Каму належыць горад Мінск?

Свята горада ў Менску! Як шмат у гэтых словах! Чырвань з балотным падбоем, акрабатычныя піраміды, парады трактароў і пральных машынак. Сярэднявечны карнавал з адценнем савецкага кітча. Пацаны з раёна выехалі папіць піўка «на цэнтр», п’яныя падлеткі прапаноўваюць усім сустрэчным дагнацца разам недарагім, але «очччэнь укусным» пладовым віном, стомленыя мужчыны з тварамі з алеяў Адольфа Гугеля заляцаюцца да кандуктаркі ў транспарце з пытаннем «Дзевушка, а пачаму вы такая грусная?». Усё гэта ўпрыгожвала нашы гарадскія святы дзесяцігоддзямі. Але, амаль незаўважна, апошнім часам нешта фундаментальна змянілася.



kempinski_minsk_strojka.jpg

Пустыя плошчы, пусты праспект, вымерлы горад. Усе спужаліся сярэднявечнага карнавалу. З’ехалі на шашлыкі. Схаваліся ў лесе. Укрыліся па кватэрах, закупіўшыся півасікам і запампаваўшы новых цікавых серыялаў. Паехалі на роварах купацца на Цну. Забарыкадаваліся на лецішчах. Сышлі ў зямлянкі. Задраілі ўсе люкі, выключылі тэлевізар і перагрызлі кабель з інтэрнэтам. Каб не бачыць і не чуць.

Замест яркага трэшовага месіва менавіта такі вобраз «святочнага горада» – спусцелы, самотны – зрабіўся тыповым.


Не, ілгу. Вядома ж, пешаходная вуліца Карла Маркса стракоча музыкамі, якія перакрыкваюць адзін аднаго, і гіперактыўнымі маладымі людзьмі, якія без стомы каўбасяць свае соўшал дэнсы. Яшчэ адна выспа бадзёрасці звычайна адшукваецца каля набярэжнай Свіслачы – святочна прыбраныя дзяўчаты з хлопцамі «чынна, благародна» выходзяць на шпацыр, ствараючы сваімі лукамі атмасферу ўсегарадскога выпускнога бала. Ведаеце, а нават карнавал быў больш чалавечны і больш нагадваў нейкае, хай сабе і раблезіянскае, свята. Акрамя відавочных высноваў кшталту «мы стали более лучше одеваться» і «культура населения возросла» давядзецца канстатаваць наступнае.
Па-першае, мы дайшлі да таго, што спалохаліся не толькі трэшу, які звычайна аздабляў гарадскія імпрэзы, але разам з ім і свайго горада. Мы спужаліся адзін аднаго. Па-другое, нехта пралічыў гэты наш страх і загадзя падзяліў плыні ці «віды» менчукоў, накіраваўшы мілых бясшкодных хіпстараў у гета на Карла Маркса, а падгламураную моладзь і брсмаўцаў – да стэлы…

Дык каму належыць горад? Мяркую, што ані першым, ані другім.


Што мы можам зрабіць, калі вырубаюць дрэвы, каб уперці ў парк які-небудзь чарговы «Пекін», праводзяць «ушчыльняльнае будаўніцтва» ў гістарычным цэнтры Менска («Шестнадцатью новыми объектами до конца года пополнится исторический центр Минска» – гэта, *****, увогуле як разумець? У якім горадзе Еўропы магчымыя такія «прыемныя навіны» на дзяржканале?), у самае сэрца горада цвіком упяндзюрваюць які-небудзь «Кемпінскі»? Нам трэба прыкаваць сябе кайданкамі да дрэва, якое збіраюцца зрубіць, і чакаць АМАПу? Пісаць петыцыі, якімі падатруцца? Ладзіць «грамадскую дыскусію», якая ні на што не паўплывае? Задаваць з дапамогай інтэрнэт-часопісаў пытанні архітэктарам-вандалам, на якія будуць атрыманыя ветліва-беззмястоўныя адказы? Зрэшты, мы не робім нават гэтага. За горад і яго архітэктурны твар змагаюцца толькі нешматлікія актывісты ці аб’яднанні жыльцоў, якія бароняць, перш за ўсё, свае асабістыя інтарэсы…


Горад не належыць нам. Горад, рабяты, належыць чыноўнікам і замежным інвестарам.


