Беларусам трэба ствараць свой шоу-бізнес

Каб супрацьстаяць уплыву дзяржпрапаганды і расійскага кантэнту, незалежным медыя і палітыкам трэба быць хітрэйшымі, піша Максім Беразінскі для «Банка ідэй». Тым больш, што ў беларускага спажыўца сёння ёсць запыт.

Дзяржаўныя медыя спрабуюць дагнаць незалежныя, але гэта ў іх кепска атрымліваецца. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Дзяржаўныя медыя спрабуюць дагнаць незалежныя, але гэта ў іх кепска атрымліваецца. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Беларусь цяпер жыве ў вельмі цяжкай сітуацыі. Гэта тычыцца ўсіх сфер, у тым ліку медыйнай. Магчыма, у свеце ўвогуле ніколі не было так, што пераважная колькасць незалежных СМІ павінны працаваць з-за мяжы. Асабліва калі казаць пра сучасныя медыя, якія распаўсюджваюцца праз сеціва. КНДР і іншыя закансерваваныя краіны — нерэлевантныя прыклады. Там увогуле іх няма. У нас яны ёсць, працягваюць працу і збіраюць мільённыя аўдыторыі. Тыя ж «Зеркало» ці «Наша Ніва» нават з улікам блакаванняў збіраюць мільённыя прагляды.

Так здарылася, што маштаб рэпрэсій пасля 2020 года (з Беларусі выціснуты сотні тысяч беларусаў) дапамагае рабіць паўнавартасныя, а не эмігранцкія медыя з-за мяжы. Вялікая частка асноўных спікераў — не ў Беларусі: палітычныя аглядальнікі, лідары думак, культурніцкія дзеячы (адразу скажу, што ў Беларусі засталося шмат таленавітых людзей, але па зразумелых прычынах медыя не могуць выкарыстоўваць іх меркаванні).

Магчыма, гэта адна з памылак рэжыму: выціснулі занадта шмат людзей. Інакш «экстрэмісцкім» медыя было б вельмі складана заставацца цікавымі ў Беларусі.


Глядзіце таксама

Гэта плюс. Мінус палягае ў тым, што цяпер вельмі складна атрымліваць інфармацыю з Беларусі. Зламана тое, што працавала шмат гадоў. Раней медыя маглі зрабіць рэпартаж з вёскі, запісаць апытанку на вуліцы, узяць каментар у гарвыканкаме — цяпер гэта ўсё амаль немагчыма. У тэкставым варыянце яшчэ сёе-тое рабіць можна, але з відэа — татальная блакада. Інфармацыя з Беларусі — гэта выклік для кожнай рэдакцыі.

Што яшчэ з мінусаў:

  • разбураныя рэгіянальныя медыя, якія ў Беларусі былі традыцыйна моцнымі (шмат з якіх з’яўляліся камерцыйна паспяховымі). Напрыклад, «Рэгіянальная газета» ў Маладзечна, «Ганцавіцкі час», «Інтэкс-прэс» з Баранавічаў. Сюды ж дадам, што вялікая колькасць рэгіянальных суполак у сацыяльных сетках таксама былі перакупленыя;
  • вялікае пранікненне расійскіх медыя. З ТБ усё зразумела даўно. Але з улікам блакаванняў цяпер у пашукавіках на верхніх прыступках —  расійскія сайты;
  • рэжым Лукашэнкі намагаецца перахапіць кіраванне тымі медыя, якія засталіся ў краіне, ці стварае новыя. Але ў першым выпадку ўсё вельмі слізка (Азаронак час ад часу згадвае дрэнным словам «Анлайнер», а «Прэсбол» увогуле быў заблакаваны). У другім — якасць кадраў дае пра сябе ведаць. На ўсіх платформах, дзе можна лічыць аўдыторыю, рэжым прайграе ў адну калітку. Яны не могуць зрабіць нічога цікавага, што людзі хацелі б глядзець самі, а не з-пад палкі. Дастаткова паглядзець ахопы допісаў у падобных тэлеграм-каналах і ў таго ж Матолькі. Колькасць падпісантаў параўнальная, але ў першым выпадку ахоп допіса — 7–8 тысяч, у другім — 30–40 тысяч. У YouTube такая ж карціна. Дзяржаўныя каналы растуць па падпісантах, але сярэдняя колькасць праглядаў аднаго відэа на канале АНТ — 2–5 тысяч. Тыя ж навіны «Нашай Нівы» збіраюць 50–60 тысяч арганічных праглядаў. Я ўжо не кажу пра стрымы Азаронка.

Ландшафт так сабе, але ці можна з гэтым працаваць?

Перакананы, што так. Гэта выклік для медыя. Гэта павінен быць адзін з галоўных напрамкаў дзейнасці дэмакратычных сіл. Ты ні на што не можаш уплываць, калі цябе ніхто не слухае.

2020 год стаў магчымым якраз таму, што на нейкі момант удалося прарваць медыяблакаду. Улады недаацанілі Ціханоўскага і моц яго стрымаў. З’явіліся блогеры-расследавальнікі (Спірын), блогеры, якія ўмеюць перадаваць атмасферу (Івулін), рэгіянальныя лідары думак (Пятрухін і Кабанаў з Брэста), народныя палітолагі (Цыгановіч). Стрымы ў ютубе глядзелі па 50–100 тысяч чалавек.

Але тады кожны мог узяць мікрафон і паехаць у любы горад Беларусі. Цяпер сітуацыя іншая. Але што можна рабіць?

