Найноўшая гендарная гісторыя Беларусі пішацца проста цяпер на вуліцах
Жнівень-верасень 2020 года ўвойдзе ў гісторыю не толькі, як новае нацыянальнае абуджэнне ці ацверазенне беларусаў, а таксама як нечувалае гендарнае здзяйсненне на ўзроўні нацыі.
Жаночыя маршы, жаночая салідарнасць, жаночае змаганне за беларускую дэмакратыю, жаночае лідарства, моцная жаночая рэакцыя на аўтарытарнае цемрашальства і бясконцыя мізагінныя плявузганні дыктатара ды ягонага атачэння, жанчына на чале новай Беларусі. Смелыя ўчынкі ўсіх нашых жанчын ці асобных жанчын-сімвалаў накшталт супраціву Марыі Калеснікавай на мяжы, Ніны Багінскай ці Аляксандры Гушчы на вуліцах Мінска — усё гэта, няма сумневу, выразна расплюшчвае вочы нават тым, хто яшчэ ўчора скептычна ці нават кпліва ставіўся да гендарнай тэмы. Цяпер у Беларусі гендарнае вымярэнне сацыяльнай і палітычнай мабілізацыі навідавоку ўва ўсіх і ўсе на практыцы бачаць, што такое гендарная прызма палітыкі. Безумоўна, мужчыны нароўні з жанчынамі актыўна змагаюцца супраць дыктатуры, фальсіфікацыі выбараў і ўзурпацыі ўлады. Але безупынку сімвалічна і рэальна актывуюць гэтае змаганне менавіта жанчыны. Калі хапуны закраналі спачатку выключна мужчын, жанчыны смела падхапілі эстафету і выйшлі ў белых адзеннях на вуліцы беларускіх гарадоў. Калі ў чарговы раз уладцы сказалі, што жанчынам месца на кухні, беларускі на ўсіх узроўнях публічнага жыцця краіны пацвердзілі сваю звышпрыдатнасць.
Цікава, што гендарныя здзяйсненні ў Беларусі маюць універсальны характар і праяўляюцца як цяпер у дэмакратычным лагеры, так і ў лагеры дыктатара. Паглядзіце, як аддана стаяць за дыктатара кабеты высокага рангу накшталт Качанавай, Ярмошынай, Шчоткінай і г.д. Праўда, чамусьці іх кансерватыўная ўлада не запрашае вярнуцца на кухню і гатаваць боршч…
Якраз у гэтым і палягае крытычная гендарная веда: свет не падзяляецца прымітыўна і так проста на дэмакратычных жанчын і аўтарытарных мужчын, на актыўных кабетаў на вуліцы і баязлівых мужчын. Мы безупынку канстатуем смеласць як жанчын, так мужчын, а пры гэтым баязлівасць, нізасць, гнуснасць як амапаўцаў, так і міліцыянтак, якія збіваюць і гвалтуюць люд. Апраўданні дзяржаўнага гвалту таксама чуюцца як з боку мужчын-праўладцаў, так і жанчын. Як усё яшчэ часта цяпер чуецца з боку старой апазіцыі «народная мудрасць» аб тым, што кабеты дапамогуць дэмакратыі на вуліцы, а потым вернуцца ў сям’ю. То-бок, дыскурс улады цалкам супадае з «мудрасцю» некаторай часткі апазіцыі старой загартоўкі: кабетаў выкарыстоўваюць усе ідэалагічныя сілы і часта не даючы самім кабетам выказаць свае жаданні. Пры гэтым смеласць маніфестантак у белым дапаўняецца і ўзмацняецца грамадзянскай смеласцю мужчын — арыштаваных ці тых, якія працягваюць змаганне на волі, як гэта робіць сп. Латушка і многія іншыя.
Гендарная веда якраз пра тое, што выкарыстоўванне жанчын ці мужчын дзеля нейкай справы, а потым вяртанне іх у нейкія нібыта натуральныя для іх сферы - сям’ю, прыватную сферу, у войска ці на кухню — не працуе. Аднак аўтарытарная ўлада робіць гэта, крывадушна лямантуючы пра замбаваных Захадам беларусак і беларусаў на вуліцах нашых гарадоў, пры гэтым ладзіць за бюджэтныя сродкі карыкатурны жаночы форум і звозіць сапраўды замбаваных ці застрашаных жанчын з усяе краіны ў Мінск, каб паспрабаваць легітымізаваць сваю цалкам дыскрэдытаваную ўладу.
Гендарная веда, якой так баяцца ў нас на многіх узроўнях ці папросту не разумеюць, якраз і вучыць, што канструкты мужчынскага і жаночага безупынку мяняюцца, а разам з імі мяняюцца грамадства, сацыяльныя і палітычныя межы, усталяваныя ранейшымі, састарэлымі ці кансерватыўнымі ідэалогіямі. Насуперак сцвярджэнням дыктатара гендарная веда ды здаровы сэнс наогул даводзяць, што Канстытуцыі пішуцца для ўсіх — іх здатныя зразумець і жыць па іх, як мужчыны, так і жанчыны. Найноўшая гендарная гісторыя Беларусі, якая пішацца цяпер на вуліцы, дэманструе абсалютную роўнасць мужчынаў і жанчынаў у змаганні за дэмакратыю, іх роўнасць перад адсутнасцю законнасці, іх роўнасць перад гвалтам. У жніўні мясцовая палітычная гендарная гісторыя паказала, што беларусы выбралі ў лідары зусім не мужчыну… А яшчэ гендарная гісторыя вучыць нас, што чамусьці абсалютная большасць дыктатараў — гэта мужчыны, вялікія хлопчыкі, якія любяць уладу і пашану…
Зрэшты, цяпер настаў цудоўны, хоць і трывожны, вусцішны час, калі гендарным даследнікам і дасьледніцам не варта даводзіць пра карыснасць катэгорыі гендар у гісторыі ці ў палітыцы — на практыцы ў Беларусі гэта цяпер відавочна і так проста зразумела амаль усім.