БРЦ: Абхазія перадала зямлю на беразе Чорнага мора кампаніі, звязанай з Віктарам Шейманам
Дадатковыя санкцыі і калапс беларускай эканомікі — так Аляксандр Лукашэнка апісваў наступствы прызнання Менскам Абхазіі. Нягледзячы на гэта ў 2022 годзе ён наведаў самаабвешчаную рэспубліку, а потым прыняў з візітам у адказ яе кіраўніка. Паездку не анансавалі, а дэталі перамоваў не раскрывалі. У гэтым расследаванні БРЦ разабраўся, што магло стаяць за сустрэчай у Піцундзе. Як высветлілася, кошт рызыкі дабрабытам краіны — дзвесце тысячаў квадратных метраў на ўзбярэжжы Чорнага мора. У ланцужку, які вядзе да Лукашэнкі, — яго былыя ахоўнік і загадчык гаспадаркі.
Матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з Аб'яднаннем былых сілавікоў Беларусі BelPol, тэлеканалам «Белсат», пры падтрымцы «Кіберпартызанаў».
У верасні 2022 года Аляксандр Лукашэнка нечакана наведаў Абхазію і сустрэўся з яе лідарам Асланам Бжанія. Беларускі палітык стаў кіраўніком другой, пасля Расеі, міжнародна прызнанай дзяржавы, які наведаў непрызнаную, у тым ліку Беларуссю, рэспубліку з афіцыйным візітам. Раней Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што прызнанне Абхазіі нанесла б Менску занадта вялікую шкоду, а расейскі бок, з ягоных словаў, не быў гатовы кампенсаваць магчымыя наступствы.
Аднак, як высветліў БРЦ, знайшлася прычына, значнасць якой для Лукашэнкі перавысіла магчымыя рызыкі для краіны. Прычына — з прыкметамі карупцыі.
Абяцанні, якія перавышаюць абхазскі бюджэт
Па выніках візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Абхазію бакі абмяняліся заявамі аб намерах развіваць супрацоўніцтва. Аднак падрабязнасцяў гэтых планаў не раскрывалі.
Затое з'явілася важнае для нашага расследавання і разумення прычыны візіту рашэнне Кабінету міністраў Абхазіі. На наступны дзень пасля паездкі Лукашэнкі, 29 верасня 2022 года, прэм'ер непрызнанай рэспублікі ўхваліў прапанову аб перадачы ТАА «Жемчужина 2010» прыбярэжнага зямельнага ўчастку плошчай 20 га. Для параўнання — гэта амаль тры плошчы Незалежнасці ў Менску.
Праз месяц на абхазскім тэлебачанні выйшаў сюжэт, у якім паведамілі аб выдзяленні гэтых 20 га зямлі дзеля рэалізацыі буйнога інвестыцыйнага праекту. Паводле яго, у вёсцы Кындыг Ачамчырскага раёну павінны пабудаваць санаторна-курортны комплекс.
«Планаваны аб'ём інвестыцыяў — 15 млрд рублёў. ТАА "Жемчужина 2010" зарэгістраваная ў Абхазіі і на 90% належыць грамадзяніну Беларусі, на 10% грамадзяніну Абхазіі», — гаварылася ў матэрыяле.
15 млрд расейскіх рублёў (амаль $260 млн паводле курсу на 29 верасня 2022 года) — гэта больш за гадавы бюджэт усёй Абхазіі. У 2022-м ягоная расходная частка склала каля 13,3 млрд расейскіх рублёў. Для параўнання, на будаўніцтва аўтазаводу «БелДжы» ў 2015 годзе Кітай даў Беларусі крэдыт на $100 млн менш.
Экс-ахоўнік Лукашэнкі і таямнічы абхаз
БРЦ даведаўся, каму менавіта належыць «Жемчужина 2010». У выпісцы з Адзінага дзяржаўнага рэестру юрыдычных асобаў Абхазіі пазначаныя два ўладальнікі: беларуская фірма «Тэрмалія» і грамадзянін Абхазіі Квіцынія Дато Раўліевіч.
