Львоўскі: «Знешне ўсё выглядае нядрэнна, але ў любы момант можа ірвануць»

Эканаміст — пра рост даўгоў беларускіх флагманаў.

Леў Львоўскі. Фота: «Беларусы і рынак»

Леў Львоўскі. Фота: «Беларусы і рынак»


Сумарныя даўгі буйных і сярэдніх айчынных прадпрыемстваў перавысілі 160 мільярдаў беларускіх рублёў. Гэта даныя на 1 лістапада і яны, адзначае рэсурс banki24.by, самыя свежыя з агучаных Міністэрствам эканомікі.
Пры гэтым, паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, ВУП Беларусі за студзень-лістапад 2021 года склаў 158,3 мільярда беларускіх рублёў (а за ўвесь год планаваўся на ўзроўні 158,5 мільярдаў). Пазыкі флагманаў — сума крэдытаў і пазык, а таксама крэдыторскай запазычанасці — ужо перавысілі гэтыя лічбы. Чым гэта пагражае эканоміцы краіны?
— Магчымыя перыядычныя усплёскі сур'ёзных праблем, як гэта было на БМЗ, — растлумачыў у экспрэс-каментары «Салідарнасці» старшы навуковы супрацоўнік «BEROC» (Кіеў) Леў Львоўскі. — Калі з дзярждоўгам усё прадказальна (мы хаця б ведаем дакладна, калі і што нам трэба выплачваць, і можам загадзя прасіць у Расіі нейкія крэдыты рэфінансавання), то тут статыстыка па дрэнных, пратэрмінаваных пазыках часта хаваецца ці маскіруецца. А потым вылазяць непрыемныя сюрпрызы і палове ўрада трэба бегчы і ў ручным рэжыме вырашаць гэтую праблему.
Даўгі прадпрыемстваў з усіх пунктаў гледжання адрозніваюцца ад даўгоў урада. Прадпрыемствы атрымліваюць ад сваёй дзейнасці даход, ён можа павялічыцца, і тады іх даўгі не будуць праблемнымі. Але з іншага боку, тое, што робіць іх горш — часцей за ўсё гэта ўнутраныя даўгі, перад банкаўскай сістэмай краіны, і пратэрміноўка або наогул дэфолт па іх могуць мець наступствы для ўсёй фінансавай сістэмы.
Не ўсе даўгі дрэнныя, нагадвае эканаміст, частку з іх прадпрыемствы своечасова пагашаюць. Але схема, ужытая для выратавання БМЗ і пазней маштабаваная на ўсю краіну, — «вельмі трывожны званок».
— Тады прыйшлося задзейнічаць адразу некалькі даволі дрэнных механізмаў, найгоршы з якіх — калі камерцыйныя банкі прымушаюць запісваць на свой актыў «смеццевыя акцыі» прадпрыемстваў. Намінальна гэтыя акцыі прадпрыемстваў, якія не могуць расплаціцца з абавязкамі, каштуюць шмат грошай, і банкі прымушаюць набываць іх як плацёж па крэдыце або замест крэдыту.
Знешне выглядае ўсё добра, але на самой справе ў любы момант што-небудзь можа «рвануць», і замест каштоўных папер банкі фактычна будуць мець страчаныя грошы.