Алексіевіч падтрымала Ціханоўскую: Калі нас будзе шмат, перамены будуць ісці мірным шляхам
Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч пра цяперашнюю выбарчую кампанію распавяла ў інтэрв'ю «Свабодзе».
— Выбарчая кампанія выйшла на фінішную прамую. Ёсць 5 кандыдатаў. Вакол штабу адной з іх — Святланы Ціханоўскай — аб’ядналіся штабы прэтэндэнтаў, якія не былі зарэгістраваныя — Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы. Што вы думаеце пра гэтую кампанію, каму аддаяце перавагу?
— Калі б у нас былі сумленныя выбары, калі б не было гэтай несумленнай свістапляскі, я, зразумела, галасавала б за Бабарыку. Краіне патрэбны такі менеджар, чалавек з гуманітарным ахопам, з годнымі чалавечымі якасцямі, крыху рамантык, што даволі дзіўна для нашага часу. Я мела магчымасць з ім працаваць, калі ён вырашыў выдаць мой беларускі пяцітомнік.
Ён умее даказваць. Усе казалі — нічога не атрымаецца. А ён адказваў — чаму не атрымаецца? Казалі — не дазволяць. А ён пісаў, дамагаўся. Ён хаця чалавек і немалады, але ён чалавек іншай фармацыі, чым тая рабская, што склалася ў савецкі і постсавецкі час. Такія людзі ўзніклі, як мы зараз бачым і па лістах Пракопʼева. Мы недаацэньваем нашае грамадства. У ім шмат цікавых і нечаканых людзей.
Улада павяла сябе несумленна, і ўсе найбольш цікавыя прэтэндэнты-мужчыны аказаліся ў турме ці не дапушчаныя да выбараў, як Цапкала. І раптам атрымаўся нечаканы варыянт. Жанчыны прынялі на сябе цяжар мужчын.
У нашай беларускай гісторыі, мінуўшчыне, былі жанчыны, пачынаючы з Еўфрасінні Полацкай, якія ў тыя нежаночыя стагоддзі былі годнымі свайго часу.
Гэтак і цяпер атрымалася. Жанчыны ўсвядомілі, што яны могуць і павінны нешта зрабіць, каб потым сказаць сваім дзецям: мы зрабілі ўсё, што маглі.
У гэтай сітуацыі я буду галасаваць за Ціханоўскую, якая абяцае ажыццявіць транзіт улады. Сама яна не рыхтавалася да ўлады і не думала пра гэта. Але ў гэтай сітуацыі яна абяцае зрабіць транзіт улады, і я б галасавала за яе.
І я б хацела, каб дзяўчат як мага больш падтрымлівала нашае грамадства, каб яны не аказаліся самотнымі. Вось яны зрабілі такі выбар, усе імі любуюцца, але я бачу мала падтрымкі ім. Трэба, каб іх падтрымалі простыя людзі, настаўнікі, не толькі беларускія пісьменнікі і апазіцыянеры. Вось гэтага няма. І шкада.
Я б хацела, каб яны ішлі шчыльнай камандай. Іх будуць спрабаваць разбіць, пасварыць. Ні ў якім выпадку гэтага нельга дапусціць, ім трэба ісці разам.
Калі я пісала кнігу «У вайны не жаночы твар» пра тое, як мільён жанчын пайшлі на вайну, я пераканалася, што жанчыны аказаліся наперадзе свайго грамадства. Яны прынеслі ахвяру на алтар Перамогі, і яна пасля вайны не была ацэненая і была забытая дзяржавай і мужчынамі. Я б хацела, каб гэтага не адбылося зноў.
— Святлана Ціханоўская ў сваім тэлевыступе заклікала людзей абараніць свой голас, свой выбар. А як можна гэта зрабіць?
