«Гэта бесчалавечна»,— бацька палітвязьня Мікалая Дзядка звярнуўся да ўладаў
Былы суддзя Аляксандар Дзядок — бацька анархіста Мікалая Дзядка, якога другі месяц трымаюць у СІЗА на Валадарскага праз абвінавачанне ў падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадcкі парадак, піша Свабода.
Днямі ў бацькі палітвязьня зьявіліся зьвесткі, што здароўю і жыцьцю ягонага сына ў турме пагражаюць.
Пра гэта расказала дзяўчына Мікалая, спаслаўшыся на крыніцы ў ізалятары.
«Адзін зь вязьняў „Валадаркі“ змог перадаць праз сваю маці, што Мікалая там хочуць забіць, ствараюць умовы, каб ён памёр. Але што гэта азначае — пагроза заразіцца каранавірусам ці нешта іншае, высьветліць мы ня можам», — расказаў Аляксандар Дзядок. Бацькоў Мікалая Дзядка гэтая інфармацыя вельмі занепакоіла, але спраўдзіць яе аказалася немагчыма: ніякіх кантактаў з сынам няма і спробы наладзіць гэтыя кантакты аказаліся марнымі.
«14-я камэра, дзе ён цяпер знаходзіцца, на карантыне праз каранавірус. Нібыта таму адваката на сустрэчу зь ім не дапускаюць. Апошні ліст ад сына быў 29 лістапада — больш ні слова ня можам атрымаць. Нават ня ведаем, ён хворы на „карону“ ці не. Калі тэлефануем у адміністрацыю СІЗА, там кажуць, каб мы зьвярталіся да іх пісьмова, і яны праз два тыдні адкажуць. Але чакаць немагчыма: сэрца разрываецца, калі гавораць аб пагрозе жыцьцю, а ты ня ведаеш, што з сынам. Мушу зьвярнуцца ў мэдыя, каб службовыя асобы даведаліся маю думку: бесчалавечна блякаваць інфармацыю пра людзей, якія апынуліся за кратамі ў такі небясьпечны час, як пандэмія. Гэта супярэчыць закону і нормам маралі», — мяркуе Дзядок-старэйшы.
Аляксандар Дзядок і ягоная жонка самі хварэюць на каранавірус. Яны знаходзяцца дома на самаізаляцыі трэці тыдзень, іх магчымасьці абараніць правы сына абмежаваныя.
Анархіст Мікалай Дзядок быў затрыманы 12 лістапада ў вёсцы Сасновы Асіповіцкага раёну, дзе ён пражываў апошні час. Пры затрыманьні супрацоўнікамі ГУБАЗіКу Дзядок быў моцна пабіты. Паводле праваахоўнікаў, у Мікалая Дзядка знайшлі вялікую суму грошай, «кактэйлі Молатава», улёткі і налепкі. Вядома, што Мікалай Дзядок віны не прызнае.
У першай палове лістапада бацька Мікалая Дзядка падаў у Сьледчы камітэт заяву па факце зьбіцьця сына. Аляксандар Дзядок назваў абыходжаньне з сынам катаваньнем, ён сьцьвярджае, што падчас допытаў Мікалая да яго ўжывалі газ. Ці адрэагаваў Сьледчы камітэт на скаргу пра катаваньне?
«Так. Тыдзень таму СК адказаў, што тое, пра што я пішу ў скарзе пра катаваньні, будзе праверана падчас расьсьледаваньня крымінальнай справы, заведзенай на майго сына», — расказаў Дзядок-старэйшы.
Знаёмая Мікалая Дзядка, якая паведаміла бацькам анархіста пра небясьпеку ягонаму жыцьцю і здароўю на «Валадарцы», ад кантактаў з карэспандэнтам Свабоды адмовілася.