Чым скончыўся «бабін бунт» у камеры?
Юрыст Алена Гнаўк з 4 кастрычніка знаходзіцца ў ІЧУ Ленінскага раёна Берасця. Разам з ёй у камеры пяць жанчын, сядзяць нават сем'ямі. Пра арыштанцкі быт, "бабін бунт" і міліцэйскай свавольніцтва Алена Гнаўк распавяла ў лісце да "Свабоды".
„Добры дзень, мае дарагія сябры!
З 4 кастрычніка я пазбаўленая магчымасці размаўляць з Вамі. Цяпер маё кола размоваў — гэта 6 мілых дзяўчатак, дзе старэйшай (мне) — 63 гады, а малодшай — усяго 22.
Усе мы знаходзімся ў ІЧУ Ленінскага раёну Берасця. Гэта:
Я, Гнаўк Алена Пятроўна (юрыст)
2. Вайнберг Наталля Віктараўна (інжынер-праектавальнік)
3. Лісковіч Алена Васілеўна (галоўны бухгалтар)
4. Лісковіч Вікторыя Васілеўна (бухгалтар)
5. Бахун Алена Пятроўна (ІТ-спэцыяліст)
6. Гаўрусік Аляксандра Паўлаўна (студэнтка)
Усе з вышэйшай (некаторыя з дзвюма) адукацыяй. Сядзім нават сем’ямі, як маці і дачка Лісковіч! Усе мы — актыўна гуляем па нядзелях. Сядзім у камеры 8×4, дзе каля дзвярэй знаходзіцца адкрыты туалет з навіслым нядрэмным вокам відэакамеры.
Камера разлічаная на 8 чалавек, з двума паверхамі ложкаў. Праўда, дабрацца на гэты другі паверх дастаткова праблематычна, бо няма неабходных у гэтым выпадку драбінак. Для Наталлі «другі паверх» закончыўся сур’ёзнай траўмай нагі.
Акно, як правіла, закратаванае з гэтага боку камеры, з форткай, якая не зачыняецца. Акно хацелася б памыць, але гэтаму перашкаджаюць пафарбаваныя ў цёмна-бардовы колер краты, дзе на заднім плане праглядаецца белая пройма вакенца, куды ніколі не трапляе сонца, бо сама камера пад нумарам 10 знаходзіцца ў падвальным памяшканні.
Але нам яшчэ пашанцавала. Гэта адна з найлепшых камераў! Мая дасведчаная цёзка «палонніца» Леначка кажа, што гэты рамонт зрабілі на грошы Еўразвязу.
Ад пачатку я трапіла ў камеру нумар 1, з нарамі, прымацаванымі да сцяны металічнымі рэйкамі і шрубамі. І з туалетам без другой сценкі, проста насупраць дзвярэй, дзе кожны момант можа адчыніцца вакенца дзвярэй і застане цябе ў цікавым становішчы.
Таму цяпер наша камера — гэта амаль пяцізоркавы гатэль. А з туалетам зрабілі нестандартна: проста закрылі прастору замест дзвярэй прасцінкаю, і прымацавалі з двух бакоў у якасці грузу бутэлькі з вадой, каб не звалілася.
Спачатку нам выдалі па адной прасціне, адным ручніку. Камера (вакенца) магла адчыніцца ў кожны момант без усялякага папярэджання. А яшчэ напачатку нашай «адседкі» ў камеры на васьмёх дзве дзяўчынкі «не з нашых» курылі ў камеры. Гэты момант і стаў пачаткам нашага бабінага «бунту»: з абвяшчэннем калектыўнай галадоўкі, з адмовай выходзіць на ранішнюю і вечаровую паверку і папярэджаннем начальніку ІЧУ — пасля нашага выхаду на волю падняць пытанне пра адпаведнасць яго займанай пасадзе.
Прыбег нават сам знакаміты цяпер, напэўна, на ўсю Беларусь начальнік РАУС Ленінскага раёну Самасюк Мікалай Рыгоравіч. І калі даведаўся, хто галоўны бунтаўнік, даў свой прысуд — 15 сутак…
Цяпер я рыхтуюся атрымаць другі «транш» адседкі + 15 сутак да ўжо прызначанага тэрміну, якія што гарачыя піражкі штампуе Самасюк. Трое з нас ужо атрымалі дадатковыя тэрміны + 15 сутак.
Калі мяне вывезлі для атрымання другога тэрміну ў суд Ленінскага раёну, я пабачыла маладога 18-гадовага хлопца Ціхана, якому «шылі» ўжо трэці тэрмін. Але трошкі я адхілілася ад тэмы…
Наш бабін «бунт на караблі» меў свае вынікі:
Ахоўнікі сталі больш ветлівымі, ужо не так лаюцца матам. Перш чым адчыніць дзверы ці вакенца, сталі стукацца. Нам выдалі па другой прасціне і другім ручніку. А яшчэ, напэўна, упершыню за ўсю гісторыю існавання ІЧУ, з'явілася камера, дзе не кураць. Таму перш чым прывесці да нас, у «кандыдатак» на засяленне пытаюцца, ці яны кураць.
«Нашы» мужчыны намі ганарацца і кожны раз, калі мы выходзім на ранішнюю паверку, заўсёды прыслухоўваюцца, а што на гэты раз «выкінуць» дзяўчаткі…
Гуляем мы адзін раз на дзень. Шпацыр адбываецца ва ўнутраным дворыку, што ўяўляе сабой бетонную «яму» з закратаваным верхам. Такіх «ямаў» — тры, і адначасова могуць выгульвацца тры камеры зняволеных.
Каб падтрымаць сваіх мужчын, мы спявалі песні: „Купалінку“, расійскія, беларускія, маю любімую „Калінку“ і «Шумять вэрбы в концi грэблі». У адказ былі чуваць воплескі па той бок «ямы». Часам крычалі: «Жыве Беларусь!». І ў адказ чулі: «Жыве!».
Як часам чалавеку мала трэба для шчасця!
Натуральна, гэта не магло схавацца ад пільнага вока начальніка РАУС Самасюка. Які, каб хоць неяк насаліць, у дадатак да „сутак“ загадаў не даваць нам кіпеню. А гэта асобная вялікая тэма для «гулякаў». Бо гарбату даюць толькі раніцай, недзе каля 100-140 мл. на чалавека. І… усё! Далей — піце водаправодную ваду…
Але, да моманту напісання гэтага допісу з «няволі», мы — не здаемся!
Жыве Беларусь!“