«Дзве кулі трапілі ў правую руку, дзве ў бок, дзве ў нагу»

9 жніўня ўвечары ў 56-гадовага мантажніка Ігара Троцкага на праспекце Машэрава ў Мінску стрэліў амапавец. У Троцкага трапіла ажно шэсць пластыкавых куляў. Дзве вынялі адразу ў машыне хуткай дапамогі, чатыры змаглі дастаць толькі ў вайсковым шпіталі. Свабода пагаварыла з пацярпелым.

Ігар Троцкі Фота Радыё Свабода

Ігар Троцкі Фота Радыё Свабода

9 жніўня ўвечары Ігар Троцкі выйшаў прагуляцца. Быў адзін, сцягоў не меў, нічога не выгукаў. Палітыкай ніколі не цікавіўся, а вось гісторыю любіць. Захапляецца нумізматыкай.

Асноўныя падзеі тады разгортваліся каля стэлы, Ігар быў на праспекце Машэрава. Амапаўцы стаялі метраў за 150 ад яго.

«Спыніўся бусік, з яго выскачыў амапавец і прыцэльна стрэліў у мяне. Потым мне адмысловец, былы спецназавец, сказаў, што ў мяне стралялі, хутчэй за ўсё, з шротніка. Стрэл быў адзін, а "прыляцела", як пазней высветлілася, ажно 6 куляў.

Людзі стаялі ад мяне далекавата, не маглі адразу падбегчы, каб аказаць дапамогу. Але "хуткія дапамогі" былі побач, мабыць, чакалі, што будуць развівацца сур’ёзныя падзеі.

Дзве кулі трапілі ў правую руку, дзве ў бок, дзве ў нагу — адна з іх разбіла тэлефон. Дзве кулі з мяне вынялі яшчэ ў машыне хуткай дапамогі — я іх бачыў, яны былі памерам з аліўку», — расказаў Ігар Троцкі.

Параненага павезлі ў вайскова-медычны клінічны цэнтар № 432 Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусі. Як пазней апавядалі медыкі, у ноч з 9 на 10 жніўня ў вайсковы шпіталь паступілі чалавек 30 з так званымі «агнястрэламі», на наступны дзень — яшчэ каля 70 параненых.

Уначы Ігару зрабілі першую аперацыю. А 10 жніўня правялі дыягнастычную лапараскапію — вызначалі, ці не засталіся кулі ўнутры арганізму.

«10 жніўня рабілі надрэзы каля пупка, устаўлялі апарат і глядзелі, каб куля не захрасла ва ўнутраных органах. Я тройчы трапляў у рэанімацыю.

14 жніўня мне рабілі другую аперацыю. Неяк складана даставалі гэтыя кулі — разразалі бок у іншым месцы. У мяне былі рваныя раны ад пластыкавых куляў, я быў увесь сіні, нават на памяць фатаздымкаў гэтых жахаў не зрабіў», — узгадвае спадар Троцкі.

Заключны дыягназ, пазначаны ў выпісцы са шпіталю, такі: «спалучанае раненне жывата, правай верхняй і ніжняй канцавінаў, множныя сляпыя раненні жывата, правага пляча, правага сцягна. Множныя іншародныя целы (пластыкавыя шары чорнага колеру)».

10 жніўня з раніцы ў вайсковым шпіталі было шмат супрацоўнікаў Следчага камітэту. Яны ўсіх параненых апытвалі, узгадвае Ігар Троцкі.

«А мяне толькі прывезлі з аперацыйнай, я яшчэ не адышоў ад наркозу. Са мной таксама спрабавалі размаўляць супрацоўнікі органаў. Але я тады не ў стане быў адказваць. Пратакол яны склалі, аднак я яго тады не падпісаў. У мяне з сабой была торбачка, дзе былі акуляры, правы, ключы, дакументы. Я кажу: не магу без акуляраў прачытаць. Вось прынясіце акуляры, прачытаю — падпішу. Медсястра тады выклікала дзяжурнага доктара, ён нешта падпісаў — нібыта з маіх словаў. А ў шпіталі мае рэчы мне так і не аддалі — забраў торбачку ўжо пасля выпіскі са Следчага камітэту», — успамінае Ігар.

Пры выпісцы са шпіталю Ігару Троцкаму далі накіраванне на судова-медычную экспертызу. Ён з'ездзіў, прайшоў яе, выснову паабяцалі даслаць у Следчы камітэт.

«Ніякай справы не заводзілі, гэта было штосьці кшталту апытання. Хаця ў шпіталі я быў з самымі цяжкімі раненнямі, казаў доктар.

Я разумею, што звяртацца, каб быў сур’ёзны разбор — сэнсу няма. Бо яшчэ не завялі ніводнай крымінальнай справы, а знявечаных, параненых людзей былі сотні. Наадварот, зробяць вінаватым мяне», — разважае Ігар.

Дактарам вайсковага шпіталя ён вельмі ўдзячны — працавалі яны вельмі прафесійна. Унутраныя органы ў Ігара не былі закранутыя. Аперацыі зрабілі добра.

«Я праз некалькі дзён ужо ўставаў і дапамагаў астатнім — у суседа Канстанціна не было нават мыліцаў, ён не мог падняцца.

У курылцы мы размаўлялі з хлопцамі. Усе казалі, што стаялі не ў натоўпе, а асобна. І стралялі менавіта ў тых, хто стаяў убаку, адзін. Магчыма, каб не было сведкаў.

Былі параненыя і ў спіну, і ў галаву, і ў рукі, ногі, і гумавымі кулямі, і пластыкавымі, і аскепкамі. Ляжаў хлопец з ушчэнт раздробленай пяткай, на якой нават мяса не было — голая костка тырчала.

Аднаго зусім маладога хлопца гадоў 20 параненага пагрузілі ў аўтазак, ён папрасіў дапамогі. Байцы пытаюцца: "А што ў цябе?" Ён адказвае, што "агнястрэл" у нагу, падняў калашыну, а яны дручком пачалі лупіць па ране, раздрабілі нагу. Яму ў шпіталі рабілі складаную аперацыю, збіралі костку з кавалкаў. Наглядзеўся такіх жахаў», — уздыхае Ігар Троцкі.

17 жніўня яго выпісалі з вайсковага шпіталю, бальнічны працягвалі ў паліклініцы, 27 жніўня знялі швы. Аднак раны яшчэ крывавілі, пачуваўся не вельмі добра.

«Я мантажнік, мне трэба на вышыні працаваць. Кіраўніцтва пайшло насустрач, я яшчэ на два тыдні ўзяў адпачынак за свой кошт, крыху акрыяў. Ужо нібыта выкараскаўся, але цяпер нейкі звон у галаве адчуваю. Я пастаянна жыву ў Белаазёрску, а там ні ў шпіталі, ні ў паліклініцы няма нават неўролага. Амапаўцаў шмат, а неўролага ў горадзе з 10-тысячным насельніцтвам няма! У раённым цэнтры, у Бярозе, ёсць адзін неўролаг, ён быў у адпачынку. А зараз складана, бо я па працы ў Мінску», — кажа Ігар Троцкі. 

039105c4_d889_4120_8499_f1388f75b833_w650_r0_s.jpg