ТАА «Тэрмалія» зарэгістравалі ў Менску 22 ліпеня 2022 года — за два месяцы да візіту Лукашэнкі ў Абхазію. Яе дырэктарам і адзіным уладальнікам апынуўся Раманоўскі Аляксандр Анатольевіч, былы супрацоўнік Службы бяспекі Аляксандра Лукашэнкі.
У адным з папярэдніх расследаванняў БРЦ высветліў, што Раманоўскі быў саўладальнікам ТАА «Глобалкастам». Гэтая кампанія звязаная з найбліжэйшым паплечнікам і экс-кіраўніком Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі Віктарам Шэйманам.
Атрымаць каментар у Раманоўскага не атрымалася — у кампаніі «Тэрмалія» няма электроннай пошты, на тэлефанаванні ён не адказаў.
Аб другім уладальніку «Жемчужины 2010» — Дато Квіцынія — практычна няма інфармацыі ў адкрытых крыніцах. Адзінае згадванне, якое ўдалося знайсці, — затрыманне за кіраванне ў нецвярозым стане ў 2017 годзе. Ягоная непублічнасць наводзіць на думку, што Квіцынія можа быць намінальным уладальнікам кампаніі, якая хавае інтарэсы іншых асобаў.
Уплывовы мясцовы клан з крымінальнымі сувязямі
Дато Квіцынія пацвердзіў гэтыя падазрэнні. У размове з журналістам БРЦ ён прызнаўся, што не кіруе кампаніяй і быў патрэбны толькі для афармлення дакументаў.
«Я ўвогуле не ў курсе... Паперы, па-мойму, на мяне зробленыя. Я нават не ў курсе, што там робяць, што не робяць», — сказаў ён.
Саўладальнік «Жемчужины 2010» дадаў, што яму заплацілі невялікую суму за фармальны ўдзел: «За дарогу, што я ездзіў, мае паслугі, а так, каб мне заплацілі... асабліва вялікай сумы не далі».
Таксама Квіцынія перадаў журналісту БРЦ кантакт чалавека, на якога ён выпісаў генеральную даверанасць. Ім стаўся Зорык Чконія — былы палявы камандзір часоў грузіна-абхазскага канфлікту, які атрымаў званне «Герой Абхазіі». На момант публікацыі ён займае пасаду старшыні пасёлку Кындыг, дзе размешчаны ўчастак, выдзелены для праекту «Жемчужина 2010». Як «Герой Абхазіі» Зорык Чконія ўваходзіць у нефармальны кансультатыўны орган, з якім абхазскі прэзідэнт праводзіў нарады па важных для краіны рашэннях (у апошні раз — у верасні 2022 года).
Ёсць і іншыя факты, якія паказваюць на ягоныя сувязі з Асланам Бжанія. Абодва яны родам з Ачамчырскага раёну. Бжанія нарадзіўся ў вёсцы Тамыш, якая знаходзіцца ў 5 км ад Кындыгу. Са словаў аднаго з прадстаўнікоў рынку нерухомасці, прэзідэнт Абхазіі прасоўвае развіццё роднага раёну. У 2017 годзе ён балатаваўся ад Кындыгу ў дэпутаты, а Зорык Чконія ўзначальваў на тых выбарах мясцовую выбарчую камісію.
БРЦ спрабаваў звязацца з Зорыкам Чконія, але ён не адказаў на тэлефанаванні і паведамленні ў мэсэнджарах.
Сям'і Чконія належыць ключавы актыў у раёне — тэрмальныя крыніцы, якімі славіцца Кындыг. Заснаваў курортны комплекс з гэтымі крыніцамі Нугзар Чконія, брат Зорыка.
Нугзар з'ехаў з Абхазіі да грузіна-абхазскай вайны 1992-1993 гадоў, аднак рэгулярна прыязджае ў рэгіён. Медыі называюць яго даверанай асобай крымінальнага аўтарытэта па мянушцы «Палтава», які, як сцвярджаецца, да верасня 2017 года кантраляваў «абшчак» у Адэсе.
У Адэсе некаторы час жыў і намінальны саўладальнік «Жемчужины 2010» Дато Квіцынія, які, мяркуючы па сацсетках, з'яўляецца пляменнікам братоў Чконія. Зорык Чконія, згодна з ягоным профілем у «Аднакласніках», скончыў Адэскі політэхнічны ўніверсітэт.
