Амрыева вывезлі з Беларусі ў Расію. Адвакаты яго згубілі
Па словах адвакатаў, іх адмыслова заблытваюць вялікай колькасцю машын. Міліцыя спыняе машыны з журналістамі. Абаронцы мяркуюць, што Амрыева хочуць пакінуць без юрыдычнай дапамогі пры выдачы Расіі.
Чэмпіёна свету па ММА Мурада Амрыева, затрыманага раней у беларускім Добрушы, вывезлі з РАУС і павезлі ў невядомым кірунку, піша novayagazeta.ru.
Машыны спрабуюць пераследваць журналісты і адвакаты. Як распавёў «Новай газеце» адвакат Амрыева Пётр Заікін, ад РАУС выехалі дзве калоны па тры машыны, адна з якіх «была падманкай».
«Адна калона рухаецца да мяжы, мы яе абагналі. Другую калону мы не бачым, можа, яна пайшла далёка наперад», — дадаў ён.
Супрацоўнікі міліцыі ня дазволілі Амрыеву напісаць хадайніцтва аб прытулку.
Сайдамахаў бясследна знік у Чачні 7 гадоў таму, тое ж будзе з Амрыевым
Раней «Новай газеце» стала вядома, што ўлады Беларусі вырашылі неадкладна выслаць Мурада Амрыева. Усім ўпаўнаважаным міністэрствам Беларусі дадзена ўказанне тэрмінова падрыхтаваць і неадкладна правесці высылку Мурада Амрыева. Гэта значыць — дакументальна аформіць і перадаць яго на нулявым кіламетры расійска-беларускай мяжы прадстаўнікам Расіі.
Амрыева затрымалі беларускія пагранічнікі ў ноч на 8 чэрвеня. У аўторак, 6 чэрвеня, ён пакінуў будынак бранскай пракуратуры і з'ехаў з горада. Ён і ягоны адвакат асцерагаліся, што спартсмена захопяць сілай чачэнскія сілавікі прама на выхадзе з будынка.