У Беларусі пачаўся дэфіцыт бульбы
Беларусь не можа забяспечыць свае прадпрыемствы ўласнай бульбай для вытворчасці бульбы фры. Дэфіцыт закрыюць з дапамогай Наўгародскай вобласці Расіі.
Андрэй Нікіцін, губернатар Наўгародскай вобласці, на мінулым тыдні наведваў Мінск разам з дэлегацыяй, яны сустракаліся з чыноўнікамі рознага ўзроўню і абмяркоўвалі супрацоўніцтва. Адным з вынікаў стане пастаўка бульбы ў Беларусь.
Чыноўнік адзначыў, што наўгародскія селекцыянеры бульбы здаўна супрацоўнічаюць з беларускімі навукоўцамі, вядзецца абмен гатункамі. Але цяпер супрацоўніцтва выйдзе на новы ўзровень.
«Аказалася, што ёсць дэфіцыт бульбы фры. І гэты дэфіцыт вырашыць беларускі Талачынскі кансервавы завод, які пабудаваны зусім нядаўна. Калегі ў захапленні былі ад наведвання, суперсучасны завод. І бульбы стала не хапаць. Таму мы будзем пастаўляць туды сваю бульбу таксама, каб забяспечваць Беларусь і Расію і тых людзей, якія любяць гэтае хуткае харчаванне, смачнай бульбай фры», — паведаміў Андрэй Нікіцін.
Нагадаем, вытворчасць бульбы фры ў Талачыне пачалі каля двух гадоў таму. Амаль уся прадукцыя сыходзіць на расійскі рынак, распавядалі на прадпрыемстве восенню. Паведамлялася, што завод забяспечваецца беларускай бульбай.
Тым не менш рэстараны «Макдональдс» для прыгатавання бульбы фры не выкарыстоўвалі беларускія гатункі гэтай гародніны, бо лічылі, што ў беларускай бульбе шмат крухмалу.
Дарэчы, да пачатку расійскага ўварвання ва Украіну Беларусь закупляла бульбу і ў нашай паўночнай суседкі.