але на справе ніякія гэтыя нормы закона не працуюць. Нават наяўнасць у мяне дваіх дзяцей хоць была прынятая за «змягчаючыя акалічнасці», але тэрмін па артыкуле далі максімальны. Дык у чым змякчэнне?
У выніку суд замест звычайных у такіх выпадках 10-15 хвілін цягнуўся амаль пяць гадзін. І скончыўся прысудам 15-ці сутак.

Суд

Суд


Жодзіна. «Канцлагер для ваеннапалонных»

Асноўную частку прысуда Віталь адбываў у Жодзіне, у турме №8.
— З аўтазака, у якім нас перавозілі, мы чулі клаксоны машын і радаваліся, што нічога не скончылася, што людзі, пабачыўшы аўтазак, не лянуюцца выказаць такім чынам сваю пагарду. Прымалі нас у турме вельмі жорстка, пастаянна прымушалі бегчы, размаўлялі толькі крыкамі і матамі, падганялі людзей дубінкамі: «Сардэчна вітаем у канцлагеры для ваеннапалонных». Ужо ніхто не пытаў, колькі нам заплацілі: людзі такіх высокааплатных прафесій былі там, што пытаць пра грошы проста смешна. І тым цяжэй было бачыць гэтае зняважлівае стаўленне да адукаваных, выхаваных людзей, людзей сталага ўзросту ад гэтых «балаклаўшчыкаў». Панядзелак, аўторак, серада — самыя жахлівыя дні, прывозяць на суткі людзей, якіх затрымалі пасля нядзельных маршаў. Тады паўсюль стаяць крыкі — і зняволеных, і ахоўнікаў. У побыце шмат кепскага, бруднага, агіднага — праз нейкі час людзі пачынаюць да гэтага прызвычайвацца. Але я пераконваў сукамернікаў: прызвычайвацца і ўспрымаць гэта спакойна нельга. Канешне, зараз мы не можам нічога зрабіць, але на свабодзе трэба змагацца за тое, каб умовы мяняліся.
Віталь узгадвае і прыемныя момант — перадачы. Іх атрыманне вельмі залежыць ад настойлівасці перадаючых, а таму Віталь раіць дзяўбці і дзяўбці ахову, каб перадачы прымалі. Тым больш што канваіры вельмі нервуюцца, калі бачаць вялікую салідарнасць людзей.
— Некаторыя рэчы са спісаў перадач не настолькі важныя, а без іншых проста не абысціся. Пра гэта нячаста думаюць, але ў ізалятары шмат у каго пачалася алергія, выратоўваў толькі крэм для скуры, таму варта такое перадаваць, хлопцам ён таксама патрэбны. З прадуктаў самае стратэгічнае — сала, яно смачнае і добра захоўваецца. А таксама чакаляд, бо ўздымае настрой. Яшчэ важна перадаваць настольныя гульні: доўгімі днямі няма чым заняцца. Таму сала, крэм і настолкі — гэта самае важнае. А дзяўчат радавалі яркія рэчы, перадавайце сяброўкам яркую вопратку.

Валанцёрскі лагер на Акрэсціна. Архіўнае фота, аўтар Вікторыя Чаплева

Валанцёрскі лагер на Акрэсціна. Архіўнае фота, аўтар Вікторыя Чаплева

Больш нічога прыемнага і нават проста прымальнага ў жодзінскіх «сутках» няма. На шпацырах са зняволенымі размаўляюць крыкам, матамі, увесь час абражаюць. Ахова любым чынам намагаецца зрабіць жыццё людзей максімальна невыносным. Ежа вельмі кепская, ноччу ўключаюць святло, удзень забаронена ляжаць і нават сядзець на матрацах. Аднойчы падчас чарговай пераклічкі ў калідоры ахоўнік спытаў, ці ёсць у зняволеных «прапановы». «Ёсць прапанова выпусціць нас», — адказаў Віталь, пасля чаго яго моцна збілі. Нягледзячы на ўсё грамадскае абурэнне пасля жнівеньскага жаху, катаванні і збіццё ў ізалятарах працягваюцца.

На волі. Не маўчаць і не мірыцца

Пасля вызвалення Віталь ужо паспеў абскардзіць прысуд, звярнуцца ў пракуратуру, ААН і Amnesty International. І раіць кожнаму, хто прайшоў праз падобнае, не маўчаць і не мірыцца. Адкуль узяць на гэта сілы? З жадання не даць працягвацца несправядлівасці і здзекам.
— З аднаго боку, вельмі цяжка чуць боль і гора ў крыках з суседніх камер, немагчыма быць абыякавым. З іншага боку, натхняе салідарнасць — і тая, якая нараджаецца ў асяроддзі саміх зняволеных яшчэ за кратамі, і тая, якая збірае натоўпы людзей, што сустракаюць іх з сутак. Нас сустракалі цёпла і радасна, пасля адсідкі гэта вельмі дапамагло і псіхалагічна выцягнула.
Працягваецца барацьба, працягваюцца і затрыманні. У спісах зняволеных Віталь ужо пабачыў некаторых сукамернікаў, якія трапіліся паўторна. З сумам каментуе нядзельныя затрыманні: «Можна падумаць, што затрымліваюць няшмат людзей у параўнанні з той колькасцю, якая выходзіць на пратэсты, але за кожным затрыманнем — канкрэтны чалавечы лёс, і нельга ўспрымаць гэта як проста лічбы».
Віталь працягвае і любімы занятак — валанцёрства. Пакуль атрыманыя на сутках траўмы не дазваляюць доўгіх шпацыраў, падвозіць дахаты ўдзельнікаў маршаў.
— Калі разумею, што магу нечым дапамагчы, падзяліцца, я заўсёды гэта зраблю. Калі я бачыў самыя жахлівыя моманты ў жніўні, калі людзей выпускалі з Акрэсціна, і яны проста выпаўзалі адтуль, толькі адно пытанне было ў галаве: «Як так можна?» На ўзроўні прымаючых рашэнні павінна быць асноўная мэта, каб такога больш не было ніколі. Няважна, колькі адсоткаў людзей не згодныя — хіба яны не людзі? З людзьмі трэба размаўляць. А калі з людзьмі толькі дубінкай па галаве — я не магу з гэтым замірыцца, і шмат хто не можа.
Хочацца верыць, што перамога будзе хутка, і жахі рэпрэсій, катаванняў, здзекаў ужо неўзабаве скончацца назаўсёды. І дзякуючы такім людзям, як Віталь, гэтая вера сапраўды з’яўляецца.