З гэтым горадам звязаны і Віктар Шэйман. Пад Адэсай нарадзіўся ягоны сын, а ў самім горадзе працягваюць жыць сваякі ягонай былой жонкі. На адну з іх, Ганну Хмялеўскую, была зарэгістраваная звязаная з Шэйманам кампанія «Глобалкастам».
«Жемчужина» Шэймана
Менавіта Віктар Шэйман і ягоныя людзі, а не клан Чконія ці сам Аляксандр Раманоўскі, фактычна кіруюць «Жемчужиной 2010». Пра гэта сведчыць перапіска з афіцыйнымі асобамі Абхазіі. БРЦ даведаўся аб гэтым дзякуючы дакументам, якія атрымаў ад Аб'яднання былых сілавікоў Беларусі BelPol.
У адным з лістоў за красавік 2023 года міністр па падатках і зборах Абхазіі называе «кіруючым партнёрам кампаніі ТАА "Жемчужина 2010"» Мікалая Селіванава. За 7 месяцаў да гэтага ён займаў пасаду першага намесніка кіраўніка справамі Лукашэнкі. Ягоным непасрэдным кіраўніком з 2013 па 2021 год быў Віктар Шэйман.
У адным з расследаванняў БРЦ распавядала, што пасля сыходу з дзяржаўнай службы Селіванаў працягнуў працаваць на Шэймана, кіруючы ягонымі прыватнымі бізнес-праектамі.
У іншым дакуменце, таксама ад красавіка 2023-га, міністр замежных справаў Абхазіі звяртаецца да самога Віктара Шэймана, называючы яго «адмысловым прадстаўніком прэзідэнта Рэспублікі Беларусь». У лісце абмяркоўваецца пытанне пазбягання падвойнага падаткаабкладання для рэзідэнта Абхазіі — ТАА «Жемчужина 2010».
Шэйман, які з чэрвеня 2021 года не займае афіцыйных пасадаў, прысутнічаў на сустрэчы Лукашэнкі з Бжанія ў Абхазіі ў верасні 2022 года і падчас візіту ў адказ абхазскага лідара ў Менск у лютым 2023-га.
Будаўніцтва так і не пачалося
Падчас абмеркавання выдзялення ўчастку ў кастрычніку 2022 года дэпутаты парламенту Абхазіі папярэджвалі, што, калі цягам трох гадоў не пачнецца будаўніцтва, зямлю могуць забраць у інвестара. Аднак праз два гады пасля перадачы ўчастку «Жемчужине 2010» узвядзенне курортнага комплексу так і не пачалося. На спадарожнікавых здымках, зробленых у канцы жніўня 2024 года, бачна, што тэрыторыя застаецца неасвоенай.
Пры гэтым праект можа лічыцца пачатым, нават калі дзейнасць на ўчастку будзе намінальнай, растлумачылі БРЦ у кампаніі «Абхазскія праекты»: «Ніхто не будзе патрабаваць, каб за тры гады пабудавалі сур'ёзную гасцініцу... Мусіць быць нейкі рух, напрыклад, зроблена агароджа».
Што збіраюцца рабіць з участкам Шэйман і ягоныя людзі, на момант публікацыі высветліць не ўдалося. На тое, што вяртаць зямлю абхазскім уладам яны не збіраюцца, ускосна сведчыць рэгулярная выплата падатку на зямлю. За 9 месяцаў 2023 года выйшла каля $4 тыс.
Пры гэтым кошт участку можа складаць мільёны долараў. У раёне вёскі Кындыг ён вагаецца ў залежнасці ад блізкасці да мора. Напрыклад, 1 га зямлі ў ста метрах ад вады прадаецца за 31 млн расейскіх рублёў (каля $320 тыс.). Зыходзячы з гэтага кошту, можна меркаваць, што тэрыторыя плошчай 20 га будзе каштаваць прыкладна $6,4 млн. Участак «Жемчужины 2010» знаходзіцца непасрэдна на беразе Чорнага мора, і, хутчэй за ўсё, ягоны кошт яшчэ большы.