«Пераслед журналістаў за нібыта працу без акрэдытацыі — гэта канвеер»
Канвеер, які добра працуе, — кажа намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі пра чарговы штраф для журналіста-фрылансера.
Алесь Кіркевіч з Гродна атрымаў пратакол за незаконны выраб і распаўсюджванне прадукцыі СМІ.
У прыватнасці, яго вінавацяць у тым, што ён запісаў для тэлеканала “Белсат” каментары гродзенскіх краязнаўцаў, сюжэт выйшаў на “Белсаце” 7 снежня.
Раней Алеся Кіркевіча ўжо прыгаворвалі да буйнога штрафу па аналагічным абвінавачванні. “Тэндэнцыя працягваецца”, — кажа Барыс Гарэцкі:
— Пераслед журналістаў за нібыта працу без акрэдытацыі — гэта канвеер, які запушчаны ўжо даўно, і з кожным годам, з кожным месяцам ён раскручваецца. Гэта зноўку такая спроба ціску там, дзе ўлады не маюць магчымасці кантраляваць. Журналісты супрацоўнічаюць з “Беларускім Радыё Рацыя”, з “Белсатам”. За гэта нельга прыцягнуць да адказнасці, вынесці ім папярэджанне, таму ціснуць на людзей — гэта такая традыцыйная схема ціску.
Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, летась беларускіх журналістаў штрафавалі больш за 100 разоў на буйныя сумы за супрацоўніцтва з тэлеканалам “Белсат” і “Радыё Рацыя”. Агульная сума штрафаў у 2018 годзе склала амаль 102 тысячы рублёў.
Раней Алеся Кіркевіча ўжо прыгаворвалі да буйнога штрафу па аналагічным абвінавачванні. Таксама за супрацу з “Белсатам” быў аштрафаваны гарадзенскі журналіст Аляксандр Дзянісаў.