«Якой дзяржаве Каця здрадзіла?» Уладзімір Някляеў — пра новую справу Кацярыны Андрэевай

Пісьменнік Уладзімір Някляеў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку выказаўся з нагоды новай крымінальнай справы Кацярыны Андрэевай. Журналістку, якая зараз адбывае тэрмін зняволення, вінавацяць у дзяржаўнай здрадзе. Ёй пагражае ад 7 да 15 гадоў калоніі.

277773942_5148493251880582_7254337470996759054_n.jpg

«Кашмару, у якім сёння жыве Беларусь, канца не відаць... — напісаў Уладзімір Някляеў. — Кацярыне Андрэевай, журналістцы, якая ўжо 16 месяцаў у турме, прад'яўленае яшчэ адно абвінавачанне: здрада дзяржаве. А гэта не 2 гады, на якія ні за што яе пасадзілі, а да 15 гадоў турмы!

Я не ведаю, что там прыдумалі следчыя, што прыдумаюць пракуроры з суддзямі, каб пакінуць Кацю за кратамі на палову пражытага ёю жыцця, але ведаю вось што: ніхто з іх мезенчыка Кацярыны не варты. Такая высакароднасць душы, яснасць розуму, талент, такая чалавечая годнасць сустракаюцца рэдка. І ўсё гэта — пад боты канваіраў, на здзек, за краты!

У якой жа дзяржаве мы жывём?.. Якой дзяржаве Каця "здрадзіла"?..»