Краіна тэорыі змоў. Лукашэнка фармуе ў Беларусі свой «таемны ўрад»
Гэтага варта было чакаць. Беларускія вышэйшыя службовыя асобы так доўга казалі пра «план Далеса», пра «калектыўны Захад» і «англасаксаў», якія нібыта руляць сусветнай палітыкай і інтрыгуюць супраць Беларусі, што ідэя аб стварэнні свайго «патаемнага ўрада» проста лунала ў паветры. І сапраўды — стары, адкрыты ўрад займаецца ж не зразумела чым!
![Малюнак згенераваны нейрасеткай Малюнак згенераваны нейрасеткай](/img/v1/images/4e3d8bff_b2fd_4da9_af5f_cdf800345f7d.webp?f=f&h=396&o=0&u=1738842213&w=528)
Малюнак згенераваны нейрасеткай
Не, мы звыклі, вядома, што яны самі сабе ставяць задачы, самі іх вырашаюць, і потым самі атрымліваюць за гэта грошы. Але часам гэта даходзіць да... Да незразумела чаго. Вось, напрыклад, Савет Міністраў 4 лютага прыняў пастанову, якой вызначыў пералік тавараў, цэны на якія рэгулююцца дзяржорганамі «пры неабходнасці стабілізацыі цэнавай сітуацыі».
Здавалася б, наша барацьба з цэнамі можа доўжыцца бясконца. Столькі ўжо было розных пастаноў на гэты конт. Але гэта пастанова — асаблівая. Яна вызначае, што Мінбудархітэктуры рэгулюе цэны на тавары, прызначаныя для выкарыстання пры будаўніцтве аб'ектаў. Мінлясгас адказвае за цэны на драўняныя паліўныя гранулы (пялеты), якія вырабляюцца (рэалізуюцца) на ўнутраным рынку арганізацыямі, падпарадкаванымі Міністэрству лясной гаспадаркі. Мінсельгасхарч рэгулюе цэны на тавары, якія рэалізуюцца па знешнегандлёвых дагаворах на мясную і малочную прадукцыю…
Самае цікавае тут тое, што ўсе названыя міністэрства ўжо валодаюць (!!!) такімі паўнамоцтвамі. У новым дакуменце змянілася толькі адна фраза: «пры неабходнасці стабілізацыі сітуацыі».
Гэта значыць, хтосьці месяцамі «распрацоўваў» гэты дакумент, уставіўшы туды толькі чатыры словы, хтосьці яго ўзгадняў, яго прымаў цэлы Савет Міністраў... Для таго, каб што? Дзеля чатырох слоў?
І так практычна паўсюль. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю рэкамендавала суб'ектам гаспадарання скараціць выкарыстанне замежных моў на шыльдах і аддаваць перавагу надпісам на беларускай і рускай мовах. МАРГ спасылаецца на канцэпцыю развіцця нацыянальнай культурнай прасторы ва ўсіх сферах жыцця грамадства на 2024-2026 гады, зацверджаную ў 2023 годзе — ёй прадугледжана скарачэнне выкарыстання замежных слоў, у тым ліку абрэвіятур, у назвах гандлёвых марак.
Тут шмат чаго цудоўнага. Па-першае, чаму развіццём нацыянальнай культурнай прасторы займаецца МАРГ? Яму больш рабіць няма чаго? Рэгуляванне коштаў скончылася? Па-другое, хацелася б паглядзець, як можна скараціць «выкарыстанне замежных моў» на шыльдах, калі нават Макдональдса ў Беларусі не засталося. Ці, можа быць, мы скарачаем рускую і кітайскую? Ну так, руская, нібыта, мова дзяржаўная, але ўсё ж замежная, правільна?
Карацей, рэкамендацыя, якая выклікае больш пытанняў, чым адказаў.
Грашаць гэтым жа і на самым версе. Яшчэ ў кастрычніку мінулага года Лукашэнка сваім указам зацвердзіў паўнамоцтвы так званай «камісіі па вяртанні», а таксама зрабіў яе працу сталай. Але цяпер, не прайшло і паўгода, на сустрэчы з генпракурорам Шведам ён раптам спытаў: а ці патрэбна гэтая камісія?