Тры прапановы

Дапамагаць новым лідарам думак

Пасля арыштаў у інтэрнэт-прасторы з’явіўся вакуум сапраўдных блогераў, якія не ходзяць на працу, а выказваюцца, таму што не могуць маўчаць. Менавіта такая прастата і прываблівала людзей. Ім не патрэбныя дарагія медыйныя прадукты ў багатых студыях. Ім патрэбны шчырасць і давер.

І такія праекты з новымі тварамі з’яўляюцца, але іх патрэбна больш. У тым ліку, каб канкураваць з расійскамоўнымі каналамі.


Глядзіце таксама

Цяпер не час думаць пра глабалізацыю. Нам трэба стварыць сваю інфапрастору, свой шоу-біз.

Прыемна, што ўсё больш праектаў выходзяць на беларускай мове. Здаецца, цяпер у крэатараў менш страху паставіць беларускамоўны загаловак. Беларуская мова — гэта не значыць, што цябе не паглядзяць. Калі ты зняў цікавы кантэнт, у яго будзе аўдыторыя.

Магчыма, нават для медыя мае сэнс задумацца, каб развіваць не толькі ютуб-праекты брэнда, а і персанальныя ютубы і ціктокі. У гэтым плане добры прыклад — праект «Ток» «Нашай Нівы» з Настай Роўда. Ці Саша Івулін, які зняў моцны фільм пра беларусаў, якія хочуць вярнуцца ў Беларусь.

Шукаць новую аўдыторыю і аднаўляць інфраструктуру

Пасля разгрому рэгіянальных і нішавых медыя вельмі вялікая група аўдыторыі застаецца без альтэрнатыўных крыніц інфармацыі. І дацягнуцца да гэтых аўдыторый звычайнымі метадамі складана.

І медыя, і палітычным сілам трэба быць хітрэйшымі.

Зразумела, што сайты хутчэй будуць абвешчаныя «экстрэмісцкімі», чым збяруць нейкую аўдыторыю. Таму альтэрнатыва — відэа ва ўсіх праявах: ад паўнафарматных — да вертыкальных. Алгарытмы YouTube і TikTok не вымагаюць падпіскі. Яны будуць паказваць відэа чалавеку, нават калі ён проста глядзіць ролікі.

Тэматыка — тое, што цікавіць чалавека, і тое, што ён можа спраўдзіць і пабачыць на свае вочы. Калі мы кажам пра рэгіянальную аўдыторыю, то гэта навіны горада, раёна, вуліцы. На кантрасце з ТБ-прапагандай аўдыторыя адчуе, што ёй расказваюць тое, што адпавядае рэчаіснасці.

Калі кажам пра нішавыя каналы, то з’явілася цікавая плынь гістарычных каналаў: «Вусы Скарыны» Цімоха Акудовіча, «Тутэйшы Шляхціч» Усяслава Пашкевіча, «Слухай сюды» Аляксея Унучака і «Загляне сонца» Мікіты Мелказёрава. І хочацца, каб іх было болей. Разбор ваенных перамог, лекцыі пра цікавых гістарычных асоб і гэтак далей.


Глядзіце таксама

Так ці інакш, вельмі важна хаця б часткова аднавіць тую інфраструктуру, якая была ў Беларусі да 2020 года. Рэжым намагаецца таксама рухацца ў гэты бок, але атрымліваецца дрэнна. У Instagram і Telegram сотні падпісантаў, на сайтах дзясяткі праглядаў. Сюды можна ўбудавацца. Вось, напрыклад, газета «Асіповіцкі край»: тэксты пра партыйныя білеты «Белай Русі» і расстрэлы ў 1941 годзе не сабралі і 100 праглядаў. «Тэлеграм» газеты з Чэрыкава — 352 падпісанты, рагачоўскае «Свабоднае слова» — 195 падпісантаў.

Ствараць больш забаўляльнага кантэнту

Беларускі ютуб вельмі сур’ёзны. Калі і ёсць нешта забаўляльнае, то хутчэй на расійскай мове і накіравана на тамтэйшую аўдыторыю (з кантэкстуальным гумарам пра Расію).

Недахоп забаўляльнага кантэнту не дазваляе дацягнуцца да аўдыторыі, якая глядзіць па ТБ не навіны, а серыялы, музычныя і гумарыстычныя перадачы. Калі паглядзець на статыстыку каналаў, то вельмі мала такіх, дзе жанчыны складаюць хаця б 45–50 адсоткаў аўдыторыі.

Тут усё зразумела: беларускі прадакшн у YouTube пакуль не мае бюджэтаў, якія б дазволілі рэалізоўваць вялікія фарматы. Але цяпер, трэба адзначыць, унікальная сітуацыя, калі беларускія комікі, якія з’ехалі з Расіі праз палітычныя моманты, гатовыя працаваць для Беларусі.

Таксама ёсць патэнцыял у музычных шоу кшталту «Голаса» ці «Х-фактара». Паслухайце, як цудоўна гучыць Сцінг ці «Radiohead» па-беларуску.

Замест высновы

Цяпер усё яшчэ ёсць магчымасці працаваць з беларускай аўдыторыяй, але гэта патрабуе нестандартных рашэнняў. Без іх аднавіць нацыянальную інфармацыйную інфраструктуру і супрацьстаяць расійскім медыя будзе складана. Але калі прарыў інфаблакады адбыўся ў 2020 годзе, то нішто не перашкаджае паўтарыць.