МУС: былы памочнік пракурора Бабак затрыманы «ў межах адміністрацыйнага працэса»

Міністэрства ўнутраных спраў пацвердзіла затрыманне экс-памочніка пракурора Яўгена Бабака.

2021_06_10165406_kbp47_1.jpg

«Грамадзянін не знік, ён затрыманы супрацоўнікамі міліцыі ў рамках адміністрацыйнага працэса, — гаворыцца ў паведамленні МУС. — Вядома, што затрыманы ў тым ліку актыўна распаўсюджваў інфармацыю з экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў. Устанаўліваюцца іншыя падрабязнасці супрацьпраўнай дзейнасці Бабака».

Нагадаем, што сёння з Яўгенам Бабаком неспадзявана знікла сувязь. Брат, які прыехаў праведаць Яўгена, знайшоў узламаныя дзверы і ўшчэнт разнесеную кватэру, ускрывалі нават плінтусы.

Яўген Бабак сышоў з пасады памочніка пракурора Першамайскага раёна пасля таго, як у пракуратуры праігнаравалі яго прадпісанне аб правядзенні праверкі па факце жорсткага збіцця байкераў людзьмі ў форме супрацоўнікаў ДАІ ў жніўні 2020-га.

Пасля гэтага Бабак заявіў, што не можа працаваць ва ўмовах бяздзеяння юстыцыянальных органаў і маўчання ўсіх адказных асоб у адказ на беззаконне на вуліцах.

Апошнім часам працаваў у ІТ-кампаніі.