Ну, тут даруем. Дзядуля стары, мог і забыцца.
Швед заявіў, што камісія патрэбная. Што за час сваёй працы яна разгледзела 241 заяву, 19 чалавек вярнуліся ў краіну, — прычым некаторыя гэта рабілі некалькі разоў. І вось «некалькі разоў» — гэта як? Яны што, прыязджалі, з’язджалі, а потым ізноў звярталіся ў камісію, каб была магчымасць зноў прыехаць, і зноў з’езхаць? Што ж яны тут такога рабілі, што ўзнікала неабходнасць зноў звятрацца ў тую камісію? І ці не ёсць тады дзейнасць гэтай камісіі шкоднай, а не станоўчай?
І дарэчы, мы ўжо падлічвалі эфектыўнасць працы гэтай камісіі матэматычна: 0,04%.
Або вось Галоўчанка, які, будучы цяпер выконваючым абавязкі прэм'ера, зноў прадставіў планы Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця да 2040 года.
Дакумент уражвае. Згодна з ім, да 2040 года ў Беларусі павінны ў два разы павялічыць ВУП, экспарт і інвестыцыі, долю лічбавай эканомікі ў тры разы, долю высокатэхналагічных вытворчасцяў давесці да 50% (пры тым, што цяпер яна складае каля 6%).
Глядзіце таксама
![Планы і стратэгіі беларускага ўрада: невыканальныя і фантастычныя Прыбярыце з беларускага ўрада фанатаў Маякоўскага!](/img/v1/images/maxresdefault__1__22.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1727340846&w=660)
Праект амбіцыйны, скажаце вы, і з вамі пагодзіцца любы. «А як яго выканаць?», — задасце вы наступнае пытанне, і адказ будзе — ніхто не ведае!!! Гэтага не ведае нават Галоўчанка, якому на нарадзе «хацелася б пачуць, як будзе арганізавана работа па дасягненні гэтых мэтаў і задач».
Магчыма, мала каго можа задавальняць урад, які толькі робіць выгляд, што працуе. І Лукашэнка таксама вырашыў перакласці на кагосьці частку сваёй працы — па Канстытуцыі ён сам павінен прызначаць прэм'ер-міністра і міністраў. Але цяпер ён заявіў, што для фармавання ўрада трэба «стварыць камісію з вышэйшых службовых асоб».
«Будзем вырашаць па ўрадзе. Хацелася б, каб і вы сваё слова, у каго яно ёсць, сказалі па ўрадзе», — сказаў Лукашэнка на сустрэчы са сваімі даверанымі асобамі на электаральнай кампаніі, якая прайшла.
Паводле яго слоў, прапановы давераныя асобы могуць перадаць таемна: напрыклад, па пытаннях Міністэрства аховы здароўя могуць выказацца Дзмітрый Шаўцоў і Алег Румо. «Не хочаце, каб гэта было публічна, напішыце мне і ў канверце перадайце. Акрамя мяне ніхто не чытае і не выкрывае, нават памочнікі. Я асабіста гэта раблю», — сказаў ён. І заклікаў перагледзець нават тыя прызначэнні ва ўрад, якія ён зрабіў перад самымі выбарамі.
Гэта значыць, у Беларусі з'явіцца ўрад, які будзе «таемны» — заснаваны на «таемных» пажаданнях «таемных» давераных асоб Лукашэнкі (што, зрэшты, нядзіўна, паколькі прафесіяналаў там усё менш і менш). Па-другое, такая схема, безумоўна, стымулюе патаемную барацьбу «павукоў у слоіку».
Ну і па-трэцяе, канешне, можна меркаваць, што «патаемна абраны» ўрад будзе сапраўды «патаемным» — мы проста не будзем ведаць нашых міністраў. Дакументы аб іх прызначэнні будуць прымацца пад грыфам «Для службовага карыстання», а самі яны нават на публіцы не будуць з'яўляцца.
А навошта ім з'яўляцца на публіцы? Рашэнні ж усё роўна прымае толькі адзін чалавек. Дык чаму б і не быць «таемнаму ўраду»?