І ўсе мы гэта ўсведамляем. І задавальняемся дробнай падачкай – пешаходнай вуліцай па выходных – або практыкуемся ў мастацтве сарказму. «Фашысты хаця б толькі разбуралі горад, а гэтыя ж яшчэ і будуюць!» – піша адзін мой сябар у фэйсбуку. Правільна піша. «Калі мы пераможам, нікога не будзем саджаць за краты, не будзем ладзіць люстрацый. Няхай проста голымі рукамі разбіраюць збудаваны імі “Кемпінскі”», – жартуе сяброўка. Правільна жартуе. Бо ў глабальным сэнсе толькі кардынальныя сацыяльныя змены маглі б вярнуць людзям горад, а грамадскую прастору зрабіць насамрэч грамадскай, а не казённай. Змяніць сітуацыю, у якой дзяржава барыжыць налева і направа зямелькай пад будаўніцтва караван-сараяў, казіно ды іншых, безумоўна, «неабходных» для еўрапейскай сталіцы пажыўных месцаў.

Ці можам мы ўявіць, што менчукі ўпёрліся б рогам за нейкі там сквер, як гэта зрабілі туркі за Таксім?


Ці магчымая ў Менску сітуацыя, калі кучку зялёных актывістаў падтрымлівае амаль усё грамадства, і ўсяму свету робіцца цікава, што такое Таксім, і таму Нобелеўскі лаўрэат Архан Памук зноўку і зноўку тлумачыць у глабальных медыях, чаму Таксім – гэта сэрца Стамбула і месца любові, якое павінна заставацца недатыкальным? Так, Таксім для хваляванняў у Турэччыне – гэта хутчэй нагода, чым чыннік. Але значныя падзеі не адбываюцца без штуршка, удару, раны. А ўдар можа адчуць толькі той, хто любіць.

Без любові ні халеры не атрымаецца! Без любові няма і прадуктыўнай злосці, якая дапамагае змяняць свет. Без любові не будзе не толькі рэвалюцыі, але нават і нармальнага агульнага свята, на якім мы сустрэнемся ўсе разам, не хаваючыся адзін ад аднаго па загончыках, адгароджаных для нас клапатлівымі граданачальнікамі.


За якое месца ў Менску мы маглі б, усе разам, так ірваць жылы, як стамбульцы: студэнты, вулічныя гандляры, уладальнікі дробнага бізнесу, таксісты, працоўныя, прастытуткі, інтэлектуалы і гэтак далей? Дзе той Архан Памук, які растлумачыць, што вытрыбушваць будынак Купалаўскага тэатра ці старыя дамы на Рэвалюцыйнай вуліцы – значыць пляваць у твар не абстрактна гораду, а самім гараджанам?

Калі «ярасць благародная» каляхуе ў вас толькі дзеля запісу ў фэйсбуку, калі не ўмееце ненавідзець – хаця б любіце! Гэта горад вашай любові.


Менавіта ў гэтым скверы вы ў двухгадовым узросце згубілі сваю рыдлёвачку для пясчаных калачыкаў, а ў гэтым цьмяным завулку вы ўпершыню адхапілі люлей ад гопнікаў, а на гэтай лавачцы ў 20-градусны мароз пасля канцэрта N.R.M. пілі халоднае піва, прымярзаючы вуснамі да рыльца бутэлькі. Без горада не будзе і вас, праз тры гады вы ўжо не пазнаеце месца, дзе прызначалі спатканні сваёй каханай.


Калі «замшэлая» рыторыка пра ўсялякія Курапаты ды іншыя «святыя месцы, якія кантралюе Зянон», вам не ўстаўляе, падумайце аб тым, якія святыя асабіста для вас месцы Менска кантралюеце вы самі! Пашырайце прастору сваёй свабоды.


За межы веладарожкі, пешаходнай вуліцы і чырвонага дворыка. Не давайце загнаць вас у гета. Хаця б (як мінімум, з якога можна пачаць) у сімвалічным сэнсе, у прасторы вашай памяці і ўяўлення! Будзьце рэалістамі – патрабуйце немагчымага. Сканчайце гэты дзіцячы садок, не проста спажывайце горад, а любіце яго дзейсна!
Дайце гараджанам раман пра іх горад. 5 штук. За год. Кожны год. Дайце менчукам кінастужак пра Менск. Шмат! Каб на іх фоне пара атмасферных кадраў з вырабаў кшталту «Вышэй за неба» не ўзрушвала аж да аргазму галодных на «культурку» падлеткаў. Дайце менскіх вершаў і песень пра Менск! Такіх, каб, калі гэты горад канчаткова прададуць маскалям, арабам і кітайцам, мы хаця б успомнілі, за што мы так любілі яго.
Лідзія Міхеева, 34mag.net