— Я таксама пачула гэтыя яе словы. Я памятаю гэтыя карціны, калі стаялі кіламетравыя чэргі, каб падпісацца за Бабарыку, Цапкалу ці Ціханоўскую, як ішоў паток зваротаў у ЦВК, каб зарэгістравалі Бабарыку і Цапкалу. Ніхто не верыў у справядлівасць, але людзі хацелі прадэманстраваць, што яны чакаюць гэтай справядлівасці.
Лукашэнка думаў, што гэтае маўклівае грамадства можна падманваць, можна расказваць яму казкі, можна запалохваць. Нічога падобнага. Выраслі новыя пакаленні, людзі сярэдніх пакаленняў апрытомнелі, гэта не тыя людзі, якія былі 26 гадоў таму, калі Лукашэнка пачынаў уладарыць.
У гэтых людзей ёсць голас, сваё разуменне рэчаў. Яны ведаюць цану ўсяму таму, што адбываецца. Калі мы ў гэтым пераканаліся, калі мы гэта паказалі, мы павінны гэта паказаць і на выбарах. Трэба прыдумаць, як кантраляваць, каб не было гэтых укідаў, каб не было падману на ўзроўні падліку галасоў. Трэба, каб народны голас, голас народнай улады прарваў гэтую плаціну.
Крыніца ўлады ў краіне — народ, а не прэзідэнт.
Калі нас будзе шмат, калі мы падтрымаем гэтых дзяўчат, то перамены ў нас будуць ісці мірным шляхам. Калі нас будзе няшмат, то ўсё можа быць. А ўсе мы хацелі б мірных пераменаў. І як бы нас ні правакавала ўлада, мы не павінны паддавацца на гэтыя правакацыі.
— Уражанне, што Беларусь прачынаецца, было і ў 2006-м, і ў 2010-м гадах. Цяпер адбываецца нешта падобнае ці нешта новае?
— Я хадзіла па вуліцах, калі стаялі гэтыя чэргі, глядзела рэпартажы з гэтага збору подпісаў. Я чула, як людзі гаварылі. Гэта ўжо не асобныя групы, не асобныя людзі, гэта сапраўды нязгода народу. Гэта людзі, у якіх ёсць годнасць, яна сфармавалася нягледзячы ні на што.
Мы жывём у іншым свеце, мы звязаныя з усім светам. Дэмакратыя цярпіць паразу на многіх кірунках, але час нельга павярнуць назад. Усё роўна ўсё ўсплыве, усё будзе названа сваімі імёнамі, мы пра ўсё даведаемся, як у свой час даведаліся пра тое, што тварыў Сталін.
Час, на шчасце, працуе на праўду.
— Зянон Пазьняк рэзка скрытыкаваў прэтэндэнтаў Бабарыку і Цапкалу, а потым асудзіў і Ціханоўскую, якая пайшла на абʼяднанне свайго штабу з іх штабамі. Пазьняк назваў гэтае абʼяднанне «ідыятычным нонсенсам». Што вы можаце сказаць наконт гэтай крытыкі?
— Пазьняк — прыклад таго, як людзі губляюць сувязь са сваім народам, калі яны далёка. Рэдка каму ўдаецца не згубіць. Можа Быкаў, калі быў за мяжой, усё роўна заставаўся Быкавым. Пазьняк не застаўся тым Пазьняком, якога мы любілі і ў якога мы верылі ў 90-я гады. Гэта чалавек, які закахаўся ў сябе, у прыдуманы беларускі народ, якога ў прыродзе няма. Народ зусім іншы. Ён і вялікі, і жахлівы, і рабскі, і здольны ўзняцца. Чалавек жывы, чалавек цякучы, як казаў Талстой.
Я ведаю па сабе — калі ты жывеш далёка, ты губляеш адчуванне прасторы, з якой ты выйшаў. І ты жывеш тым, што ў цябе ў галаве, а не тым, што ў нас тут на вуліцах адбываецца.
