Каронавірус можа пранікаць у галаўны мозг, парушаць працу нервовай сістэмы і выклікаць іншыя ўскладненні
Заражэнне Covid-19 не абмяжоўваецца інфекцыяй дыхальных органаў. Як паказваюць практычныя даследаванні, у значнай колькасці пацыентаў вірус трапляе і ў нервовую сістэму.
Механізм яго ўздзеяння на нервовыя клеткі пакуль не вывучаны, аднак навукоўцы не сумняваюцца ў тым, што нейкая сувязь ёсць: часовая згуба густу або нюху былі прызнаныя спецыфічнымі сімптомамі Covid-19 яшчэ ў сярэдзіне сакавіка.
Акрамя таго, з насаглоткі вірус здольны пранікаць наўпрост у галаўны мозг, а гэта ў сваю чаргу можа справакаваць цэлы шэраг ускладненняў, парушыўшы нармальную працу практычна любога органа.
Спіс магчымых спадарожных захворванняў велізарны: ад праблем са страваваннем і закаркаваннем сасудаў — да сардэчнай недастатковасці і энцэфаліту.
Шматаблічны вірус
Праз чатыры месяцы з пачатку эпідэміі навукоўцам па-ранейшаму вельмі мала вядома аб выклікалючым хваробу вірусе SARS-CoV-2 і яго дзеянні на арганізм чалавека.
Агульная карціна інфекцыі складаецца па макулінках, з сотняў артыкулаў у навуковых часопісах, дзе лекары з усяго свету дзеляцца вопытам лячэння каронавірусных пацыентаў.
У выніку працягвае пашырацца спіс магчымых сімптомаў Covid-19 (іх ужо больш за дзясятак), а разам з ім — і нашы ўяўленні аб тым, якія яшчэ органы здольны паражаць вірус і якімі ўскладненнямі можа абярнуцца хвароба, акрамя пнеўманіі.
Часцей за ўсё медыкі апісваюць парушэнні працы нервовай сістэмы. Адразу два даследавання — у Францыі і ў Кітаі — прыйшлі да высновы, што неўралагічныя сімптомы ў той ці іншай форме адчуваюць больш траціны заражаных.
Аднак у цэлым новая інфекцыя адрозніваецца куды больш рознабаковым і нават індывідуальным падыходам.
У спісе апісаных ускладненняў Covid-19, з якімі медыкам давялося сутыкнуцца на практыцы, ёсць і хваробы страўнікава-кішачнага тракта, і праблемы з сэрцам, і парушэнні згусальнасці крыві.
Але і нервовую сістэму вірус можа паражаць вельмі па-рознаму — гаворка далёка не толькі аб часовай адмове пачуццяў.
У прыватнасці, у якасці пабочных праяваў Covid-19 апісаны некалькі выпадкаў энцэфаліту (запалення мозгу), а таксама сіндрому Гійена-Барэ: імунная сістэма пацыента пачынае атакаваць уласныя нервовыя клеткі, што прыводзіць да мышачнай слабасці, а ў цяжкіх выпадках — да паралічу.
Амерыканскія медыкі устрывожаныя паведамленнямі аб тым, што толькі ў Нью-Ёрку за два тыдні ў каронавірусных пацыентаў было зафіксавана пяць выпадкаў шырокага інсульту — прычым у адносна маладых людзей (да 50 гадоў), без іншых ярка выражаных сімптомаў Covid-19.
Паводле папярэдніх дадзеных, у якасці пабочнага эфекту запалення каронавірус справакаваў у іх стварэнне тромбаў у буйных сасудах — што ў выніку і прывяло да вострага парушэння мазгавога кровазвароту.
Аднак у асноўным неўралагічныя засмучэнні назіраюцца ўсё-такі ў цяжкіх хворых. У такіх выпадках гэтыя сімптомы часам застаюцца нават пасля акрыяння пацыентаў ад Covid-19.
Чаму ўскладненні такія розныя?
Парушыць працу нервовай сістэмы вірус можа як ускосна, шляхам празмернай актывізацыі імуннай сістэмы (так званы цытакінавы шторм), так і напрамую. Гэта высветлілася ў выніку ўскрыцця целаў загінулых ад Covid-19.
Вірусныя часціцы ў ахвяр былі выяўленыя ў тым ліку і ў галаўным мозгу. Ёсць версія, што інфекцыя трапляе туды з дыхальных шляхоў праз нюхальныя рэцэптары ў носе.
Гэта не нейкая ўнікальная здольнасць новага каронавіруса. Аналагічную інфекцыю мозгу могуць выклікаць і некаторыя іншыя вірусы, у тым ліку грыпу і адзёру — што таксама часам прыводзіць да неўралагічных захворванняў, хоць і даволі рэдка.
Праўда, у выпадку з Covid-19 справа ідзе троху складаней. Па-першае, лік заражаных ужо перавысіў 3 млн — а значыць, нават рэдкіх выпадкаў у сукупнасці аказваецца нямала. А па-другое, калі вірус ўсё ж трапіў у мозг, далейшае заражэнне амаль непазбежна: на паверхні мазгавых клетак прысутнічае той самы мембранны рэцэптар ACE2, праз які вірус лёгка пранікае ўнутр, выклікаючы запаленне.
Гэты ж рэцэптар ёсць і ў клетак, высцілаючых унутраную паверхню крывяносных сасудаў — таму ў цяжкіх выпадках вірус прарываецца з дыхальных органаў у агульны крывацёк. У выніку трамбатычныя ўскладненні ўзнікаюць амаль у кожнага трэцяга хворага каронавіруснай пнеўманіяй.
З крывёю вірус можа патрапіць ужо ў любыя органы, у тым ліку і ў мозг. Аднак, паводле апошніх звестак, амаль палова ўсіх інфікаваных пераносяць Covid-19 наогул без усялякіх сімптомаў.
Спрабуючы зразумець, чаму ў адных людзей хвароба працякае цалкам незаўважна, а ў іншых прыводзіць да гэткіх цяжкіх наступстваў, у Брытаніі правялі даследаванні некалькіх тысяч пар ідэнтычных блізнят.
Паводле папярэдніх дадзеных, цяжар інфекцыі, многія яе сімптомы, а магчыма, і сама верагоднасць заражэння даволі моцна залежаць ад генетычных фактараў, гэта значыць спадчыннасці.
Паводле Бі-Бі-Сі