Нельга спыняцца, неабходна ўвесь час нарошчваць ціск праз мірны пратэст
Беларуская рэвалюцыя мае дзьве выразныя адметнасці ў параўнанні з іншымі (потым гісторыкі напэўна знойдуць іх больш).
![img_4849_1_logo.jpg img_4849_1_logo.jpg](/img/v1/images/img_4849_1_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Па-першае, яна была прызначаная на канкрэтны месяц і дзень года — 9 жніўня 2020 году (з меркаванняў бяспекі яе называлі «абарона свайго голасу на выбарах»). А ва ўсім свеце народныя рэвалюцыі пачыналіся нечакана. Той жа Уладзімір Ленін напярэдадні краху царызму ў лютым 1917 году лічыў, што да рэвалюцыі ў Расеі, можа быць, дажывуць толькі ўнукі ягонага пакалення.
Па-другое, беларуская рэвалюцыя самая мірная ў свеце, не ў малой ступені праз тое, што яе ўзначалілі жанчыны. Пратэстоўцы ня б’юць вітрынаў, не рабуюць крамы, не перакульваюць і не падпальваюць машыны, не апаганьваюць помнікі (параўнайце са Штатамі). Супраціў бандытам-апапаўцам аказваюць выключна ў рамках артыкулу 34 Крымінальнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь «Неабходная абарона» (як гісторык бачу тут ледзь не генэтычную памяць трох з паловай стагодзьдзяў дзеяння Літоўскага Статута).
У Расеі нас лічаць узорам цывілізаванай нацыі — «Беларусы пасля пратэсту прыбіраюць за сабой паперкі!»
Але ёсць і жалезныя няўмольныя заканамернасці, якія абавязкова павінны быць датрыманыя.
Самая галоўная, зноў жа па Леніну (прашу прабачыць, сядзіць у галаве з савецкага унівэрсытэту) — абарона ёсць смерць рэвалюцыі. (Дакладная цытата трохі іншая, але яна нам не пасуе: «Абарона ёсць смерць узброенага паўстання»).
Таму вельмі цешыць і абнадзейвае дынаміка мірнага беларускага пратэсту. Контррэвалюцыйны тэрор пратрымаўся няпоўныя тры дні. Яшчэ вечарам у панядзелак 10 жніўня амапавец у цэнтры Горадні абяцаў мне выпусціць кішкі, а ўжо ў сераду 12-га пад вечар пайшлі першыя пратэстныя сыгналы ад рабочай клясы з буйных прадпрыемстваў. Адбыўся пералом. У пятніцу я ўжо бяз страху прамаўляў на мітынгу пад самым гарвыканкамам. У суботу пратэстоўцы ўжо былі перад тэлебачаннем і турмамі, у нядзелю — Агульнанацыянальны Марш за Свабоду, з панядзелка — Агульнанацыянальны Страйк.
Цешыць, што большасць людзей разумее і адчувае — нельга спыняцца, неабходна ўвесь час нарошчваць ціск празь мірны пратэст з прыцягненнем усё большых масаў людзей. Зараз у кожнага грамадзяніна ёсць шанец без асаблівай небяспекі далучыцца — проста прайсці ў калёне ці пастаяць на мітынгу, каб потым з гонарам распавядаць дзецям і ўнукам як змагаўся за свабоду.
Мы, беларускі народ, перамагаем. Нашы лёзунгі простыя і даступныя для разумення кожнаму: «Свабоду палітзьняволеным!», «Адстаўка Лукашэнкі!», «Новыя сумленныя выбары!».
Праект пераходнага пэрыяду з захаваннем улады Лукашэнкі абсурдны. Дыктатар у неадэкваце і як толькі пратэст супакоіцца, нікому мала ня будзе.
www.svaboda.org