У гэтым стаўленні Пазьняка ёсць фанабэрыстасць, маўляў, што гэтыя жанчыны? Так, наступае час жанчын. Яны зрабілі тое, чаго вы, мужчыны, не зрабілі. У кожнай з іх свае матывы, у адной — каханне да мужа, у іншай — перакананні. Гэта ўжо іншыя жанчыны, не тыя, што былі 25 гадоў таму. Пазьняк проста згубіўся ў часе. Ён ужо проста не жыве ў Беларусі. Ён жыве ў мінулым.
— У лютым у інтэрв’ю “Свабодзе” вы сказалі: «Я не ведаю, хто мог бы супраціўляцца Маскве так, як Лукашэнка». Вы лічыце, што Ціханоўская зможа?
— Як бы я ні ставілася да Лукашэнкі, трэба прызнаць, што паколькі супалі яго інтарэсы і інтарэсы народу ў дадзеным выпадку, ён стаяў на абароне Беларусі. Хаця я думаю, што калі-небудзь мы даведаемся шмат рэчаў пра тое, як пакрысе здавалася Беларусь.
Калі мы гаворым пра Ціханоўскую, трэба казаць пра каманду. Многім здаецца, што яна слабая, што не хапае ёй палітычнай культуры і палітычнага досведу. Да ўлады ідзе каманда. Думаю, што ў Святланы хопіць розуму і цвярозага погляду на жыццё сабраць гэтую каманду, як гэта імкнецца зрабіць Зяленскі ва Украіне. Яны зробяць транзіт улады, новыя выбары. І грамадства абярэ найлепшых.
Грамадства ўсвядоміць сябе, усвядоміць, што мы страцілі шмат часу. І нам трэба даганяць тое, што мы страцілі. І мы здолеем гэта зрабіць, калі ва ўладзе будуць найлепшыя.
— Пісьменнік і публіцыст Севярын Квяткоўскі днямі напісаў блог пад загалоўкам: «Перамены адбудуцца тады, калі „нацыяналісты“ і „бабарыкінцы“ паразумеюцца». Ці сапраўды патрэбнае гэтае паразуменне? І якой можа быць яго формула?
— А «бабарыкінцы» — гэта хто?
— Магчыма, вы. Магчыма, іншыя людзі — прыхільнікі Бабарыкі. Магчыма, тыя, што ў мінулую нядзелю прыйшлі на мітынг Ціханоўскай.
— Я яшчэ 30 гадоў таму спрачалася з тым жа Пазьняком. Ён казаў — мова, мова, мова. Я казала — так, мова, але спачатку дэмакратыя, потым мова. Без дэмакратыі не будзе нашай мовы. Будзе толькі суцэльны енк па мове. Людзі сённяшняга часу ўжо інакш глядзяць на ўсё. Бабарыка — ён і менеджар, і шчыры беларус, усё ў ім. Я мяркую, што нам час ісці насустрач адны адным. Мы ўсе хочам, каб Беларусь не знікла з мапы свету, не стала губерняй, каб гэта была маленькая, квітнеючая краіна.
— Як вы ацэньваеце іншых альтэрнатыўных кандыдатаў — Андрэя Дзмітрыева, Ганну Канапацкую і Сяргея Чэрачня?
— Я не хацела б пераходзіць на асобы і паўтараць тое, чым поўны наш друк. Я лічу, што ў нас у нас былі толькі тры сурʼёзныя кандыдаты. Цяпер засталася адна. Жанчына кінулася на гэтую амбразуру. Сур’ёзна можна было гаварыць толькі пра трох.
— З нагоды цяперашняй прэзідэнцкай кампаніі — што б вы хацелі сказаць дзейнаму кіраўніку Аляксандру Лукашэнку?
— Я б хацела яму сказаць, што ўлада належыць народу. І ніхто не павінен пра гэта забываць. Раней ці пазней народ забярэ ўладу. Нават калі ён спіць летаргічным сном, але ён прачнецца. У краіне павінны быць сумленныя выбары. Яны ўжо адбываюцца несумленна. Павінны быць сумленныя выбары, каб не было крыві. І тут яго адказнасць перад гісторыяй. Ніхто не хоча крыві. Я спадзяюся, што ён таксама не хоча.