«Каб змяніць уладу»: пасля дожджычку ў чацвер беларусы выйшлі на вуліцу


У чацвер, 18 чэрвеня, адбылася акцыя на знак салідарнасці з затрыманымі палітыкамі, што доўжылася 7 гадзінаў — аж да 2 гадзіны ночы наступнага дня. Яе адметнасцю стаў стыхійны рост колькасці ўдзельнікаў і падтрымка кіроўцаў. Шматлікія чэргі аўтамабіляў сігналамі падтрымлівалі пратэстоўцаў, нягледзячы нават на магчымыя штрафы ДАІ.

img_20200619_002951.jpg


«Новы Час» паразмаўляў з удзельнікамі акцыі і даведаўся, якую мэту ставяць беларусы на час выбараў.

Алег, удзельнік акцыі: Матывацыя — змена ўлады

— Чаму вы сюды прыйшлі, якая ваша галоўная матывацыя? — запыталі мы ў хлопца.

Матывацыя адна — змена ўлады. Я не веру ў беззаконне, якое адбываецца ў гэты час. Я ішоў сюды 3 гадзіны: праспект поўнасцю перакрыты, мне не ўдалося даехаць на таксоўцы. Я ішоў пешшу. Я даведаўся пра акцыю —  і адразу ж па поклічу сэрца выправіўся сюды.

img_20200619_005703.jpg


Уладзь Сташкевіч: Я бачу, што з’явіўся шанец

Уладзь Сташкевіч распавёў НЧ,чаму прыйшоў на гэтую акцыю:

Гэта проста грамадскі адказ на тыя падзеі, што адбываюцца цяпер. Мы бачым, як прэвентыўна затрымліваюць рэальных моцных кандыдатаў, «вешаюць» на іх крымінальныя справы, якія цалкам прыдуманыя.

Мы павінны яднацца пад адной мэтай — змяніць сітуацыю. Галоўнае — падтрымліваць адно аднаго.

Я адсочваю і прымаю ўдзел у грамадскіх падзеях ад 2010 года. І цяпер я бачу, што з’явіўся шанец. У дзеючага прэзідэнта няма электаральнай большасці — у яго вельмі маленькая падтрымка.

Нечаканыя ўсплёскі актыўнасці і росту колькасці людзей адбываліся і ў гадзіну ночы, калі акцыя павінна была б скончыцца. Некаторыя маладзёны ўздымалі бел-чырвона-белыя сцягі, праходзілі па праспекце, утваралі невялічкія групкі.


img_20200619_003808.jpg


На плошчы Перамогі, якая была перакрытая для руху аўтамабіляў, таксама сабралася моладзь. Групка з прыкладна 7–9 маладзёнаў сядзіць каля перахода на плошчы Перамогі. НЧ пацікавіўся, чаму яны сюды прыйшлі і якія мэты ставяць перад сабою. Нам адказаў хлопец, які пажадаў застацца ананімным і прасіў не фатаграфаваць яго.

img_20200619_011529.jpg

— Чаму вы прыйшлі на гэтую акцыю?

Мне здаецца, што адказ ясны: я прыйшоў сюды, бо, як казаў вялікі чалавек Віктар Цой, — мы хочам пераменаў. Ужо больш за 20 гадоў мы іх хочам — і мы іх нарэшце атрымаем! Мы хочам, каб было больш свабоды, каб людзі маглі свабодна выказвацца, і змагаемся за свае правы!

Натоўпы людзей не спыняліся і каля дзвюх гадзін ночы, многія праязджалі на роварах, гулялі і пляскалі ў ладкі. Былі заўважаныя некалькі машынаў спецтэхнікі: міліцэйскія аўтамабілі і аўтазакі.

img_20200619_005703.jpg


Бліжэй да двух гадзін ночы людзі пакрысе пачалі разыходзіцца, але многія працягвалі гуляць па начным Мінску.