Каля 40 тысяч зваротаў за 9 гадоў: «Кіберпартызаны» заявілі пра ўзлом базы КДБ

Група пратэсных хакераў, якая дзейнічае за мяжой, паведаміла ў сваім тэлеграм-канале пра ўзлом «базы даносаў» Камітэта дзяржаўнай бяспекі.

photo_2024_04_28_13_49_30.jpg

Гэта адбылося дзякуючы ранейшаму ўзлому сайта КДБ, які не працуе ўжо больш за два месяцы.

Вынікі сваёй аперацыі «Кіберпатызаны» назвалі «зліваам даносаў у КДБ». Яны адзначаюць, што агулам за дзевяць апошніх гадоў у КДБ паступіла каля 40 тысяч зваротаў праз сайт.

«Калі вы раптам не заўважылі, то разам з базай сайту КДБ мы выклалі ў сетку і даносы, якія адпраўлялі чэкістам праз партал з верасня 2014 па жнівень 2023 гадоў. Цяпер скаргі «інфарматараў» КДБ у адкрытым доступе, а таксама прапановы замежных грамадзян пайсьці на супрацоўніцтва. Самыя цікавыя з іх ужо хутка на нашым канале», — напісалі «Кіберпартызаны».

Раней «Кіберпартызаны» заявілі, што яшчэ восеньню 2023 году прабраліся на сайт КДБ і выпампавалі адтуль усю даступную інфармацыю. На гэты момант сайт Камітэту дзяржбяспекі не працуе ўжо больш за 2 месяцы.

У якасьці доказу «Кіберпартызаны» выклалі спіс адмінаў і базу дадзеных сайта.


Глядзіце таксама

Як нагадвае «Свабода», у красавіку «Кіберпартызаны» заявілі, што правялі кібератаку на серверы «Гродна Азоту», патрабуючы вызваліць частку палітвязьняў.

Раней група хакераў узламала сайт дзяржаўнага прапагандысцкага агенцтва БЕЛТА.

«Кіберпартызаны» — беларуская дэцэнтралізаваная супольнасьць ананімных праломнікаў (хакераў), якая з’явілася ў верасні 2020 году.

Яны атрымалі вядомасць дзякуючы шэрагу паспяховых кібератак на рэсурсы беларускіх дзяржаўных установаў і сілавых структураў, публікацыям кампрамату на прадстаўнікоў апошніх, а таксама размяшчэннем у адкрытым доступе службовай і сакрэтнай інфармацыі.

Супольнасць пачала дзейнасць у адказ на дзяржаўныя рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў.

Сваю дзейнасць яны называюць барацьбой з Аляксандрам Лукашэнкам.

«Кіберпартызаны» актыўна дапамагаюць аб’яднанню беларускіх сілавікоў ВуРol у правядзенні расследаванняў.

Таксама «Кіберпартызаны» дапамагаюць палку імя Кастуся Каліноўскага ва Украіне правяраць новых добраахвотнікаў.