Мінінфарм выдаткуе 110 000 рублёў, каб павысіць давер беларусаў да дзяржСМІ

Міністэрства інфармацыі абвясціла тэндары на выкананне двух навукова-даследчых работ аб тым, як павысіць давер насельніцтва да сродкаў масавай інфармацыі. На гэтыя працы Мінінфарм плануе выдаткаваць 110 тысяч рублёў.

photo_1571690459265_b890d6115b79.jpeg

Закупкі былі абвешчаныя ў канцы жніўня, іх заўважылі журналісты «Еўрарадыё». Выканаць даследаванні, згодна з умовамі конкурсу, трэба будзе ў даволі сціснуты тэрмін — да 24 снежня бягучага года.

Асновай абедзвюх работ будуць сацыялагічныя даследаванні на падставе апытання 1500 рэспандэнтаў з розных населеных пунктаў. Абедзве працы павінны «ствараць навукова абгрунтаваныя перадумовы паспяховага планавання і рэалізацыі актуальных задач у сферы дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, інфармацыйнай бяспекі, ідэалагічнай і выхаваўчай работы».

screenshot_1_1_1.jpg

На даследаванне «Распрацоўка рэкамендацый і прапаноў па павышэнні ўзроўню даверу насельніцтва да розных відаў СМІ» міністэрства выдзеліла 50 тысяч рублёў, або амаль 20 тыс. долараў, з рэспубліканскага бюджэту. Заяўкі можна падаваць да 9 верасня.

Згодна з тэхзаданнем, аўтары павінны правесці апытанне насельніцтва аб тым, якія СМІ выкарыстоўваюць беларусы, наколькі ім давяраюць і чаму, прааналізаваць гэтую інфармацыю і сфармуляваць рэкамендацыі для Мінінфарма па «аптымізацыі медыяполя» і павышэнні ўзроўню даверу насельніцтва да СМІ.

Крыху больш бюджэтных сродкаў — 60 тысяч рублёў, ці амаль 24 тысячы долараў, — Мінінфарм плануе выдаткаваць на даследаванне «Дыягностыка фактараў запатрабаванасці насельніцтвам Беларусі нацыянальнага кантэнту тэле- і радыёвяшчальных СМІ». Заяўку можна падаць да 14 верасня.

Аўтары даследавання павінны вывучыць кантэнт беларускага тэлебачання і радыё, апытаць насельніцтва і выявіць узровень даверу да дзяржаўных аўдыёвізуальных СМІ, грамадска-палітычнага вяшчання, вызначыць індыкатары папулярнасці кантэнту такіх СМІ, прааналізаваць усе гэтыя даныя разам з аўдытарнымі данымі телевымярэння і распрацаваць навукова-практычныя рэкамендацыі па павышэнні ўзроўню даверу да «нацыянальных аўдыёвізуальных СМІ».

Паводле reform.by.