Хронікі рэпрэсій 5 лістапада: канвеер не спыняецца нават у выходныя

З дапамогай праваабаронцаў і незалежных СМІ сабралі звесткі пра палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі за 5 лістапада.

_cihi_supraciu___horad___bczb__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas___2__logo_1.jpg

У Беларусі — новыя палітвязні. Праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі яшчэ 21 чалавека. Усяго ў Беларусі цяпер 1394 палітвязняў, але гэта толькі паводле падлікаў праваабарончых арганізацый. Насамрэч іх значна болей.

Палітвязнямі прызнаныя Валерый Тумілевіч, Уладзімір Чмураў, Сяргей Ліцкевіч, Алег Фалей, Алег Дутчык, Павел Малітвік, Алег Раманчык, Арцём Міхальцоў, Павел Кульгейка, Дзмітрый Малашанка, Ігар Беланожка, Аляксей Іваноў, Валерый Сівук, Уладзімір Шымчук, Алег Крычкоўскі, Васіль Дземідовіч, Марына Каласкова, Дзяніс Варабей, Іван Верабей, Людміла Самак, Эдгар Шырко.

Сілавікі затрымалі супрацоўніка ліквідаванага фонду «Вяртанне» Сяргея Макарэвіча.

Да Сяргея Макарэвіча ўчора раніцай прыйшлі сілавікі. Дома ў Макарэвіча прайшоў ператрус, а ў другой палове дня яго самога затрымалі. Пра гэта паведаміў у сваім фэйсбуку сябар Макарэвіча Павел Падкарытаў, прадпрымальнік, мецэнат, уладальнік «Маёнтка Падароск» — сядзібы Чачотаў-Бохвіцаў.

27 кастрычніка з ператрусам прыходзілі і ў сам маёнтак. Былі затрыманыя кіраўнік ініцыятывы Юры Меляшкевіч, фінансавы дырэктар Дзмітрый Карабач і бухгалтарка Вольга Балтрукевіч. Апошнюю праз трое сутак адпусцілі, а Меляшкевічу і Карабачу выставілі абвінавачанне ў «нявыплаце падаткаў і страхавых унёскаў з заробкаў работнікаў амаль на 400 000 рублёў». Таксама падчас ператрусу былі вынятыя камп'ютары і дакументацыя арганізацыі.


Юрасю Меляшкевічувыстаўленае абвінавачанне ў нявыплаце падаткаў і страхавых унёскаў з заробкаў працаўнікоў. Яно звязанае з працай палітыка ў якасці дырэктара прадпрыемства «Маёнтак Падароск». Разам з Меляшкевічам па справе праходзіць фінансавы дырэктар маёнтка Зміцер Карабач.

Сума недавыплачанага ў бок дзяржавы ацэньваецца ў 400 тысяч рублёў. «Гэта, вядома, поўная хлусня», — каментуюць навіну калегі затрыманых. 

Андрэя Новікава дэпартавалі ў Расію. Палітвязня, які падчас прадвыбарчай кампаніі 2020 года быў валанцёрам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, утрымлівалі за кратамі 7 месяцаў у межах «справы Ціханоўскага». 26 лістапада 2020 года Новікава дэпартавалі ў Расію, забараніўшы наведваць Беларусь цягам 10 гадоў. Але мужчына ўсё ж такі прыехаў у Беларусь, каб наведаць жонку з дзецьмі. 5 жніўня палітвязня асудзілі да 2 гадоў калоніі. 31 кастрычніка палітвязень скончыў адбываць тэрмін. Праз тое, што ён грамадзянін РФ, яго адразу дэпартавалі ў Расію і перадалі супрацоўнікам ФСБ. Чаму ім зацікавіліся расійскія спецслужбы, невядома. 

48-гадовы прадпрымальнік, трэнер па футболу з Ваўкавыска быў затрыманы 15 жніўня 2020 года і асуджаны суддзёй Мікалаем Талашкам на 2 гады і 6 месяцаў з адбываннем у калоніі агульнага рэжыму па арт. 364 КК («Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»).

ГУБАЗіК разграміў кватэру прэс-сакратаркі палка Каліноўскага Крысціны «Чабор».

Сілавікі раскідалі рэчы, зламалі шафы і канапы, разбілі люстэркі і нават закаткі, што стаялі ў кладоўцы.