Гарадзенскія габрэі пачалі святкаваць Хануку
Увечары 6 снежня гарадзенскія габрэі прыступілі да святкавання Ханукі. Свята традыцыйна пачынаецца з надыходам цемры.

Ханука - гэта свята свечак, якое штогод усе габрэі адзначаюць на працягу васьмі дзён. Свечы запальваюць у памяць аб цудзе, які адбыўся ў час асвячэння храма пасля перамогі войскаў Іегуды Макавея над войскамі цара Антыёха ў 164 годзе да н.э. Гэтае свята вельмі важнае для габрэяў, бо сімвалізуе, што вера ў Бога вечная, і ёсць рэчы, у прыватнасці духоўныя, якія нельга ў чалавека адабраць. У гэты вечар дзясяткі гарадзенскiх габрэяў наведалі сінагогу.

Роўна ў 17.00 на балконе сінагогі выступіў рабін Іцхак Кофман, які павіншаваў усiх і запаліў першую свечку на адмысловым падсвечніку – Ханукіі.




Пасля ўсе ўвайшлі ў сінагогу, дзе чакаў салодкі стол з традыцыйнымі ханукальнымі пончыкамі і канцэрт Пiнхаса Цынмана – выканаўцы ў стылі хасідскага рэгі.

Пончыкі, якія пякуць у габрэйскіх сем'ях, называюць "суфганiёт".


Асноўная традыцыя Ханукі – цырымонія запальвання свечак. Таксама адбываюцца розныя мерапрыемствы і гульні для дзяцей, самай папулярнай з якіх з'яўляецца "свiвон" або "дрэйдл" – падабенства рускага ваўчка або юлы.

Руслан Кулевіч, "Твой стыль"
.