Як камунікаваць танней. Названы самыя папулярныя ў Еўропе мэсэнджары (інфаграфіка)
Падчас пандэміі інтэрнэт-мэсэнджары дапамагаюць нам выдалена працаваць, вучыцца, сустракацца з сябрамі без неабходнасці выходзіць з дому. У Еўропе з моманту ўвядзення абмежаванняў цікавасць да мэсэнджараў вырасла ў 7 разоў.
Каманда аналітыкаў Picodi.com праверыла, якія праграмы для відэасувязі атрымалі самую вялікую папулярнасць у апошні час.
Яны прааналізавалі колькасць пошукавых запытаў, звязаных з парай дзясяткаў мэсэнджараў ад буйных і нішавых кампаній, такіх як Google, Microsoft, Facebook, Rakuten, Line Corporation.
Бясспрэчным еўрапейскім лідарам стаў WhatsApp — яго выбіраюць часцей за ўсё ажна ў 22 краінах. Гэты дадатак займае першы радок рэйтынгу на тэрыторыі ад Партугаліі і Іспаніі да Германіі. Бум цікавасці да зялёнага мэсэнджара таксама зафіксаваны ў Расіі і Турцыі.
У 14 краінах часцей за ўсё выкарыстоўваюць праграму Zoom. Яна карыстаецца вялікім попытам у асноўным на поўначы Еўропы (Вялікабрытанія, Нарвегія), у некаторых краінах Балтыі (Літва, Эстонія), а таксама ва Украіне і Малдове.
"Ветэранам" сярод відэамэсэнджараў — Skype — пераважна карыстаюцца ў Польшчы, Славакіі, Венгрыі і Грэцыі.
А ў Беларусі найбольш карыстаюцца Viber, як і ў Босніі, Герцагавіне, Чарнагорыі і Сербіі. Microsoft Teams знайшоў водгук у сэрцах карыстальнікаў у Балгарыі, Харватыі, Грузіі і Ліхтэнштэйне. І толькі жыхары Даніі падчас пандэміі аддаюць перавагу Google Meet.