Івонка Сурвіла: «Незалежнасць вартая таго, каб мы яе баранілі ўсе, кожны як можа, шчыльнымі радамі»
Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла звярнулася да суродзічаў з нагоды гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.
Тэкст звароту апублікаваны на фэйсбук-старонцы Рады БНР.
«Ад імя Рады БНР віншую кожнага з вас, у Беларусі і дзе бы вы ні знаходзіліся ў свеце, з нашым светлым нацыянальным святам. Незалежнасць абвясцілі продкі ўсіх нас, перад тым як акупанты пачалі дэнацыяналізаваць наш народ, — піша Сурвіла. — У 2019 годзе мы ўсе перажылі вялікае шчасце, бачачы мора бел-чырвона-белых сцягоў на вуліцах Вільні, падчас пахавання Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў-змагароў. Усім, хто спрычыніўся да гэтага слаўнага дня, хачу сёння яшчэ раз падзякаваць з глыбіні душы».
Прыгадаўшы гэта, Івонка Сурвіла адзначыла, што «на жаль, пасля радасці прыйшлося перажыць вялікую трывогу, калі Пуцін намагаўся захапіць наш край. Дай Божа, каб гэта ўсё толькі было страшным кашмарам, які мы мусілі перажыць, каб усвядоміць сабе вартасць для кожнага з нас незалежнасці нашай дзяржавы».
«Хочацца думаць, што людзі нашыя, а менавіта нашая моладзь, адчула, што незалежнасць вартая таго, каб мы яе баранілі ўсе, кожны як можа, шчыльнымі радамі, — завяршае свой зварот Івонка Сурвіла. — Памятайце, што вас будуць паважаць у свеце і з вамі лічыцца, толькі калі нашая дзяржава зойме пачэснае месца ў сям’і вольных народаў свету».