Палітвязня Андрэя Новікава пасля вызвалення дэпартавалі ў Расію і перадалі ФСБ

Палітвязня Андрэя Новікава, які падчас прадвыбарчай кампаніі 2020 года быў валанцёрам ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай, утрымлівалі за кратамі 7 месяцаў у межах «справы Ціханоўскага».

4e40b514_3f33_42f9_b2aa_9dc33cf0cfa0_cx0_cy16_cw0_w1023_r1_s__1_.webp

26 лістапада 2020 года Новікава дэпартавалі ў Расію, забараніўшы наведваць Беларусь цягам 10 гадоў. Але мужчына ўсё ж такі прыехаў у Беларусь, каб наведаць жонку з дзецьмі. 5 жніўня палітвязня асудзілі да 2 гадоў калоніі.

У бабруйскай калоніі № 2 на палітвязня ўвесь час аказвалі ціск. У жніўні Андрэя змясцілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Перад гэтым палітвязня ў калоніі чатыры месяцы ўтрымлівалі ў адзіночнай камеры, а ў сакавіку Андрэя закідвалі ў карцар на 39 дзён. Лісты да Андрэя не даходзілі нават заказныя.

Праваабаронцам стала вядома, што 31 кастрычніка палітвязень скончыў адбываць тэрмін. Праз тое, што ён грамадзянін РФ, яго адразу дэпартавалі ў Расію і перадалі супрацоўнікам ФСБ. Чаму ім зацікавіліся расійскія спецслужбы, невядома.